Яму здавалася, што Доля будзе прысаромлены, а то проста знішчаны ягонымі словамі.
— Навошта ж так катэгарычна, — пасля кароткага маўчання зноў загаварыў Доля і яшчэ больш спакойна, як раней. — Я лагеры смерці таксама ведаю не па чутках... Ды і Соф’я Ігнатаўна ведае іх... Так што вашы папрокі нас не закранулі... 3 вашага дазволу, Лазар Васільевіч, я паспрабую абгрунтаваць сваё разумение сумніцельных каштоўнасцей, калі ўжо гаворка зайшла пра іх...
— Мне трэба ісці, — рашуча сказаў Богша. — А сваё разумение гісторыі вы лепей надрукуйце ў якім выданні, каб пра яго ведалі спецыялісты...
Лазар Богша ўстаў з крэсла з рашучасцю чалавека, якому непрыемна далейшая гаворка. Доля з Любай нібы і не заўважылі ягонага намеру пайсці, затое Соф’я Ігнатаўна ўсхвалявалася.
— Фаля!.. Любачка!.. Што ж вы?.. Лазар Васільевіч пакрыўдзіліся... Што ён пра нас падумае?.. Лазар Васільевіч, міленькі, даруйце нам! Мы ў сваёй бярлозе зусім развучыліся гаварыць з культурнымі людзьмі... А ўсё я, я, я! — яна прыціснула да вачэй вышываную насоўку.
Богша разгубіўся, сеў.
"Ліха з ім, — падумаў ён пра Долю, — хай гаворыць!.. Выседжу, выцерплю і назаўсёды развітаюся, каб, барані божа, у другі раз не трапіць у такое недарэчнае становішча".
— Мне і сапраўды трэба ісці, — сказаў ён, — Позна ўжо... Але мне вельмі цікава паслухаць вас, Рафаіл Міхайлавіч.
Богша скрывадушнічаў знарок, спадзеючыся, што Доля і сам не стане прадаўжаць размову. I... памыліўся.
— Бачыце, Лазар Васільевіч, — нібы нічога не здарылася, загаварыў Доля, — некалі, у дагістарычныя часы, чалавек вымушаны быў захапляцца грубай сілай. Прырода ніколі не песціла чалавека, і ён павінен быў змагацца з ёю. Уявіце сабе: голы, з выгляду бездапаможны чалавек, без аініякіх там кіпцюроў або вострых іклаў і адзін на адзін са зверам. Гэта, калі хочаце, прыгожа. Барацьба на роўных... Таму грубая сіла на той час была эстэтычнай катэгорыяй. Чалавек захапляўся спрытнасцю паляўнічага, яго вынослівасцю, дужасцю, адвагай. I нават тады, калі яму даводзілася адстойваць свае паляўнічыя ўгоддзі ад такіх жа, як ён, паляўнічых, грубая сіла выступала ў той жа эстэтычнай катэгорыі, бо яна была сіла правая, справядлівая.
I яшчэ прашу заўважыць, Лазар Васільевіч, што чалавек тады хоць і змагаўся з прыродай, але не гвалціў яе. Ён найбольш спадзяваўся на літасць прыроды. Гэта потым ён не стаў чакаць яе літасці, ну і... не заўсёды выходзіў пераможцам. Прырода — кабета помслівая. 3 ёй трэба абыходзіцца далікатна...
Вы скажаце, што тады чалавек не думаў пра матэрыяльныя выгоды. Ды ўся ягоная дзейнасць была скіравана, каб паесці, адзецца, абудда, нешта назапасіць на чорны дзень.
Верна, Лазар Васільевіч, і тады чалавек не цураўся матэрыяльных выгод. Але не яны ўплывалі на яго. Задаволенасць зробленым — во што было галоўным.
Можа, вы і не цікавіліся, а я дык шмат часу патраціў на адну ўражлівую дэталь. Далажу я вам, Лазар Васільевіч, што ўсе народы свету, без аніякага выключэння, пасля калектыўнай работы — палявання, рыбнай лоўлі, збору ўраджаю, пабудаванай хаты ці любой другой талакі — збіраліся разам, і спявалі, і скакалі, і славілі тых, хто вызначыўся ў працы. Ішло гэта ад задаволенасді зробленым, ад вялікага шчасця, што здолена нейкая праца. Бачыце, які вялікі сэнс!.. Грубая сіла тады найбольш і выступала як сіла, што нешта стварае, а не разбурае. Гэта потым пачалі славіць сілу, якая разбурае, знішчае жывое і нежывое. А тады да такога яшчэ не дадумаліся.
Тады чалавек разумеў, што ў ягоным існаванні ёсць нешта большае і важнейшае за звычайны набытак. Чалавек набывае, чалавек — спажывае. Грубая сіла і тая памірае разам з чалавекам. Але ж ёсць каштоўнасці, якія перажываюць чалавека — песні, малюнкі, прыгожа аздобленыя рэчы. Яны ўвасабляюць вечнасць. Яны ўзвышаюць чалавека над прозай жыцця, як птушку над зямлёй.
Дадумаўшыся да гэтага, чалавек стаў паважаць сябе. Паважаць, Лазар Васільевіч! Не за сілу, за дух свой!.. Во што важна, Лазар Васільевіч! Дык чаго ж мы, людзі цывілізаваныя, услаўляем грубую сілу, ледзь не молімся ёй? Дзетак нашых ці не з калыскі прывучаем да таго, каб шанавалі грубую сілу... А пра дух калі і прыгадваем, дык сарамліва. Найбольш прыкідваючыся, прыгадваем.
Вось вы ўсміхаецеся, Лазар Васільевіч, глядзіце на мяне як на дзівака, гэткага смешнага правінцыяла, які нешта сабе ўявіў і займаецца нікому непатрэбнай справай. На жаль, вы не адзін, хто вось так пагардліва глядзіць на нас, перыферыйных. Гэтым я ніяк не хачу абразіць вас, Лазар Васільевіч. ёсць нейкая заканамернасць у стаўленні людзей адно да аднаго па меры іх аддалення ад першаасновы агульнага нашага паходжання. Жыхар мястэчка з іроніяй ставіцца да вясковага чалавека, а да таго местачкоўца з такой жа іранічнай паблажлівасцю ставіцца гарадскі жыхар. Да гарадскога — сталічны... Яно, можа, і праўда, мы, хто жыве на перыферыі, неяк інакш выказваемся. Але ж гэта, Лазар Васільевіч, ад нашай сціпласці, ад няўпэўненасці, а не ад таго, што мы неяк інакш думаем. Хоць, можа, і інакш, без выкрунтасаў. Нахабнасці ў нас няма. Паслухаеш каторага з недасяжных сталічных вышынь — божа мой! Колькі ўпэўненасці, нахрапістасці, а што ў ягоных словах сваё, што запазычанае?.. Адна пыха свая!.. Але ж паспрабуй запярэчыць!.. Дзе там!..