Але было ў гэтым такое падабенства сіняга небыцця да сапраўднага, чорнага і бясконцага, што неўр сумеўся. Сапраўднае небыццё адбірае памяць, разрывае сувязі з родам, робіць чалавека слабым, як адсталая ад чарады птушка, і нязначным, як маленькая пясчынка. Толькі пасля гэтага чорнае небыццё можа паглынуць смяротнага. Тады, на Калінавым мосце, ён, Свеціч, аддаліў сваё небыццё. Сіні дзень не быў сапраўдным небыццём, але Свеціч толькі цяпер зразумеў, што з самага пачатку рабіла магія гэтай прасторы: спакваля насылала на чалавека сон. Не аднастайным, не сумна шэрым здаваўся смяротнаму вакольны свет. Ён нават быў прыгожы, свет сіняга дня. Ён быў поўны трывожных, жывых пачуццяў іншых чарадзеяў, якія калісьці тут былі. Тут была спадчына іх дасягненняў і памылак. Тут быў шлях, багаты на чарадзейныя сляды. Ён прапаноўваў адкрыць вялікія таямніцы і зрабіць вялікі дарунак свету. Большы за той, што меўся зрабіць чарадзей. Шлях прапаноўваў мудрасць і веды, якія можна прынесці сваёй зямлі, калі ты толькі... толькі пойдзеш па гэтым шляху. Ён не быў страшным шляхам у нябыт, ён загадваў верыць у свае ўласныя сілы. Ён ставіў перад чарадзеем мэту, ад якой нельга было адмовіцца. Таму што кожны носьбіт чараў імкнецца здабыць вялікую мудрасць і зрабіць найгоднейшы дарунак свайму свету. Зямлі, што яго стварыла, даўшы вялікую здольнасць ствараць самому.
Бачыць вялікую мэту чарадзей, і засынае ў яго свядомасці самая моцная, самая выратавальная магія, магія сілы яго роду. Немагчыма такія чары знішчыць, немагчыма абысці. Але тут той, каго дакранулася сіняе небыццё, сам адмаўляецца ад іх. Далей быў толькі адзін крок. У сапраўднае небыццё. І ён, Свеціч, ледзь не зрабіў яго. Але тыя неўры, чые пачуцці ён спазнаў, зрабілі. Яны пайшлі па гэтым шляху, сталі звычайнымі людскімі чарадзеямі і ўзышлі на Калінавы мост.
Збераглі неўра Свеціча ўспаміны. Яны сталі яркімі, моцнымі і трывалымі. Нібы побач быў яго брат, які адчуваў тое ж, што і Свеціч. Яны абодва ўглядаліся ў люстраную плынь, і Свеціч ведаў, што думае яго брат, а той ведаў, што думае Свеціч. Свеціч нібыта плыў па рацэ пачуццяў, якія належалі таму, хто быў з ім адзіны крывёй. Абуджалася, бруілася выратавальная магія, якая адвеку была самай моцнай для неўраў. Голас гучаў, здаецца, у нетрах свядомасці, запаланяў усе думкі і пачуцці ўспамінамі. І здавалася неўру, што ён дзесьці чуў такі знаёмы голас.
— Я забіў многіх, мой брат. Многіх братоў адправіў дачасна за Калінавы мост. Яны былі не вінаватыя. Ты правільна здагадаўся, брат. Годныя, яны хацелі адно толькі мудрасці і ведаў, якія б даравалі гэтаму свету. Я ведаю гэта, як ніхто. Гэты шлях я прайшоў самым першым. Многія пайшлі па гэтым шляху пасля мяне. Я радаваўся, што ўжо даўно ніхто да мяне не прыходзіў. Ты прыйшоў, мой брат... я зайздрошчу табе, нават калі ты застаўся апошнім, калі страціў усіх і перажыў змрок небыцця... Цяпер багі мне даруюць літасць няпамяці. Забудзь пра сіні свет. Успамінай яго толькі як сон. Але памятай, што сапраўдную спадчыну глыбокай мудрасці, якую адкрывае ўласная годнасць, майстэрства, смеласць, неўр можа здабыць адно са сваім родам.
***
«Сапраўдную спадчыну глыбокай мудрасці, якую адкрывае ўласная годнасць, майстэрства, смеласць, неўр можа здабыць адно са сваім родам», — прамовіў неўр Свеціч, абудзіўшыся ад сну. Ён быў яркім і кароткім, гэты сон пра сіні свет. Неўр не адпачыў пасля яго. У свядомасці мроіліся ўбачаныя вобразы, а ўласная магія адгукалася балючым, шчымлівым плачам. Нібыта ў сапраўднасці неўр змагаўся за тое, каб зноў не трапіць на Калінавы мост. І адкуль гэта такі знаёмы голас, што кажа пра сілу роду, якая здабываецца адно цеснай крэўнай повяззю родзічаў? Адкуль спакойны і мудры яго ўладар, што змог існаваць у рукатворным небыцці, ведаў пра таямніцу неўраў? Сам быў неўрам? Толькі так. Ягоны народ умеў хаваць і зберагаць свае таямніцы. Значыць, ён, Свеціч, не адзіны і не апошні. На гэтай зямлі і пад гэтым небам ёсць яго брат. Ну і што, што знаходзіцца той у рукатворным небыцці. Ён жа сам вярнуўся з небыцця. Не з сіняга свету, з сапраўднага. Мабыць, вернецца і той з шэрані смутку. Галоўнае, што цяпер ён не адзін.