Сапраўды, перад імі відаць была фортка ў драўляных дзвярах, якая вяла ў падкупальную частку царквы.
— А вышчэрбіну вы не засыпайце, — параіў Богша. — Яна будзе нагадваць людзям пра вайну, фашызм.
— Во, дзякуй, — адказаў Доля. — Праўда ваша...
Доля адкрыў фортку, і яны ўвайшлі ў царкву. Богша чакаў, што вачам адкрыецца прастора падкупальнай часткі, аж у цьмяным святле ліхтароў аказаўся калідор, абапал якога размяшчаліся катушкі з музейным скарбам, якія нагадвалі адсекі ў мэблевых магазінах-салонах.
У пакойчыках на паліцах і тумбачках стаялі нейкія рэчы, на сценах віселі схемы, дыяграмы, малюнкі, — усё, як у такіх жа філіялах. Лазар Богша адным позіркам ахопліваў такі пакойчык і, не дачакаўшыся, пакуль Доля. растлумачыць, што тут выстаўлена, ішоў далей.
Толькі ля апошняга пакойчыка ён затрымаўся. Яго ўвагу прыкаваў іканастас з арнаментальнай, нідзе небачанай ім разьбой, з пачарнелай пазалотай. Іканастас здаўся Богшу вартым увагі.
Першы рад — дэісусны, або чын — здаўся Богшу самабытным і старажытным: сіні фон, а на ім залацістыя ружаватыя постаці Хрыста, божай маці і Іаана Хрысціцеля. Збоч іх — постаці двух святых, між якімі стаяла жанчына з дужа самотнымі вачамі.
Другі рад — святочны чын — прыцягваў увагу тым, што ў ім змяшчалася не дванадцаць іконак на тэмы дзвунадзесятых святаў, а на а дну больш.
Трэці рад — прарочы — выглядаў, бадай, традыцыйна, каб не адна акалічнасць: старажытны мастак замест прарокаў намаляваў добра знаёмых яму вясковых дзядзькоў, якія трымалі ў руках самыя розныя прылады: косы, сярпы, цеслі, малаткі...
— Ага!.. Захапіла, — узрадавана выгукнуў Доля.
— Захапіла... Я, праўда, не спецыяліст, але некалі цікавіўся іканастасамі, а таму сапраўды ўражаны, — прызнаўся Богша. — Дзе вы яго адкапалі?
— Дзе і як знайшоў, гаворка доўгая, — адказаў Доля. — Звярніце лепей увагу на жанчыну з дэісуса. Ці не праўда, у яе адно аблічча вось з гэтай святой, што ў святочным чыне.
— Так... А я і не заўважыў, — прызнаўся Богша.
— А цяпер прыгадайце, на каго яны абедзве падобныя? — з хітраватай усмешкай спытаў Доля.
— Не магу ўспомніць...
— А ці былі вы ў Спас-Ефрасіньеўскай царкве ў Полацку?..
— Чакайце, чакайце, — пачаў здагадвацца Богша. — Вы маеце на ўвазе фрэску?..
— Хіба яны ўсе трое не падобныя між сабой?
— Дык што, і там, і тут Ефрасіння Полацкая? — здзівіўся Богша.. — Гэта ўжо і зусім неверагодна... А потым... хто гэтыя два мужчыны?
Рафаіл Доля загадкава ўсміхнуўся:
— Хочаце, каб сказаў? Але ж не паверыце... Нізашто не паверыце. Так што лепей не скажу...
Тут, у музеі, Рафаіл Доля не выглядаў тым дзіваком, якім ён здаўся Лазару Богшу ў парку, ён трымаўся незалежна, упэўнена, а таму гаварыў з Богшам на роўных, без свайго манернічання.
— Чаму ж не паверу? — здзівіўся Богша.
— А так, што не паверыце, бо маю здагадку нельга даказаць хоць бы адным радком дакумента, хоць бы адным з яго словам, — горача сказаў Доля. — А ў навуцы так, калі хочаш нешта даказаць, дык абгрунтуй гэта спачатку дзесяткам дакументаў. Іначай цябе выставяць з навукі, стануць смяяцца з тваіх домыслаў.
— Але ж я не маю ніякага дачынення да навуковых колаў, а таму мне можна давяраць любыя гіпотэзы.
Гэты довад, здаецца, падзейнічаў на Долю, ён задумаўся.
— Можа, ваша і праўда, — пагадзіўся ён. — I ўсё ж, давайце дамовімся, што вы ніколі не станеце спасылацца на мяне, а значыць, і на гэты рэчавы доказ — іканастас.
Лазар Богша ўрачыста пакляўся. Яны паціснулі на згоду рукі.
— Бачыце, Лазар Васільевіч, — пачаў Доля, як бы ўсё яшчэ сумняваючыся, ці варта яму адкрываць тайну, — старажытны мастак, калі і змяшчаў каго ў дэісусным радзе, дык меў на гэта вельмі важкую прычыну. Наогул дэісусны рад некалі складаўся толькі з трох асоб: Хрыста, божай маці і Іаана Хрысціцеля. Пазней ужо да іх сталі дадаваць анёлаў, архангелаў, апосталаў і бацькоў царквы, якіх найбольш шанавалі. Так што іканастас гэты як бы пазнейшай работы. Але звярніце ўвагу на фон. Ён сіні, а святыя напісаны ў ружавата-светлых танах. Так што можна меркаваць, што ён напісаны ў больш раннім часе.
Гэтая правінцыяльная стараннасць растлумачваць усё аж да самых дробных дэталей зноў узлавала Богшу, і ён перапыніў Долю без аніякай ветлівасці:
— Вы абяцалі сказаць мне, хто гэтыя святыя, а чытаеце лекцыю...
Рафаіл Доля аж уздрыгнуў ад ягоных слоў і адразу прыгорбіўся, быццам баяўся, што яго адхвошчуць па твары. Лазару Богшу стала няёмка. Ён хацеў папрасіць прабачэння, але Доля ступіў наперад і вельмі ціха, нават баязліва, сказаў: