Тайны заўсёды трывожаць...
Богшу захацелася пайсці ў натоўп, каб распытаць у каго пра апошнія гады жыцця Усяслава, пра яго трох старэйшых сыноў. Дзе, у якіх удзелах яны пачалі жыць пасля смерці бацькі? Якраз у гэты час труну пад галашэнне дачок, нявестак і ўнучак Усяслававых пачалі выносіць. Загаласілі і полацкія жанкі, можа, не так па князю, як ад страху перад будучыняй.
Шасцёра дружыннікаў, што неслі труну, паставілі яе на насілкі. Чатыры паганятыя селі на коней і рушылі ў дарогу. За імі — дружыннікі, князі; на цяжкіх калёсах — жанчыны. Працэсія памалу выпаўзала за царкоўны двор.
Шлях быў няблізкі, да возера Суя, і Богша падумаў, што яму туды не дайсці. Чамусьці страшэнна балелі ногі, а ў грудзях пякло. Аднак і заставацца тут не хацелася. Навошта?.. Ён нічога тут не забыў. Нішто яго тут не цікавіла. Богша прыладзіўся ў хвост працэсіі, паклыпаў, цяжка валочачы хворыя ногі.
Як бы на развітанне Полацка з князем, раптам крыж-накрыж бліснула маланка і адразу, без роздыху грымнуў пярун, аж пазакладала вушы. Вялізны, у чатыры абхваты дуб, што стаяу за Палатой, на вачах людзей раскалоўся напалам, абедзве палавіны грузна абрынуліся на зямлю.
Богша падумаў, што працэсіі варта было б перачакаць навальніцу, але ніхто не звярнуў на яе ўвагу. Хмара, не праліўшы дажджу над Полацкам, распаўзлася па небе.
Ён так і не заўважыў усёй дарогі да возера, што звівалася па лесе, нібы рачулка-пятлянка ў сухую пару года, збіраючы з крыніц кволыя ручайкі халоднай вады. Ён убачыў сябе на краі атуленай сасновым борам паляне, сярод якой узвышаўся недаступна грозны язычаскі бог Пярун, а вакол яго па вяршынях правільнага васьмівугольніка гарэлі свяцільнікі.
I нідзе нікога...
На супрацьлеглым баку паляны, пад выносістымі соснамі, туліўся язычаскі храм на слупах, сярод якога гарэў касцёр, падаграваючы воск у вялізным катле. Ад храма ў адзін і другі бок цягнуўся шнурок хатак, падобных на хлеўчукі. З-за язычаскага храма вынырнула працэсія — шарэнга сівых, з непакрытымі галовамі дзядоў. Другая такая ж працэсія, але з адных жанчын, падымалася па адхонным беразе возера, дзе пры самай вадзе стаяў яшчэ адзін храм з драўлянай фігурай багіні Макошы.
Абедзве працэсіі спыніліся перад тварам Перуна, старэйшы жрэц і жрыца Рагнеда ўзнялі ўгору рукі, Hiбы заклікалі неба ў сведкі. I тады ўсе ўбачылі, як з-за возера, там, дзе ў яго ўпадае невялікая рачулка, чорнай хмарай сунецца сюды пахавальная працэсія.
Не дайшоўшы да капішча Перуновага крокаў пяцьдзесят, працэсія спынілася. Шасцёра дружыннікаў лёгка ўзнялі труну з насілак, панеслі яе на выцягнутых угору руках. Труна паплыла сярод натоўпу, як ладдзя ла Дзвіне ў ціхае надвор’е. Даплыўшы да Перуновага капішча, труна апусцілася на касцёр з сухіх бярозавых плашак.
— Што вы робіце?.. Я не веру... Не веру!.. — закрычаў Лазар Богша, нібы сядзеў на рэпетыцыі, а перад ім ігралі нейкі вадэвіль самадзейныя акцёры. — Не маглі Усяслава спальваць на агні! Не маглі! Звычай такі задоўга да Усяслава кануў у вечнасць...
Голас яго прагучаў як у пустыні. Ніхто не азваўся. Людзі прадаўжалі рабіць сваю справу, дзеля якой і прыехалі сюды з Полацка.
Пад развітальна-адыходную песню жрацоў нехта прынёс вялізны цэбар алею і ўсе сталі чэрпаць яго конаўкамі, выліваць на касцёр. Потым аднекуль паявіліся жытнёвыя снапы акалоту. Імі жрацы абставілі касцёр, а паверх снапоў паклалі восем вянкоў з васількоў.
Цяпер заставалася толькі падпаліць касцёр, спаліць на ім грэшную абалонку князевай не менш грэшнай душы.
Аж не!
Старэйшы жрэц і жрыца Рагнеда падышлі да кастра, спыніліся ў нагах нябожчыка.
— Сыны Усяслававы, прадаўжальнікі роду вялікага князя полацкага, падыдзіце да бацькі і князя, пакляніцеся старажытнаю страшнай прысягаю ў вернасці запавету, дадзенага вам вялікім князем Усяславам, сынам Брачыслававым.
Жрэц трымаўся ўрачыста і з гонарам, як і належыць захавальніку старажытных абрадаў.
Сямёра сыноў Усяслававых аддзяліліся ад натоўпу, падышлі да ўзгалоўя княжай труны. Яны былі дужа розныя, але ў чымсьці і падобныя адзін на аднаго.
Жрэц абвёў іх строгім позіркам каршуновых вачэй.
— Князь Давыд, — звярнуўся ён да каржакаватага марудлівага мужчыны, — як старэйшы сярод братоў, пакладзі першы левую руку на бацькаў лоб і выслухай мяне дужа ўважліва... Яшчэ пры жыцці бацька твой і князь полацкі выдзеліў табе Друцкі ўдзел. Паклянешся, што ніколі не пакладзеш зайздроснае вока на полацкі княжы стол...