Кірыла Лыкавязаў стаяў ля акна ў сваім кабінеце, і яго ахоплівала радаснае адчуванне вольнасці. Ён разумеў, што пачуццё гэтае нізкае, брыдкае, подлае, не вартае чалавечай годнасці, але насуперак цвярозай развазе, падспудна, у ліха ведае якіх закутках ягонай сутнасці жыло вось гэтае адчуванне раскаванасці і вольнасці, нібы са смерцю Лазара Богшы з ягоных плячэй, а можа, і душы, зваліўся неймавернай вагі груз.
Трэба было пазбавіцца ад нізкай радасці, прыдаць сабе выраз жалобы і засмучэння адпаведна моманту, але заглушыць бурлівую радасць было немагчыма, бо каварная фраза ўсё падагравала яе. Тады Кірыла Лыкавязаў загадаў сабе не паўтараць правакатарку-фразу, як некалі, у пару маладосці, загадваў выйграваць апошні раунд у спаборніцтве на званне чэмпіёна.
Цяпер, аднак, волі было недастаткова, пэўна, таму, што фраза гэтая склалася ў піку Лазару Богшу і ягонаму пахаванню, пра ягонае, Кірылава, пахаванне, так, як ён яго ўяўляў. Яно павінна было зацямніць пахаванне Лазара Богшы. Таму сіла волі тут не дзейнічала: яе не было, яна таксама памерла.
Лухта?.. Бязглуздзіца?..
Каб жа ды так!..
Кірыла Лыкавязаў раптам зразумеў, што ўсё ягонае жыццё, творчасць самым фатальным чынам залежалі ад жыцця і творчасці Лазара Богшы. Залежалі нават тады, калі Лазар Богша цярпеў непапраўныя катастрофы, падаў з вышыні ў прорву, а ён, Кірыла Лыкавязаў, знаходзіўся на грэбені магутнасці і славы, узняты туды чарговым поспехам. Гэта была ягоная трагедыя. Ён зараней быў асуджаны па поспех. Яшчэ тады, калі недзе абгаворвалася ягоная кандыдатура на новую пастаноўху, новы поспех чакаў яго ў прыёмным пакоі. Кожны новы фільм мог быць толькі поспехам. Але чаму і тады ён, Кірыла Лыкавязаў, абавязкова азіраўся на Богшу, нібы і фільм, і поспех яму патрэбны былі, каб падкалоць Богшу, даказаць сваю праўду, свой прамы, як пад лінейку, шлях у мастацтве.
Бадай, было і крыўдна і сорамна тварыць у залёжнасці ад чалавека, творчы метад якога ён адвяргаў цалкам і поўнасцю. Добра, што пра крыўду і сорам ніхто не ведаў, нават не здагадваўся. Усе лічылі, што ў Кірылы Лыкавязава не можа быць такіх пачуццяў. А яны былі. I ад таго, што пра іх не здагадваліся, крыўда і сорам прыпякалі не менш.
Цяпер яму не трэба было азірацца, не трэба з адчаем у сэрцы чакаць, што можа сказаць, зрабіць, падумаць Лазар Богша. Хто азіраецца на цені? Цені знікаюць. Значыць, вольнасць, незалежнасць, і не толькі яму, Кірылу Лыкавязаву?..
Ад нечаканай думкі, што ён не адзінокі, што нехта яшчэ будзе рады вызваліцца ад гнятлівай богшаўскай самапатрабавальнасці і сумленнасці, у свядомасці Кірылы Лыкавязава перастала гучаць недарэчная фраза.
I ён адразу вярнуўся да рэальных падзей з рэальнымі намерамі.
Найперш яму трэба было прадумаць развітальную прамову. Ён двойчы кашлянуў, правяраючы голас. Голас гучаў. Ды і чаму яму не гучаць?.. Цяпер варта падумаць, пра што ён павінен гаварыць? Якую выбраць тэму?
Ён незаўважна, па прывычцы падумаў пра тэму і адразу згубіў накірунак думак. З-за гэтага паняцця — тэма — яны з Богшам не адзін раз біліся лбамі да адурэння. Кірыла Лыкавязаў і цяпер адразу ж заспрачаўся з Лазарам Богшам, лёгка знаходзячы важкія аргументы ў апраўданне свайго пункту гледжання на тэму як аснову асноў любой творчасці.
Кі'рылу Лыкавязава заўсёды злавала, што Богша не хоча зразумець ягоных самых шчырых і добрых намераў, калі гаворка заходзіць пра першаснасць тэмы ў мастацкай творчасці, бо тэма — само жыццё, зарад выхаваўчай функцыі мастацтва, сацыяльны заказ грамадства мастаку. Як жа можна не разумець гэтага? Ён, Кірыла Лыкавязаў, не адмаўляў ролю майстэрства. Ён быў супраць вытанчанасці формы, вылізанасці мовы, супраць розных штучак уздзеяння мастацтва на чалавечыя эмоцыі. Дыялог у кіно павінен быць элементарны. Кіно не расказвае, а паказвае. Паказваць таксама трэба самое жыццё, раскрываючы тэму, а не ігру акцёраў, бо які таленавіты ні быў бы акцёр, ён не раокрые сутнасць чалавека. А тэму раскрыць можа...
Богша здзекліва пакепліваў над ягонымі тэарэтычнымі разважаннямі. Кірыла выразна чуў Богшаў кплівы голас і ўсё адбіваўся важкімі, на яго думку, аргументамі. Як заўсёды, ён захапіўся і нават не заўважыў, як адышоўся ад акна, закрочыў па кабінеце, мераючы яго па дыяганалях. Ён наогул любіў хадзіць па дыяганалях, як бы перакрэсліваючы чужыя доказы, меркаванні, думкі. Ад завочнай дыскусіі яго адарваў тэлефонны званок.
Яго запрашалі на пасяджэнне пахавальнай камісіі, якая сабралася ў кабінеце дырэктара студыі.