Ля лаўкі стаяў незнаёмы, нават дзівакаваты чалавек у саламяным капелюшы, вышыванай кашулі, падперазанай вітым поясам з кутасамі, у штанах, закасаных да каленяў, і кедах на босую нагу.
— Гэта вы сказалі позна? — спытаў Лазар Богша.
— Не, гэта сказалі вы, — запярэчыў чалавек. — Але дазвольце заўважыць, што самі па сабе тэрміны "позна" і "рана" не з’яўляюцца супрацьлегласцямі, як гэта нам часам здаецца. Яны нашмат бліжэй і вельмі проста пераходзяць з адной катэгорыі ў другую... Дазвольце адрэкамендавацца: Рафаіл Міхайлавіч Доля, мясцовы краявед і гісторык, загадчык філіяла краязнаўчага музея. А вас я добра ведаю: Лазар Васільевіч Богша...
— Вельмі прыемна, — буркнуў Лазар Богша, адчуваючы прыкрасць.
Доля апусціўся на лаўку, на самы краёчак.
— Пасмею прасіць вас, Лазар Васільевіч, — нясмела загаварыў ён, — удзяліць мне вашага дарагога часу на прадмет шчырай з вамі гаворкі...
У Рафаіла Долі чулася тая манернасць, якую Лазар Богша не раз заўважаў у мове правінцыйных літаратараў і наогул людзей, якія чамусьці думалі, што без іх ніяк не можа абысціся мастацтва, а таму насцярожыўся. Няйначай, гэты Доля хоча прачытаць яму сцэнарый або расказачь пра нейкую задуму для фільма. А можа і горай: пачне скардзіцца на свой нешчаслівы лес.
— Далібог, я вельмі заняты, — сказаў Лазар Богша.
— Не хочаце апусціцца з вышыні сваёй славы да простата чалавека? — пакрыўдзіўся Доля.
— Мне трэба вяртацца ў гасцініцу, — збянтэжыўся Богша. — Прыходзьце заўтра.
— Тады, калі можна, я праводжу вас, — папрасіў Доля.
"Ад яго не адчэпішся, — падумаў Богша. — Хай ідзё. Да гасцініцы хвілін пятнадцаць хады — выцерплю".
Адсюль, са старога парку, яшчэ закладзенага пры Екацярыне, можна было ісці ў горад па шашы — былому шляху, некалі абсаджанаму бярозамі, а можа, і па завулках, што складалі старажытны цэнтр горада.
3 усходу да гэтай старой часткі горада падыходзіла рака, шырокая тут, з пясчанымі пляжамі і далёкім за ёй лесам. Ад новага горада, дзе стаяла гарадская гасцініца, стары цэнтр аддзяляла рачулка Сноўдзіца, якая цякла ў глыбокім рове. Праз Сноўдзіцу вісеў пешаходны мост на стальных тросах.
Карацейшая дарога ў горад ляжала па шашы. Але Богша чамусьці пайшоў праз стары горад.
Яны ішлі моўчкі. Лазар нават пахваліў Долю за ягоную тактоўнасць: зразумеў чалавек, што не да яго. Ды, відаць, пахваліў не ў час.
— Лазар Васільевіч, — звярнуўся да яго Доля, — не праходзьце міма, калі вы ўжо, лічыце, на парозе нашага музея. Паверце, што не пашкадуеце. У музеі ёсць унікальныя экспанаты...
Лазар Богша спачатку рашуча запратэставаў — яму зараз не да экспанатаў, — але нечакана перамяніў рашэнне, падумаўшы, што і сапраўды не шкодзіла б зайсці ў музей.
— У мяне знойдзецца хвілін пятнаццаць, — на ўсякі выпадак папярэдзіў ён Долю.
Той вельмі ўзрадаваўся, і яны павярнулі да царквы, якая і была музеем.
Там, дзе стаяла царква, дзве ракі ўтваралі даволі ладны тупаносы мыс з кручамі, парослымі дрэвамі. На гэтым мысе ў даўнія часы пачатку пісанай славянскай гісторыі паставілі каменную царкву, якая прастаяла год трыста. Калі край гэты падпаў пад уладу Рэчы Паспалітай, а каталіцызм рабіў усё, каб вынішчаць праваслаўе, царква была перабудавана ў касцёл, яшчэ год праз трыста, калі праваслаўе перайшло ў наступление, касцёлу спрабавалі надаць першапачатковы выгляд, ды так і не змаглі. У восемсот дванаццатым годзе адзін з атрадаў напалеонаўскай арміі спаліў яе разам са старым горадам. Царкву адбудавалі гадоў праз дзесяць. На аднаўленне горада спатрэбілася амаль сто год.
Пазней, ужо ў нашы часы вялікай рэканструкцыі, царкву закрылі, але так і не знайшлі ёй прымянення. Такой — запусцелай і недагледжанай — яна перажыла нямецкую акупацыю. і цяжкія баі пад сценамі горада ў сорак чацвёртым. Затое астатнія каменныя будынкі старога горада выгарэлі дарэшты.
Пасля вызвалення, каб было дзе жыць, кожны гараджанін, па свайму ўменню і здольнасцях, аднавіў будынкі, панарабіў прыбудоў і надбудовак, хлеўчукоў і дрывяннікаў. Усё гэта выглядала не сказаць каб дужа завершана, але даволі самабытна і непаўторна. Да царквы таксама прыбудавалі з паўтузіну прыбудоў, нават дзвухпавярховых, якія злучала галерэя на тоўстых слупах.
— Заходзьце, калі ласка, — перапыніў Богшава любаванне архітэктурай Рафаіл Доля. — Ды асцярожненька, Лазар Васільевіч, бо за парогам вышчэрбіна, а засыпаць яе ўсё не стае часу...
Вышчэрбіна, бадай, нагадвала добрую выбоіну.
— Даўно яна тут? — спытаў Богша.
— Гэта ж снарад выкапаў, — адказаў Доля. — Якраз у прытвор папаў. Дзе мы стаім, гэта і ёсць прытвор.