Выбрать главу

— Дзеля ўсяго святога не адмоўце мне ў просьбе... Я таму і хацела вас бачыць...

Цяпер Лазар Богша здагадаўся, што трапіў сюды зусім невыпадкова, і яго ахапіла прыкрасць.

— Слухаю вас, — сказаў ён, думаючы над тым, як адмовіць гэтай жанчыне, якая збіраецца нешта прасіць.

— Памажыце Любачцы... Вазьміце яе на якую ролю ў вашым фільме... Яна здольная... Абяцайце...

Богша быў настолькі разгублены, што маўчаў як вады ў рот набраўшы.

— Лазар Васільевіч!.. Каб магла, я стала б на калені... Але я ляжу, а такіх не б’юць... Не забівайце мяне... Абяцайце...

— Абяцаю, — нібы выносячы сабе прысуд, сказаў Богша.

I якраз у час. 3-за посцілкі, якая вісела на дзвярах, паявілася спіна Долі.

***

— Ну, дзеці мае, — весела сказала Люба, — будзем чаёўнічаць. Не асуджайце строга, бо чай я не ўмею заварваць. Ён вечна пахне венікам і металам, але ўсё роўна смачны...

Чай сапраўды смярдзеў венікам. Але Богша піў яго з нечуванай прагай, не перастаючы сачыць за трыма жыхарамі гэтай дзіўнай кватэры ў царкве. Папраўдзе, дык нічога асаблівага ён не заўважаў.

— Лазар Васільевіч, ці не праўда, у Рафаіла Міхайлавіча цудоўная калекцыя старых рэчаў, — звярнулася да Богшы Соф’я Ігнатаўна, няйначай, дзеля таго, каб пазабавіць яго размовай.

— Зосечка, — нецярпліва перапыніў яе Доля, — я неаднойчы прасіў цябе не называць музей маім... Я толькі загадваю ім...

— Усё роўна калекцыя твая, — упарта сказала Соф’я Ігнатаўна. — Проста ты бескарыслівы чалавек. Іншы на тваім месцы ўзяў бы за такія рэліквіі грошы. А ты аддаў іх бясплатна...

— Зосечка, ты робіш мне балюча, — запрасіў літасці Доля. — Я не нейкі там калекцыянер-хапуга, які абірае народ...

— Таму я кажу...

— Зосечка, не трэба...

Лазар Богша пастараўся прымірыць Долю з ягонай сваячкай.

— Мне здаецца, — сказаў ён, — сутнасць састаіць у тым, што калекцыя сапраўды выдатная...

Доля і Соф’я Ігнатаўна аж заззялі ад такой ухвалы. Адна Люба нечага іранічна ўсміхнулася.

— А ці заўважылі вы, Лазар Васільевіч, кросны? — спыталася Соф’я Ігнатаўна.

Лазар Богша, апрача іканастаса, нічога не заўважыў, але, каб не пакрыўдзіць Соф’ю Ігнатаўну, сказаў:

— Мне здалося, яны вельмі старадаўнія...

— Фаля, — звярнулася да Долі Соф’я Ігнатаўна, — скажы Лазару Васільевічу, каму належалі гэтыя кро­ены...

— Кацярыне Лук’янаўне Азарэвічавай, — важка сказаў Доля.

Яны абое — Соф’я Ігнатаўна і Доля — пільна паглядзелі на Богшу: якое ўражанне гэта зрабіла на яго?

Лазар Богша ніколі не чуў пра Кацярыну Лук’янаўну Азарэвічаву, адно што здагадаўся: няйначай, яна славутая і мае нейкае дачыненне да Долі і Соф’і Ігнатаўны, а таму прытворна здзівіўся:

— Што вы кажаце?!. Проста неверагодна...

— Больш таго, — горача сказаў Доля, — кросны, бадай, належалі Варвары Сямёнаўне, якая паходзіла з роду Старынкевіча і пайшла замуж за прыгоннага...

У другі раз здзіўляцца Лазар Богша не адважыўся. Перабярэш лішак, як той акцёр на сцэне, і замест апладысментаў пачуеш абураны свіст.

— Рафаіл Міхайлавіч, я, далібог, не ведаю, хто такія Старынкевічы і Азарэвічавы, — нечакана для сябе прызнаўся ён.

— Як, вы не ведаеце, хто такія Азарэвічавы? — гнеўна спытала Соф’я Ігнатаўна.

— Мама, — рашуча ўмяшалася Люба. — Чаму Ла­зар Васільевіч павінен ведаць, хто такія Азарэвічавы?

— А таму, — не перастала гневацца Соф’я Ігнатаўна, — што яны наша слава і гонар... Таму, што нельга жыць без гісторыі...

Яна адвярнулася тварам да сцяны, як бы назаўсёды страціўшы цікавасць да Богшы.

Лазару Богшу стала няёмка, але яго ахапіла і злосць. Зацягнулі сілком, ды яшчэ і абражаюць, выстаўляючы недалёкім чалавекам.

— Мы вывучалі гісторыю не па кнігах і архіўных фаліянтах, — сказаў ён з перавагаю над гэтымі царкоўнымі жыхарамі глухога гарадка. — I не проста вывучалі, а здабывалі яе зброяй на дарогах вайны...

— Ну, так, так, — пагадзіўся Доля, бо Соф’я Ігнатаўна прадаўжала пакрыўджана маўчаць. — Аднак хачу нагадаць вам, Лазар Васільевіч, што гісторыя, пра якую вы мелі гонар сказаць, на доўгім сваім шляху імкнулася пазбавіцца ад сумніцельных каштоўнасцей, каб знайсці для чалавека ў свеце жорсткасці і грубай сілы высокі сэнс існавання яго на зямлі. I гэта, паверце, не абстракцыя, а гістарычная неабходнасць.

Рафаіл Доля, як падумалася Богшу, зноў загаварыў манерна, па-вучонаму, чым рашуча ўзлаваў Богшу.

— Што вы разумееце пад "сумніцельнымі каштоўнасцямі"? — гатовы на спрэчку, спытаўся ён.

— А вось гэтае выхвалянне зброяй, — спакойна адказаў Доля, як бы не жадаючы спрачацца.

— А вы маеце ўяўленне пра лагеры смерці? — непрымірыма спытаўся Богша і пачуў, як нехта наступіў яму на нагу, але не звярнуў на гэта ўвагі. — Ці, можа, вам нечага шкада стала фашызм, які можна было знішчыць толькі сілай зброі, каб вызваліць, уратаваць ад смерці мільёны людзей... Нічога сабе сумніцельныя каштоўнасці...