Выбрать главу

Агонь памалу ападаў, агаляючы чалавечы касцяк на распаленым вуголлі — астанкі вялікага князя полацкага, якія неахвотна аблізвалі чырвоныя языкі полымя.

Неўпрыкметку насоўваўся ціхамірны вечар, і жыватворнае сонца памалу скочвалася на вершаліны недасягальна высокіх соснаў.

6

Неўпрыкметку насоўваўся ціхамірны вечар, і жыватворнае сонца памалу скочвалася на вершаліны недасягальна высокіх соснаў.

Так, прынамсі, здавалася Лазару Богшу, які стаяў на пляцоўцы крапасной вежы Браслава. Направа і налева ад крэпасці разлегліся азёры Навята і Дрысвяты, схаваныя цяпер пад бранёй тоўстага лёду, прыцярушанага бялюткім снегам.

3 крэпасці было відаць, як з далёкага лесу выпаўз чорнай вужакай абоз, папоўз сюды па дрэнна накатанай дарозе. Вярсты за тры да крэпасці ад абозу адарвалася з тузіна коннікаў, якія пагналі коней на ўсю моц.

Перапалоханы Богша няўцямна глядзеў, як набліжаюцца коннікі да Браслава, і ніяк не мог зразумець, чаму стражы не ўзнімаюць трывогу. Яму не хацелася апынуцца ў асаджаным гарадку, як некалі ён апынуўся ў Менску, калі да яго падступілі дружыны Яраславічаў.

Наліха яму гэты Браслаў?.. Што ён забыўся ў ім?.. I наогул, чаму ён павінен боўтацца па свеце, як грэшная душа ў чысцілішчы?.. Чаму пракляты лёс кідае яго, куды захоча?.. Навошта яму гэтая даўніна, быццам, пабыўшы ў ёй, можна нешта змяніць на свеце?..

"Кірылу Лыкавязава лёс ніколі не закідае туды, куды яму не хочацца або дзе яму быць нявыгадна, — горка падумалася Богшу. — Ён і выступаў за трыбунай толькі тады, калі ў прэзідыуме сядзела вялікае началь­ства. А што, можа, ён мае рацыю? Цяперашні час не любіць эмоцый. Яны шкодзяць людзям. Нават той, хто некалі па маладосці паддаўся ім, цяпер навыперадкі адхрышчваецца ад сваіх слоў, учынкаў, маладой безразважнасці, поўнасцю аддаючыся разліку, кар’еры, набыткам, славе і ліха ведае яшчэ якому д’яблу без пачуццяў і парьтанняў. А я пасівеў, састарыўся, а ўсё не думаю пра разлік і выгаду. Таму і паглядаюць на мяне скоса. Але як жа можна тварыць без пачуццяў?.. Калі ўжо так усюды патрэбны разлік, дык стварайце кібернетычную машыну. Яна лепей за чалавека складзе патрэбны, беззаганны, па ўсіх правілах літаратуразнаўства мастацкі твор. Без эмоцыій, затое не прычэпіцца самы прыдзірлівы крытык".

...Ужо чуваць быў конскі тупат. Богшу хацелася крыкнуць стражам: "Што ж вы стаіце, разявы?" Ды ён так перахваляваўся, што не мог вымавіць ніводнага слова.

Раптам вароты крэпасці расчыніліся, з іх вылецела дванаццаць коннікаў, панесліся насустрач тым, што імчалі да крэпасці.

Богша заплюшчыў вочы, каб не бачыць, як сустрэнуцца грудзі ў грудзі два атрады, каб абагрыць крывёю снег.

Ён чуў, як тупаюць аб мёрзлую зямлю конскія капыты, як крычаць воіны на ўсю моц лёгкіх. Дзівіла толькі, што крыкі былі радасныя, вясёлыя.

— Вунь той... той сват, — закрычаў каля ягонага вуха нехта ўзрадаваным голасам. — Ну, проста бочка на дзвюх крывульках ды яшчэ абутая ў лапці і шарсцяныя панчохі... Ах, каб яго, гэтага жмудзіна!..

Богша расплюшчыў вочы. Стражы на вежы рагаталі, пабраўшыся за жываты. Там жа, дзе мелася адбыцца схватка, праязджалі па снезе ў крэпасць апошнія сані з захутанымі ў мядзведжыя шкуры седакамі.

Цяпер Богша здагадаўся, што лёс невыпадкова за­нёс яго ў Браслаў.

"Цікава паглядзець, чым кончыцца гэтае сватаўство, — падумаў Богша, — калі верыць жыццяпісу Ефрасінні Полацкай і сцэнарыю Баравіка-Залеўскага, дык яна павінна зараз адмовіць жаніху і пайсці ў манастыр. А дзе ён, той манастыр, у Браславе?.. Царквы і той няма".

3 харомаў на ганак тым часам выйшлі князь Святаслаў і ягоная жонка. Яны неслі на ручніку хлеб-соль. Сват прыняў хлеб-соль. Тады з-за мужчынскіх квадрат­ных спін выскачыла свацця-жмудзінка, замалаціла язы­ком, як цэпам, на сваёй, не зразумелай князю і яго жонцы жмудзінскай мове. Але і без перакладу было зра­зумела, што свацця расхвальвае жаніха.

Святаслаў запрасіў сватоў у харомы. Тыя расселіся па лаўках. Аднекуль паявіліся два талмачы. Яны і абвясцілі, што перад вачамі браслаўскага князя і княгіні зараз стане жаніх.

У харомы прывялі нешта захутанае ў мядзведжую шкуру поўсцю наверх. Калі яе раскруцілі, Богша ўбачыў хлапчука з далікатнымі абрысамі твару, сінімі вачамі і доўгімі русявымі валасамі. Было яму гадоў пятнаццаць-шаснаццаць. Святаславава жонка з прывычнай жанчынам палёгкаю ўздыхнула — жаніх мог бы аказацца пачварай або калекам.

— Прывядзіце князёўну Прадславу, — загадаў Святаслаў.

Сваты ўперылі вочы ў дзверы, чакаючы нявесту.