У Давыда хваравіта перасмыкнуўся твар, часта-часта заторгалася левае павека. Здалося, Давыд павернецца і пойдзе ад бацькавай труны. Але ён неяк стрымаў сябе, дужа марудна, быццам яна важыла пудоў дзесяць, падняў левую руку і ўжо зусім абяссілена апусціў яе на бацькаў лоб. Ягоныя пальцы ўздрыгнулі разы чатыры і супакоіліся.
— Князь Барыс, — пацяплелым голасам паклікаў жрэц наступнага сына, — па бацькаваму наказу ты сядзеш на полацкі стол. Будзь для братоў тваіх бацькам і князем. Памагай ім адстойваць Полацкую зямлю ад хціўцаў і ворагаў, беражы адзінства Крывіцкай зямлі. Хай абмінуць цябе сваркі і злачынныя помыслы, якія ці адзін ужо раз ставілі Кіеўскую Русь на мяжу распаду...
— Разумна распарадзіўся князь Усяслаў, — зашаптаў нехта за Богшавай спіной. — Давыдава жонка — унучка Манамахава, дачка Мсціславава. Полацкае веча не хацела б мець князя, прывязанага да Чарнігава, дзе цяпер князюе Манамах. Мсціслаўна ж круціць Давыдам, як спрытная папрадуха верацяном.
Жрэц паклікаў трэцяга сына Усяслававага, Глеба, які ўжо гады чатыры сядзеў у Менску, а да таго ваяводзіў там паспяхова. Глеб паклаў руку на рукі двух братоў і тройчы перахрысціўся, як і належыць сапраўднаму хрысціяніну, які і ў стане ворагаў не адрачэцца ад сваёй веры.
Затым настала чарга чацвёртага сына, Рагвалода, які атрымаў у спадчыну Лукомлю. Хваравіты на выгляд Рагвалод зусім абыякава паклаў руку паўзверх братавых і застыў у нязручнай паставе, нібы караў сябе за нейкі аднаму яму вядомы ўчынак. Пятым быў Раман, якому дастаўся ў спадчыну Віцебск. Шостым — Расціслаў, якому перайшоў у спадчыну Ізяслаўскі ўдзел. Перш чым пакласці руку, Расціслаў дапытліва глянуў на Глеба і нечаму ўсміхнуўся. Апошні паклаў руку для клятвы самы малодшы з сыноў Усяслававых, Святаслаў. Яму дастаўся самы далёкі і бедны ўдзел — Браслаўскі.
Сямёра братоў стаялі цяпер у маўклівай нязгодзе, пазіраючы хто куды, нібы саромеліся глянуць адзін аднаму ў вочы. Маўчаў і натоўп — княжацкія жонкі і іх дзеці, жрацы і жрыцы, дружыннікі і просты люд, які прыйшоў на абрад пахавання і клятвы.
Яна была страшная, нават жудасная, гэтая клятва. Ад яе аж стыла кроў у жылах. Усяславічы слухалі яе, скамянеўшы ад страху і нядобрых прадчуванняў.
Цяпер Богша зразумеў задуму з клятвай на старажытны лад — даўнія клятвы выклікалі ў князёў свяшчэнны страх і маглі стрымаць іх ад міжусобіц, новыя, праваслаўныя клятвы на крыжы і евангеллі князі не ставілі і ў грош.
Голас жраца нарэшце замоўк, і ўсе, хто стаяў і слухаў яго, уздыхнулі з нейкай жаданай палёгкай. Сямёра князёў пакланіліся Перуну, з’елі па драбку свяшчэннай зямлі, пацалаваліся адзін з адным на вернасць і далучыліся да натоўпу.
Мсціслаўна гнеўна глянула на Давыда.
— Не мог запярэчыць, цялё без’языкае, — зашыпела яна. — Будзеш сядзець у Друцку, як тхор у падпечку... Па старшынству Полацк належыць табе...
Князь неахвотна штосьці сказаў, і Мсціслаўна раз’ярылася яшчэ горш, але Богша не пачуў яе слоў. Натоўп раптам загаманіў, загуў, вітаючы працэсію, што выйшла з язычаскага храма з вялізнымі і вітымі васковымі свечкамі. Васьмёра жрацоў кіравалі да васьмі свяцільнікаў, ад якіх і запалілі свечкі. Зноў загаласілі жанчыны. Восем сокалаў-сапсанаў, узмахнуўшы вострымі доўгімі крыламі, узляцелі пад небам і, мусіць, радыя волі, з крыкамі к’як-к’як імкліва пранесліся над борам у вясновай сінечы.
Восем жрацоў падпалілі жытнёвыя снапы. Белаваты дым, прарэзаны языкамі полымя, дружна выбухнуў у неба, і адразу зашугаў агонь, ахапіў касцёр, труну і вялікага князя.
Відовішча было не з прыемных. Менскі князь заплюшчыў вочы, размашыста стаў хрысціцца. Адвярнуўшыся ад кастра, хрысцілася і ягоная жонка, дачка Яраполка Ізяславіча, унучка Яраслава Мудрага. Пачалі хрысціцца і астатнія князі. Толькі Барыс і ягоны сын Рагвалод не ўзнялі рук, каб пакласці на сябе святы крыж...
Агонь усё набіраў сілу і ўжо шугаў вышэй самых стромкіх соснаў. Ад яго гарачага подыху людзі адступалі пад засень бору, дзе ўжо стаялі сталы і жанчыны насілі на іх памінальныя стравы.
Адзін жрэц, здавалася, не адчуваў пякельнай гарачыні. Узняўшы ўгору рукі, ён уголас маліўся Перуну:
— О, слаўны Пяруне, вялікі і ўсемагутны, пераможца Велеса, перад якім не можа ўстаяць ні дрэва, ні камень, ні чалавек і ты, Даждж-бог сын Сварогаў, які дае жыццё, святло і агонь, бог багоў Свентавіт, якому даступна будучыня, маці славян мудрая Макоша і ты, прабацька крывіцкага роду Крыў, усе багі і бажкі крывіцкія, вас заклінаю я зямлёю і небам, дзённым святлом і начною цемраю не пакіньце князя Барыса, адзіную надзею нашу захаваць веру бацькоў і дзядоў нашых ад замаху варожай веры, якую насаджаюць хрыстовы служкі...