Выбрать главу

Перш чым выйсці з кабінета на калідор, дзе, напэўна ж, сноўдалі кіношнікі, Кірыла Лыкавязаў з хвіліну пастаяў сярод пакоя, каб прыдаць твару пакутлівы выраз.

***

Апрача членаў камісіі ў кабінеце дырэктара студыі знаходзілася яшчэ чалавек шэсць-сем прадстаўнікоў афіцыйных і неафіцыйных устаноў, у тым ліку і Рыма Сяргееўна Громава.

Дырэктар студыі, ён жа старшыня пахавальнай камісіі, не адрываўся ад тэлефонаў: то званіў сам, то званілі яму. У яго быў заклапочаны выгляд. I не дзіва, бо клопатаў сапраўды хапала. Трэба было ўсё прадугледзедь, узважыць, нічога не забыць, узгадніць і ўтрэсці кожную драбніцу, каб потым не апынуцца перад нейкімі непрыемнымі нечаканасцямі. А што яны могудь узнікнуць, не даводзілася сумнявацца.

3 самай раніцы і зусім нечакана да студыі пацягнуліся прыхільнікі таленту Лазара Богшы. Яны спыняліся ў студыйным скверы з расчышчанымі і падмеценымі дарожкамі, збіваліся ў групы і групкі, а тым часам з аўтобусаў і тралейбусаў, што падыходзілі да прыпынку "Кінастудыя", выплёскваліся ўсё новыя і новыя людскія хвалі.

Дзень, як на тое, абяцаў быць па-вясноваму сонечным і цёплым — і гэта пасля нядаўніх маразоў, якія, здавалася, пратрымаюцца яшчэ вельмі доўга. Таму трэ­ба было чакаць яшчэ большага наплыву народу, і пахавальная камісія, што граха таіць, разгубілася.

Справа, вядома, была не ў тым, што на пахаванне прыйдзе так многа народу. Сярод натоўпу, што сабраўся ў скверы, зрэшты, як і сярод тых, хто нейкім чынам пранік на студыйныя калідоры і ў студыйныя вестыбюлі, шасталі самыя розныя чуткі пра смерць Лазара Бог­шы і тайныя падкопы пад яго, якія і прывялі геніяльнага ражысёра да такой заўчаснай смерці.

Чуткі выклікалі прыкрасць і абурэнне, нібы хто знарок хацеў запляміць студыйную дабрачыннасць, узвесці паклёп на яе дружны калектыў. Чамусьці ўсе лічылі, што калектыў быў дружны, вядома, не без таго, але ж не так, каб распускаць чорт ведае якія паклёпы.

3 вуснаў у вусны, напрыклад, перадаваліся падрабязнасці пра пасяджэнне мастацкага савета, на якім быў бязлітасна "зарэзаны" богшаўскі фільм. Падрабязнасці гэтыя ашаламлялі.

Чуткі пра мастацкі савет яшчэ можна было неяк растлумачыць. Пасяджэнне мастацкага савета кінастудыі не пасяджэнне генеральнага штаба, дзе ўсё сакрэт і ваенная тайна. Ніхто з членаў мастацкага савета не даваў клятвы ці падпіскі аб нераспаўсюджванні чутак аб яго пасяджэннях, а таму кожны мог вельмі пераканаўча жывапісаць выступленні праціўнікаў Богшы су­праць ягонага фільма.

Здзіўляла другое: адкуль зусім староннія людзі ве­далі пра тое, што Лазар Богша пасля пасяджэння мастацкага савета застаўся на ўсю ноч у мантажнай і так удала пераманціраваў фільм, што новы варыянт сягнуў да сусветных вышыняў мастацкага кіно?

Што Богша сапраўды зрабіў новы варыянт свайго фільма, магла засведчыць мантажорка. Але хто мог засведчыць, што новы варыянт быў сапраўды геніяльны? Яго ж ніхто не бачыў, апрача самога Лазара Богшы. Чутка тым не менш расплывалася па натоўпе.

Казалі яшчэ, што фільм у новай рэдакцыі не пабачыць свету, бо ён геніяльны, а ўсё геніяльнае бездары не дапускаюць да народа. Нехта абсалютна дакладна ведаў, што фільм пакладзены ў сейф, які апячаталі трыма пячаткамі.

Усе гэтыя і іншыя зусім ужо неверагодныя чуткі ўзбуджалі натоўп. Здавалася, вось-вось над ім выбухне шаравая маланка — загадка прыроды, якую ніяк не разгадаюць фізікі. У такім жа прыблізна становішчы знаходзяцца і сацыёлагі-псіхолагі, калі спрабуюць разгадаць феномен натоўпу.

Чуткі даходзілі да дырэктарскага кабінета, выклікаючы ў членаў камісіі самыя розныя да іх адносіны. Трэба было прымаць нейкія захады, а якія — ніхто не ведаў. Усе нечага пабойваліся і асцярожнічалі. Таму самыя простыя пытанні, звязаныя з пахаваннем Лазара Богшы, вырасталі ў складаныя праблемы. Раптам узнікла, напрыклад, праблема, дзе ставіць труну. Раней усё было зразумела. Труну збіраліся паставіць у вестыбюлі, дзе звычайна і адбываліся грамадзянскія паніхіды, калі паміраў хто са студыйных супрацоўнікаў. Цяпер была выказана думка, што народ можа не зразумець камісію. Ды і студыйны вестыбюль не мог умясціць та­кую процьму народу. Узнікла пытанне і пра памінальны стол, на якім асабліва настойваў Баравік-Залеўскі як шчыры прыхільнік старых традыцый і звычаяў. Мноства вось такіх пытанняў чакалі свайго вырашэння і ніяк не вырашаліся, пакуль некаму ў галаву не ўзбрыло паслухаць думку Кірылы Лыкавязава, які да ўсяго стаяў на­чале Саюза кінематаграфістаў і яму, як кажуць, па шта­ту належала сказаць сваё рашаючае слова.

Многія пры гэтым у душы ўсміхаліся. Кірыла Лыкавязаў быў непераўзыдзены майстар перакладаць вырашэнне нават самых малых і нязначных пытанняў на людзей старонніх, абы самому ўхіліцца ад адказнасці. Цяпер, здавалася, Кірылу Лыкавязаву нічога не застанецца, як выказацца без аніякіх адгаворак.