Выбрать главу

Кірыла зайшоў у дырэктарскі кабінет з выглядам самога гора, увасобленага ў каржакаватую спартыўную фігуру. Ён вельмі ціха павітаўся з усімі, не забыўшыся, аднак, пацалаваць руку Рымы Сяргееўны Громавай.

— Я вам спачуваю, — сказала Рыма Сяргееўна.

У яе такіх простых словах многія пачулі падтэкст. Справа ў тым, што ў натоўпе, які сабраўся, каб праводзіць Богшу на могілкі, гаварылі не толькі пра геніяльнасць Лазара Богшы і розныя падрабязнасці з ягонага жыцця; называліся і нядобразычліўцы, якія ўвесь час дапякалі Богшу, пакуль не звялі яго ў магілу. Сярод сваіх, хатніх нядобразычліўцаў і чужых найчасцей называлася імя Кірылы Лыкавязава.

Рыма Сяргееўна была праінфармавана пра гэта. Члены камісіі абмяняліся думкамі, ці варта ў такім выпадку даваць слова Кірылу Лыкавязаву. Вырашылі — варта. Бо маўчанне Кірылы Лыкавязава толькі яшчэ больш напаліла б атмасферу.

Кірыла Лыкавязаў збольшага ведаў, што пра яго гавораць у натоўпе. У яго ўсюды былі свае людзі, якія дакладвалі яму не па абавязку службы, а па абавязку дружбы. Гэта быў адзін з прынцыпаў Кірылы Лыкавя­зава: больш ведаеш — лягчэй прымаць рашэнні.

Калі Кірыла Лыкавязаў зайшоў у кабінет, дырэктар студыі адкінуўся на спінку крэсла, пераключыў усе тэлефоны на прыёмную і, пазіраючы кудысьці за акно, коратка і дакладна пералічыў усе ці амаль усе праблемы, якія належыць неадкладна вырашыць.

Кірыла ўважліва выслухаў дырэктара і нейкі час сумленна моршчыў лоб, як бы ўзважваючы на ўласных шалях кожную з праблем і кожнае для іх рашэнне.

Члены камісіі падумалі, што Кірыла Лыкавязаў трапіў у нерат: ні назад ні наперад. Але ён, на здзіўленне, усе праблемы вырашыў адным махам.

— Я мяркую, — сказаў ён, — што нам трэба спытаць наконт усяго гэтага думку Дзяржкіно, у чым нам дапаможа шаноўная Рыма Сяргееўна, бо, мне здаецца, нам самім лёгка збіцца на шлях неаб’ектыўнасці...

Хто, апрача Кірылы Лыкавязава, мог бы знайсці та­кое простае выйсце? Ды ніхто!

Рыма Сяргееўна запунсавелася. Ёй было і прыемна, што звярнуліся да яе, але яна і разгубілася. Каму можна пазваніць па такому далікатнаму пытанню? Старшыні Дзяржкіно?.. I нязручна і небяспечна. Галоўнаму рэдактару? Бескарысна. Можа, адгаварыцца... Але на яе глядзелі з надзеяй, і марудзіць у такіх выпадках азначала паказаць сябе маленькай сошкай, якая толькі на перыферыі спрабуе выставіць сябе важнай персонай.

Яна папрасіла дырэктара набраць нумар намесніка старшыні Камітэта, а той па селектары папрасіў зрабіць гэта сакратарку. Не прайшло трох хвілін, як на провадзе азваўся намеснік старшыні.

Рыма Сяргееўна ў трох словах паведаміла сутнасць справы. Намеснік старшыні — гэта добра чулі ўсе, хто сядзеў непадалёк ад стала, — сказаў: "Адну хвіліначку" і, мабыць, таксама камусьці пазваніў, бо адна хвіліначка зацягнулася да хвілін дзесяці.

— Рыма Сяргееўна, — нарэшце загаварыў намеснік, — перадайце таварышам са студыі, што ўвесь наш кінематограф смуткуе з прычыны заўчаснай смерці найвыдатнейшага кінарэжысёра, таленавітага акцёра, геніяльнага пісьменніка нашага часу Лазара Всільевіча Богшы. Мы страцілі найвялікшы і непаўторны талент.

Рыма Сяргееўна слова ў слова паўтарыла сказанае, падкрэсліўшы словы: "найвыдатнейшы", "таленавіты", "геніяльны", "найвялікшы", "непаўторны".

Члены камісіі, якія дасюль сядзелі затаіўшы дыхан­ие, узрадавана загаманілі, нібы ім было зроблена найвялікшае адкрыццё. Кірыла Лыкавязаў перапыніў гамонку.

— Мы сапраўды панеслі страту, якую нельга запоўніць, — робячы націск на кожным слове, важка і пераканаўча сказаў ён. — Лазар Васільевіч быў нашым сумленнем і вышынёй, на якую мы раўняліся. Я мяркую, што пахаванне яго павінна адбыцца на самым высокім узроўні. Таму лічу несур’ёзнай прапанову паставіць тру­ну з целам у вестыбюлі. Як старшыня Саюза і даўні сябар Лазара Васільевіча, я настойваю аддаць для развітання з нябожчыкам самую лепшую залу...

Члены камісіі, якія нядаўна кідалі каменьчыкамі ў лыкавязаўскі агарод, цяпер слухалі Кірылу з пашанай.

— Але мы не паспеем ужо аформіць глядзельную залу, самую вялікую на студыі, — усумніўся дырэктар.

Кірыла Лыкавязаў двойчы шматзначна кашлянуў. Дырэктар зразумеў, што ў Кірылы Лыкавязава ёсць нейкая іншая прапанова.

— Кірыла Мацвеевіч, вы хацелі прапанаваць нешта іншае? — спытаўся ён.

— Я мяркую, — нібы аказваючы дырэктару невялікую паслугу, сказаў Кірыла Лыкавязаў, — што самым лепшым месцам быў бы першы павільён, дзе яшчэ захаваліся дэкарацыі ад фільма Лазара Васільевіча...