Доля ўсхліпнуў. Лазар Богша не ведаў, што трэба гаварыць у такіх выпадках. Спачуваць?.. Якімі словамі?.. I ўжо зусім разважліва падумаў, што Любы няма дома і яму давядзецца ехаць на пахаванне. Ехаць не хацелася.
— А Люба за мяжой, — сказаў ён, даючы зразумець, што сам ён не можа прыехаць.
— Лазар Васільевіч, — узмаліўся Доля, — прыязджайце, бо я разгублены да памутнення розуму...
Богшу стала няёмка. Ён раптам пачуў сваю і Любіну віну перад Долем і Соф’яй Ігнатаўнай. Яны з Любай зусім забыліся на старых, што засталіся ў глухім мястэчку, у былой царкве, якая стала музеем, быццам і Доля і Соф’я Ігнатаўна таксама музейныя экспанаты, на якія адзін раз глянуўшы, можна забыцца.
— Ну, канечне, канечне, я прыеду, — паспешліва пагадзіўся ён.
Гадзіны праз чатыры Богша прыехаў у мястэчка на таксі. Ужо бралася на золак, і ў хатах свяціліся агні. Кволенька асвятлялася і акно ў пакоі Соф’і Ігнатаўны. Богша заглянуў у яго. Перад партрэтам у багетавай рамцы гарэла свечка. На крэсле сядзеў Доля, абхапіўшы галаву рукамі. Богша ціхенька пабарабаніў у шкло.
— Я так чакаў вас, — абдымаючы Лазара Богшу, сказаў Доля. — Яна сканала ў бальніцы. Я пайшоў дамоў павячэраць, прыходжу, а яе ўжо няма.
Лазар Богша як умеў супакоіў Долю...
Хавалі Соф’ю Ігнатаўну назаўтра. Лазара Богшу засмуціў да бязлікасці спрошчаны абрад пахавання. Hi прамоў, ні аркестра, ні вянкоў, ні кветак. Белую, збітую з габляваных дошак труну паставілі на грудок зямлі. Нейкая бабуля папырскала магілу вадой з бутэлечкі. Двое дужых мужчын узяліся за канцы вяровак, паціху апусцілі труну ў ашчэраную зяпу магілы.
I зноў Богша адчуў сваю віну перад нябожчыцай. У мітусні будняў, у вечным чалавечым эгаізме ён так ніколі і не пагаварыў з Соф’яй Ігнатаўнай. Яны з Любай жылі самі па сабе, Соф’я Ігнатаўна з Долем самі па сабе. Як чужыя.
На памінках ён выпіў заведзеных па абраду тры чаркі, непрыкметна падняўся і выйшаў у музей. Яму хацелася пазбавіцца ад гнятлівай атмасферы памінкаў. То зноў было праяўленне эгаізму, але Богша і сапраўды не мог бачыць памінальнага стала.
У музеі ён пайшоў ад закутка да закутка, думаючы пра здзіўляючую жывучасць рэчаў і імгненнасць чалавечага жыцця.
— А гэта ўсё яе, Зосьчына, — вывеў яго з задуменнасці Долеў голас.
Рафаіл Міхайлавіч стаяў на праходзе перад тым закуткам, дзе вісеў іканастас. Богшу ўразіла супярэчлівая гэтай горкай часіне дзіўная прасветленасць Долевага твару. А яшчэ больш уразіла, што музейныя рэчы належалі Соф’і Ігнатаўне. Тады, у першае знаёмства, Соф’я Ігнатаўна, наадварот, падкрэслівала, што рэчы збіраў Доля.
Сям’я гэтая ўсё яшчэ заставалася для Богшы таямніцай. Усе — Соф’я Ігнатаўна, Доля, Люба — былі такія непадобныя, нібы выпадкова сабраныя пад адным дахам. Богшу здалося, што яго знарок не дапускалі ў гэтую сям’ю, нібы ён быў з іншага свету. Зрэшты, падумалася Богшу, ён і сам не дужа імкнуўся нешта высветліць, нешта вызнаць пра жыццё Долі і Соф’і Ігнатаўны. Ды ў каго ёсць цікавасць да чужых жыццяў? Людзі затаіліся па кватэрах, раздзеленых калідорамі, пад’ездамі, жалезабетоннымі камяніцамі. На працу ходзяць, каб працаваць, сварыцца з-за дробязей; на сходы, каб слухаць старанна напісаныя, да косачкі вывераныя прамовы; на юбілеі, каб гаварыць кампліменты, а назаўтра пасміхацца і з сябе, і з юбіляра...
Лазару Богшу захацелася спытацца ў Долі пра Соф’ю Ігнатаўну? Хто яна? Як трапіла ў гэтую глухамань?.. Што звязвала яе і Долю? Але нешта замінала. Ці не тая самая боязь парушыць замкнутае кола чужой тайны, не даць падстаў для цікаўнасці, для спробы заглянуць і ў ягоны свет думак і адчуванняў.
Богшу падумалася яшчэ, што людзі старанна захоўваюць свае думкі, нібы баяцца выказаць іх уголас.
Чаму баяцца?.. А можа, і не баяцца, а гэта толькі так здаецца?.. "Не, чорта з два, сам я не вельмі люблю дзяліцца думкамі. I не таму, што яны ганебныя. Яны не лезуць у пракрустава ложа звычнага, прынятага..."
— Іканастас таксама належаў Соф’і Ігнатаўне? — спытаўся ён.
Доля нечага збянтэжыўся, быццам Богшава пытанне зачапіла ў ім непрыемныя згадкі. Ён зайшоў у закутак, выцягнуў насоўку, абмёў пыл з разной аздобы іканастаса, хоць Богша таго пылу і не заўважыў.
— Іканастас, як і многія іншыя рэчы, належаў некалі Аркадзю Аркадзевічу, — сказаў ён і, нібы раскаяўшыся, зацкавана глянуў на Богшу.
Лазар Богша зразумеў, што далейшыя пытанні, па крайняй меры, пра тое, хто такі Аркадзь Аркадзевіч, будуць нетактоўныя. Ды і што яму да таго, каму належаў іканастас, хто такі Аркадзь Аркадзевіч?
— Аркадзь Аркадзевіч быў мужам Соф’і Ігнатаўны... Да вайны...
Во, гэта сапраўды было нечакана!