У Богшы не было ніякіх просьбаў. У яго зараз наогул ніякіх чалавечых пачуццяў не было. Толькі ў далёкай памяці замаячыў, нібы выхаплены з цемры ўспышкай маланкі, сляпуча белы сілуэт — дзве старэчыя постаці на прызбе. Дзяды зацята спрачаліся: хто вядзе карову, чалавек ці вяроўка? Нейкая бязглуздзіца, але яна вярнула Богшу чалавечыя пачуцці.
— Патрон запрасіў мяне па важнай справе, — нахабна пазіраючы на манаха, схлусіў Богша. — Я буду пісаць ягоны жыццяпіс. Цяпер усе пішуць свае жыццяпісы і пры жыцці друкуюць дзённікі, як бы распранаюцца дагала.
Манаха нібы ветрам здзьмула з канапы.
— Праходзь, будзь ласкавы, — адчыніў ён дзверы ў пакой епіскапа.
Там, у вялікай гасцінай, прыслужнік памагаў епіскапу знімаць рызу. Зняўшы, ён павесіў яе на калок. Рыза тапырылася лубам. Здавалася, пад ёю так і засталася ганарлівая абалонка епіскапа. Сам жа ён стаяў сярод пакоя ва ўсёй сваёй непагляднасці: хударлявы, вузкаплечы і крываногі, у белых портках і палатнянай кашулі. Прыслужнік накінуў на ягоныя плечы накідку — гарнастаевае футра на чырвонай шаўковай падбіўцы. Епіскап зморана апусціўся на лаўку, адкінуўся да сцяны на падкладзеную ўсё тым жа прыслужнікам падушку.
Hi Ефрасінню, ні Богшу ён не запрасіў сесці.
"Ну і хам!" — падумаў Богша.
— Клікалі, отча прападобны? — спыталася Ефрасіння.
— Падай квасу, — загадаў епіскап прыслужніку, — і можаш ісці...
Ефрасіння стаяла, склаўшы рукі пад грудзямі. Яны па-дзявочы гарэзліва адтапырвалі чорную расу.
Прыслужнік прынёс квас, падаў епіскапу з паклонам.
— Хачу сказаць табе колькі слоў, — напіўшыся квасу, звярнуўся да Ефрасінні епіскап. — А ты выслухай уважліва і ўспрымі з любоўю.
Ефрасіння пакланілася.
— Отча прападобны, прыму словы твае, як падарунак неацэнны, — пакорліва адказала Ефрасіння, хоць Богша заўважыў, што пакорлівасць гэтая далася ёй з неймавернай цяжкасцю.
Епіскап вытрымаў паўзу, няйначай, каб Ефрасіння адчула ўсю важнасць таго, што ён ёй скажа.
— Было мне ў сне бачанне дзіўнае, — нарэшце загаварыў ён глухаватым голасам. — З’явіўся да мяне анёл божы і кажа: "Пашлі рабу божую Ефрасінню ў Сялец, дзе царква святога Спаса. Там ёй належыць быць, маліцца за душы памёршых манахаў, якія жылі пры царкве да ўтварэння епіскапіі ў Полацку".
Епіскап гаварыў са шкадаваннем у голасе: ён нізавошта не адправіў бы Ефрасінню ў пахілую, занядбаную царкву, але ж на тое воля божая і не паслухацца яе вялікі грэх. Богша адчуваў, што гэтае шкадаванне — прытворства, за якім хаваецца нешта іншае, а таму з нецярплівасцю чакаў, што скажа Ефрасіння.
— Сапраўды бязмежна ўлада боская, — вытрымаўшы доўгую паўзу, сказала Ефрасіння і ўзняла вочы да абразоў. — I да мяне ў сне з’явіўся анёл божы і, пакланіўшыся, параіў пакінуць маленечкую келлю ў святой Сафіі і адправіцца ў Сялец, каб праўдай і верай служыць там Ісусу Хрысту. I не адзін раз пасланнік божы з’яўляўся мне ў сне, а тройчы запар. Так што я добра запомніла ягоныя анёльскія словы. У трэці раз ён паабяцаў мне, прападобны отча, узяць Сялец у поўнае маё карыстанне, бо ён і належаў майму бацьку яшчэ пры жыцці дзеда Усяслава.
Здалося, епіскап праглынуў аршын. Ён спрабаваў нешта сказаць, нечаму запярэчыць, але толькі хаўкаў ротам, як шчупак, выкінуты на гарачы пясок.
— Ён не мог так сказаць, — нарэшце ў епіскапа прарээаўся голас. — Ты лжэш, Ефрасіння.
— Гэта ты лжэш, отча. Анёл абяцаў сказаць і табе пра Сялец. Нядобра, прападобны отча, утойваць слова божае, бо гэта вялікі грэх.
— Як ты размаўляеш са мной? — узлаваўся епіскап.
— Нікуды я не стану перасяляцца, — рашуча сказала Ефрасіння. — Я прывыкла тут сустракаць сонца за чытаннем і перапісваннем кніг, а змрокі — за малітваю...
— Не сваёй справай ты занялася, князёўна,— папракнуў яе епіскап. — Князь гневаецца вельмі. Навошта ты, паддаўшыся дрэннаму прыкладу кіеўска-пячэрскіх старцаў, пішаш абы-што пра князёў. Адзін бог можа судзіць іх за справы іхнія. Манахам належыць замольваць свае і чужыя грахі, а не пнуцца ў свецкія справы. Хай мітусня людская і клопаты іх застаюцца за парогам царквы...
— Замольваючы грахі, мы міжволі прыгадваем свецкае быццё. Уцячы ад яго немагчыма, нават схаваўшыся ў глухіх нетрах лясоў. I ты ведаеш пра гэта, отча...
— Во і маліся! Святая візантыйская царква вучыць нас падтрымліваць князёў і воінства іх як паслядоўнікаў бога і яго анёлаў на зямлі.
— I забойствы таксама?..
— Пра што ты?.. На ўсё воля божая...