— А я Ефрасіння, у свецкім жыцці дачка князя Святаслава. Унучка Усяславава.
Старац упаў ніцма.
— Цеснай хіба стала келля святой Сафіі? — спытаўся ён. — Харчышак ці прынесла?.. Тут з голаду апруцянееш...
Ефрасіння памагла старцу падняцца з падлогі.
— А што казаў бог апосталам? — павучальна загаварыла яна. — Не насіць з сабой нічога апрача спадарожнага кія. У мяне ж і кія няма, бо па маладосці ён непатрэбны мне. Затое я маю надзейнае апірышча — кнігі. Дасць бог, ствару тут школу. Запалю агеньчык святла і розуму на зямлі Полацкай, каб знікла навала, бо ўсе беды нашы ідуць ад невуцтва і цемнаты...
— Харчышак бы якіх, — зноў заскуголіў старац Іона. — Хлеба даўно не еў. Усё лебяду ды крапіву ямо. Ногі не ходзяць...
Ён быў вялікі грэшнік, гэты галодны старац Іона.
На званіцы зазыўна заблямкаў звон, склікаючы паству на ютрань.
10
На званіцы зазыўна заблямкаў звон, склікаючы паству на ютрань.
Ефрасінні здалося, што ён сёння блямкае асабліва ўрачыста. А ёй, як на грэх, не маглося. Балела ўсё цела, як на перамену надвор’я.
Да пачатку ютрані заставалася часу вярсты на дзве спорным крокам. Ефрасіння адкінулася спіной да сцяны, прыкрыла цяжкімі павекамі вочы. Яна мела права на гэты кароткі адпачынак.
Але, як толькі яна заплюшчыла вочы і як бы адгарадзілася ад надзённых спраў, мінулае агарнула яе, запярэсціла ўваччу. У ім не было вялікіх радасцей, ды і тыя, што былі, здабываліся крывёю, потам, салёнымі слязамі. Можа, усім радасцям такая цана, іначай яны і не сталі б радасцямі?..
I ўсё ж яна магла быць задаволена сабой.
На месцы струхлелай будыніцы — царквы святога Спаса — у Сяльцы вырас манастыр, пабудавана новая каменная царква, а ў ёй гонар і вядомасць манастыра — напрастольны крыж, пра які сягнула слава аж да самога Ерусаліма. Канечне, гэта не толькі яе клопат. У першую чаргу дойліда Івана і майстра Лазара Богшы. Іван угаварыў яе паспрачацца з самой Візантыяй. Царква пабудавана на славянскі лад. Візантыйскія дойліды пасміхаліся: хай палачане паспрабуюць збудаваць храм. Дваццаць гадоў будуць будаваць, а ён і двух гадоў не прастаіць. А яго пабудавалі за два з паловай гады і стаяць ён будзе вечна. Ці тое набудавалі б палачане, каб не гэтыя войны, княжыя міжусобіцы? Ефрасіння ненавідзела іх душой. Але нічога зрабіць не магла і ўжо не зможа.
Шчасце і слава яе — кнігі. Яны тварэнне яе рук, розуму і бяссонных начэй. Днём ёй хапала спраў па манастыру. Гаспадарка, што ні кажы, вялікая. Усё трэба дагледзець, на ўсё патрэбны час. Для кніг заставалася ноч. Колькі іх праведзена за перапісваннем! Літарку да літаркі, слова да слова, радок да радка, старонку да старонкі. Цяпер на царкоўных аналоях ляжаць яе кнігі: евангелле, псалтыр, малітоўнік. Але гонар яе не яны, а летапіс, над якім яна працавала каля дваццаці год. Па крупінцы збірала, правярала, вывярала кожную дату, кожны факт. Нашчадкі павінны ведаць праўду. Не трэба яе ні прыхарошваць, ні мазаць каламаззю. Якая ёсць, такой і павінна застацца нашчадкам. Другі яе гонар — песні Баянавы. Яна беражна збірала іх, запісвала, баючыся, што, можа, бярэ на душу вялікі грэх. Яна гатова дзень і ноч адмольваць той грэх! Затое якая асалода чытаць песні ў вольны час. Хай і яны застануцца нашчадкам.
Не, ёй, сапраўды, можна радавацца і быць шчаслівай. Дык чаму ж тады так неспакойна на душы, чаму шкрабе яе, точыць шашаль?
Ці адзін ужо раз задумвалася Ефрасіння, на каго можна даверыць гэтыя найкаштоўнейшыя скарбы. Слоў няма, з таго часу, як пайшла па Русі пісьменнасць, кнігі сталі і багаццем і гонарам гарадоў, манастыроў, князёў, епіскапаў і нават простых людзей. А ўсё ж, хто пасля яе захавае манастырскія кнігі? Ці мала знойдзецца такіх, хто кнігамі паспрабуе адкупіцца ад чужога князя, хто ў жаданні дагадзіць чужаземцу падаруе яму якую-небудзь з выпакутаваных ёю кніг.
Праўда, ёсць у яе на прыкмеце вучань. Туташні, са слаўнага роду Ратшы, які перабраўся ў Ноўгарад, дзе больш зацішна, чым у Полацку. Вельмі здольны юнак.
Такіх здольнасцей Ефрасіння не бачыла за свой век. I сумленны. Ды i жыцця пабачыў. 3 малых год жыў у суйскіх язычнікаў, спасцігаў старажытную мудрасць суйскіх дзядоў. Потым бацька забраў яго адтуль і аддаў у школу да Ефрасінні. Гэты змог бы памножыць кніжную справу. Але ёсць у яго адна рысачка, якая выклікае ў Ефрасінні сумненне.
На званіцы ўсё яшчэ зазыўна блямкаў звон, і яна падумала, што час ісці да ютрані.
Нехта асцярожна, як бы сарамліва крануў біла. Яно тройчы грукнула аб ліпавую дошчачку.
— Хто там? — спыталася Ефрасіння.
— Гэта я, настаўніца, — пачуўся з-за дзвярэй голас.