— Чаго яна хныча? — спыталася княгіня ў Баравіка-Залеўскага, кіўнуўшы галавой у бок Прадславы.
— Замуж хоча, — са з’едлівасцю старога сатыра адказаў той. — А між тым ёй нельга выходзіць замуж.
— Абсалютна правільна, — падхапіла княгіня. — У наш бязлітасна суровы час выходзіць замуж і раджаць дзяцей — злачынства. Што, гаротных, чакае іх? Пакуты і гора...
— Хачу замуж, — заканькала князёўна.
— Не грашы, — перасцерагла князёўну віцебская княгіня. — Хіба варта з-за гэтага плакаць?.. Дурненькая, мы плачам тады, калі нас не бяруць замуж. Але мы ўтрая мацней плачам тады, калі выйдзем замуж. Азірніся навокал. Чаго дасягнулі твае бацькі, усе сыны Усяслававы? Пажаніліся, атрымалі ўдзелы, сталі княжыць, весці войны, здабываючы сабе славу, прыносячы людзям гора. Хіба вечна гэта? Хіба жыццё не праплывае міма іх? Усё парахня, якую развейвае вецер. Не, дзіця маё, як на мой сталы розум, дык не пра замужжа трэба думаць, а куды схавацца ад мітусні і рознага непатрэбства, ад несправядлівасці і крыўды, ад гора і здзекаў. Не паспела я аддаць землі князя і мужа свайго, як твой бацька сеў на ягоны стол і з усіх набыткаў выдзеліў мне і манастыру такія крошкі, якія кідаюць прахожым-калекам на другі дзень вялікадня. Але я шчаслівая тым, што знайшла ратунак у начных маленнях на каленях, у затворніцтве і пастах у цішыні манастырскіх келляў...
— Чуеш, твая княгіня Звяніслава цытуе словы Прадславы з жыція святой Ефрасінні, — задзірліва падміргнуў Баравіку-Залеўскаму Лазар Богша. — А ты нешта вярзеш пра гістарычную праўду. Твае царкоўнікі, пішучы жыціе Ефрасінні, нахлусілі ў ім, колькі ім хацелася...
— Цытуюць усе, — зазначыў Баравік-Залеўскі. — Нават акадэмікі.
— Акадэмікам усё можна, — запярэчыў Богша, абы падражніць свайго сцэнарыста. — А яна крадзе ў Ефрасінні яе ўнутраныя маналогі, гэта значыць арыгінальныя думкі, ды яшчэ мае нахабства выдаваць іх за свае.
— Тады гэта не лічылася плагіятам, — як мог абараняў сваю радню ў трыццатым ці трыццаць пятым калене Баравік-Залеўскі. Што-што, а ён не здраджваў шляхетнасці, як навучыліся здраджваць мужыцкасці ягоныя калегі. — Паўтараць чужыя, але разумныя думкі не злачынства, а дабро. Бяда, што хто-кольвечы навучыўся красці без разбору ўсё, у тым ліку і выказванні дурняў, на якіх нехта паставіў штэмпель: "геніяльна".
— 3 табой немагчыма спрачацца, — прызнаўся Богша і раптам прыклаў палец да вуснаў: у размове княгіні і князёўны загучалі нейкія новыя ноткі, нячутыя дасюль. Яны здзівілі і насцярожылі. Спачатку.
Потым дужа разважлівая думка працяла Богшу. Навошта яму хвалявацца, навошта наогул усё гэтае ўдакладненне дэталяў, якія, напэўна, не маюць рашаючага значэння ў гісторыі.
А што? Хіба абавязкова трэба абцяжарваць сябе пакутамі ўсяго чалавецтва? Трэба жыць весела і прыгожа. Эпікурыйцы былі не дурні. Яны ўмелі адасобіцца ад заган іхняга часу, не бачыць беднасці і гвалту, што царавалі тады на іх зямлі. Ды і сучасныя скнары-эпікурыйцы навыварат, — гэткія мужычкі-хітрункі, што паназапасілі ў сваіх камунальных кватэрах рознага барахла, якое не ведаюць нават для чаго прыстасаваць, магчыма, таксама не дурні. Яны таксама адгарадзілі сябе ад людзей і іхніх клопатаў. Праўда, яны, бадай, не ўмеюць жыць весела, гэтыя сучасныя эпікурыйцы, якія на адзіноце жаруць прадуктовы дэфіцыт...
Пісаць трэба весела, не чапаючы таго, што можа зашкодзіць твайму спакою. I фільмы ставіць такія, каб нават самаму маленькаму чыноўніку незнарок не замуляла вочы. Вядома, ружовыя героі — гэтыя херувімчыкі з пульхнымі шчочкамі і попкамі — нагналі добрую аскому, але на чорта лысага цягнуць у творы ўсялякую поскудзь? Раптам нехта можа ўгледзець у ёй сябе, а ўгледзеўшы, залямантуе, што абразілі не аднаго яго, а ўвесь клас, ну, калі не клас, дык нейкую праслойку, хай не праслойку — толькі прафесію, зрэшты, можна дапусціць, што і не прафесію, а вузкую спецыяльнасць...
I тут ужо не адгаворышся прыкладамі з сусветнай літаратуры. Прызнавайся, што нарабіў глупства. Да чортавай бабулі гэтыя абвостраныя канфлікты, пра якія балабоняць крытыкі. Ім што! Яны сто торбаў нагавораць. А як толькі ты абвострыш гэты самы канфлікт, дык і трахнуць па галаве, аж пасыплюцца чорныя іскры.
Шчаслівы той, хто абачлівы. Таму ніякай поскудзі ў творах. Але і ружовых чалавечкаў таксама. Залатая сярэдзіна. Займальнасць плюс смеласць у межах станоўчага ўспрыняцця рэчаіснасці. Герой павінен падабацца. Усім, усім! Як лялька з белымі валасамі і блакітнымі вачамі, якіх расхоплівалі нават тыя, хто сам даўно перастаў гуляць у лялькі і даўно пагадаваў дзяцей.
Прыгадаўшы некалі бачаную ім ляльку вытворчасці ГДР, Богша зрабіў адкрыццё, што прыйшоў да згоды з Кірылам Лыкавязавым. Во хто дасканала ведае, што і каму патрэбна. Усё жыццё яны з Кірылам не маглі сысціся ў поглядах, і вось фінал: ён, Лазар Богша, прыйшоў да таго, чаго Кірыла Лыкавязаў прытрымліваўся ўсё жыццё.