Выбрать главу

Але які сапраўдны сон. Сон пра сіні свет. Неўр раней ніколі б не паверыў, што можа быць хоць бы і бессмяротнымі створана такое небыццё. Свеціч засяродзіўся, намагаючыся ўспомніць усё да драбніц. Так, пераходзячы мяжу, ён паклікаў свае чары. Але вось далей, далей... Квяцістыя, прыгожыя краявіды. Сіні золак чарадзейнага сонца. Сіні, трапяткі дзень. Ён нібыта глядзіць на свет вачыма людскога чарадзея, адчувае яго думкі, перажывае яго пачуцці. Такі зманлівы сіні дзень, столькі ён хавае таямніц вялікай магіі. Раскрый іх, даруй свету, і свет стане лепшым. І не ведае чарадзей, што вядома неўру Свецічу, сыну вялікага народа чараўнікоў. Свет робіць лепшым не раскрытая таямніца. Свет робіць лепшым не створаная магія. Свет робіць лепшым нават не сам дарунак гэтаму свету любога чарадзея. Свет робіць лепшым сам чарадзей, які сваёй воляй аддаў часцінку сваёй душы гэтаму свету.

Аддаў, стварыўшы чары, раскрыўшы таямніцу, ды ці мала яшчэ як. Але ўвасобіў сваю радасць і дабрыню, свае надзеі і імкненні, свае лепшыя жаданні ў гэтым свеце. Людскі чарадзей, зрабіўшы такі дарунак гэтаму свету, цяпер будзе не слабейшым за неўра-чараўніка. Таму што вялікую радасць і дабрыню пасылае ён у гэты свет. А гэтыя пачуцці ствараюць магію. Складаную, непрадказальную, немагчыма цяжкую для самога чарадзея, але магію. Вялікую магію. Тым мацнейшую і вялікшую, чым большай і лепшай была адданая часцінка душы яе стваральніка. Спрадвеку кожны неўр бярог сваю душу, таму што трэба было пакінуць спадчыну. Стаць адным з годных, адным з трынаццаці. Ведаў: аддай занадта многа, і ты сам знікнеш, станеш тым, дзеля чаго аддаў. Зямлёй, паветрам, вадой, агнём. Возерам, дрэвам, валуном. Нават не людскім чарадзеем, звычайным смяротным. А людскі чарадзей дараваў сябе цалкам, таму што яго ніхто і ніколі не чакаў. Ну і каго цяпер назваць народам чарадзеяў...

Нестрывальны боль апякае твар. У чорным небыцці знікае амаль адданы дарунак. Дарунак, які так і не атрымала яго зямля. Не слухаюцца ўласныя чары. Дранцвее свядомасць. Захлынае небыццё. Не сіняе, але сапраўднае. Што гэта? Людскі чарадзей забіты. Кім і навошта? Як так магло атрымацца?.. Не веру, не можа быць. Дзеля зямлі і неба, навошта, мой брат?! Якім багам ты прынёс такую ахвяру? Неўр цягнецца да сваіх успамінаў, спрабуючы магічна абудзіць памяць. Квяцістыя, прыгожыя малюнкі. Яны і толькі яны. Маўчыць, стаміўшыся як ад вялікага цяжару, уласная магія. Адкуль жа, адкуль такі знаёмы голас...

Парослая густой травой сцежка хавала ў сабе нязгасныя сляды людскіх чараў. Неўр ляжаў на сцежцы і глядзеў на захад сонца. Ён не мог паверыць, што хтосьці тут ішоў у апошні раз. Знікла з абшараў зямных рукатворнае небыццё. І была навокал толькі зямля, якой не ставала святла. Барвяна-іскрыстае, знікала сонца, плылі лёгкія празрыста-ружовыя аблокі, ападалі і ўздымаліся пад уздыхамі ветру травы. І лавіў чуйны слых чарадзея ў гэтых лёгкіх павевах такую мілую і знаёмую лясную песню. Неўр заўсёды застаецца неўрам. Ён заўсёды будзе чуць лес.

Люба і хораша было навокал. Не бачна і не чутна было нічога, што б прадказвала бяду. Але неўр ведаў, што час святла няўмольна мінаўся. І як ніводзін з неўрыдскага народа, неўр з роду Свецічаў адчуваў гэта. Святла навокал было яшчэ многа, але яно памірала. Як людскі чарадзей, што не паспеў прынесці дарунак гэтаму свету, няўмольна і жахліва...

Неўр думаў. У нязведанай, асмужанай далечы хаваўся ягоны шлях. Шлях жыцця. Шлях магіі. А гэта значыла, што будучыня па-ранейшаму залежыць толькі ад яго. Яго воля і жаданне пакуль што могуць перамагчы ўсё. Але... Але была загадка Дзіва пра яго настаўніка, Першага Неўра, якую ён, Свеціч, мусіць адгадаць. Але была надзея Каліны, надзея на тое, што ён, Свеціч, знойдзе Вялікую Кветку. Людская чараўніца была ўпэўнена ў сваім вяшчунстве: з Вялікай Кветкай неўр зможа вярнуць святло. Немагчыма не выканаць яе апошнюю волю. Неўр у сінім небыцці, мой брат. Тваім апошнім уздыхам быў напамін пра самую надзейную нашу неўрыдскую магію. Дзеля чаго... Толькі дзеля вялікіх учынкаў на мяжы жыцця і смерці. Бо дзе ж яшчэ можа спатрэбіцца дапамога радовічаў... Яны былі са мною ў апошняй бітве. Насуперак усім магічным скрыжалям яны былі са мною, з апошнім сваім нашчадкам, у небыцці. Таму што як іначай я змог бы вярнуцца? Яны будуць са мною яшчэ раз.

Не трэба ніякіх пачуццяў, толькі халодная развага. Настаўнік, мне не пад сілу самому разгадаць загадку пра цябе. І толькі твой дарунак гэтаму свету — той, што назвала Каліна Вялікай Кветкай, — дапаможа мне. Каліна, я не ведаю, ці спраўдзіцца тваё вяшчунства. Я хачу, каб не спраўдзілася. Я хачу, каб не пакутліва адраджалася, а засталося на зямлі дараванае цэлым народам святло. Маім народам, чарадзеямі-неўрамі. На радасць і шчасце. Яго немагчыма адрадзіць аднаму, як і немагчыма абудзіць аднаму магію Вялікай Кветкі. Мой брат з сіняга небыцця, ты не проста нагадваў пра тое, пра што ніколі не забудзецца ніводзін з неўраў. І цяпер я ведаю, што спадзявацца мне толькі на сілу майго Абярэга...