Выбрать главу

Лазар Богша даўно ўжо згубіў логіку Долевай гаворкі. Яму было бясконца сумна. Але апошнія выказванні закранулі Лазара за жывое.

— Дзіўная ў вас звычка, — сказаў ён, — запрасіць да сябе і адчытваць без аніякай на тое падставы...

Мабыць, Доля і сам зразумеў, што лішне захапіўся ў сваіх выкрываннях.

— Божа крый, Лазар Васільевіч, я кажу, так ска­заць, абстрактна, не канкрэтна... Як жа вы маглі пакрыўдзіцца?.. Да вас гэта не мае ніякага дачынення. Больш таго, вы, спадзяюся, і самі адчувалі на сабе іранічную паблажлівасць... Але дазвольце ўжо, я давяду сваю думку пра сумніцельныя каштоўнасці, пра якія пачаў быў гаварыць. Вы ўжо даруйце, што я, як той верабей, пераскокваю з галінкі на галінку. Дрэва ў іх адно. Гэта, так сказаць, наш, усіх правінцыяльных філосафаў недахоп. Хоць якія мы філосафы?.. Проста любім сам-насам падумаць у вольныя хвілінкі. Нам жа часам і пагаварыць не бывае з кім...

Дык я спыніўся на тым, што чалавек некалі пачаў паважаць сябе, адкрыўшы сапраўдныя каштоўнасці.

Ну, так, стаў паважаць, а мы пра яго думаем іранічна, паблажліва. Не толькі, так сказаць, па гарызанталі, як я ўжо меў магчымасць даказаць вам у адносінах паміж чалавекам гарадскім і вясковым, правінцыялам, але і па вертыкалі. Што гэта азначае?.. А тое, дарагі Ла­зар Васільевіч, што ў адносінах да сваіх продкаў мы ўсе, без выключэння, маем лішне катэгарычнае і няправільнае ўяўленне як аб людзях наіўных, можа, нават недаразвітых, якія нічога не ведалі, нічога не ўмелі. I ніяк не можам зразумець той простай ісціны, што яны ў чымсьці пераўзыходзілі нас. Мы пераважаем тэхнікай, а яны разуменнем, адчуваннем таго, што рабілі. Яны, Лазар Васільевіч, умелі "на вока" вызначыдь, ці гатова плаўка, ці яшчэ трэба трохі пачакаць. Во як!.. Але самае галоўнае не ў гэтым. Тыя далёкія нашы продкі ўмелі слухаць душой, сэрцам, а не галавой. Таму ім не патрэбны былі мана і крывадушнасць. Сэрцам не збрэшаш...

Во, Лазар Васільевіч, у чым іхняя самая вялікая перавага. Мана і крывадушнасць паявіліся пазней, калі культ грубай сілай завалодаў людзьмі, але ўжо ў іншай субстанцыі — матэрыяльнай.

Тут у мяне, Лазар Васільевіч, свой пункт гледжання на ход чалавечай гісторыі. Магу ж я, урэшце, мець свой пункт гледжаиня. Няўжо ж я ўсё сваё жыццё павінен паўтараць услед за кімсьці яго няправільныя погляды на гісторыю.

— Даруйце, але я павінен ісці, — перапыніў яго Бог­ша.

Доля, нібы спаткнуўшыся і балюча параніўшы нагу, аж перасмыкнуўся.

— Чакайце, чакайце, я не сказаў галоўнага... Гісторыя, Лазар Васільевіч, блукае па забытых сцежках, — гаварыў ён спяшаючыся, бо Богша рашуча падняўся з-за стала. — Затое, калі яна збіваецца на новыя, дык пракладае іх, мосцячы чалавечымі касцямі, паліваючы чалавечай крывёю... Прыгадайце хоць бы Калумба. Ды я пакланіўся б яму ў ногі, але як падумаю, што спачатку іспанцы, а потым і амерыканцы-каланізатары знішчалі індзейцаў, тут ужо ў мяне ніякай радасці ад таго, што Калумб адкрыў Амерыку... Лазар Васільевіч, уявіце толькі, возьме чалавек чалавечае дзіця за ножкі і галоўкай аб дрэва... Жах, жуда, а амерыканцы яшчэ хваліліся, колькі і хто забіў нявінных душ... Дык навошта ж мне такое адкрыццё, калі яно прывяло да гібелі людзей, можа, найвялікшых геніяў чалавецтва. Геніяў, Лазар Васільевіч! Бо ад тых, хто забіваў, ды і цяпер забівае, чакаць геніяльнасці не даводзіцца. Уся іхняя "геніяльнасць" — забойствы. Азірніцеся наўкола, Лазар Васільевіч, людзі ж па чалавечых касцях ходзяць, па ка­лена ў крыві. Спыніцеся, людзі, хачу я крыкнуць. А ка­му, Лазар Васільевіч? Адны сваімі клопатамі занятыя, як тыя мурашкі — бягуць сабе цераз дарогу і не здагадваюдца, што ўжо коцяцца калёсы і многія з іх трапяць пад капыты каня і жалезныя колы павозкі. Бачу, вы хочаце мне запярэчыць.