Лазар Богша ўсміхнуўся.
— Я кажу пра людзей...
— Людзьмі я таксама не абдзелены, — запярэчыў Доля.
— Вам было б добра ў нас... А на гэтыя музейныя рэчы знойдзецца гаспадар...
— Будзем вячэраць, — прапанаваў Доля.
Яны сядзелі за сталом у суровай маўклівасці. Лазар Богша незаўважна назіраў за Долем. Пры электрычным асвятленні той выглядаў блага: некалі крамяныя, са здаровай пунсовасцю шчокі адрузлі, пабляклі, і цяпер на іх выразна выступалі склератычныя капіляры — барвова-сіняватая сетачка жылак пад жаўтлявай маршчыністай скурай; згаслі і Долевы вочы, прыкрыліся падпухлымі павекамі пад рэдзенькімі вейкамі; ды і ўся Долева пастава, калісьці стройная, згорбілася, сціснулася, як высушаны грыб.
"Сапраўды, куды яму ехаць, — падумаў Богша, і ад спачувальнай думкі кальнула ў сэрца. — Няхай дажывае астатнія дні тут, а мы з Любай паможам, не забудзем..."
Пад уладай моцнага пачуцця, што нахлынула знянацку, Богша шчыра верыў, што так яно і будзе, што яны з Любай абавязкова паклапоцяцца пра адзінокага старога, хоць, папраўдзе, не ўяўляў, як яны будуць клапаціцца.
— Калі вам спатрэбяцца грошы, дык вы не саромецеся... Я зараз багаты, — пахваліўся Богша.
— Мне многа не трэба, — адказаў Доля. — Спажывайце самі. Вы — маладыя...
Лазар Богша ўсім нутром адчуваў, што гаворка гэтая вымушаная, з брыдкім душком няшчырасці, якая хаваецца за словамі спачування. Мабыць, тое ж адчуваў і Доля. Але абодва яны не маглі пераступіць бар’ер, узведзены імі яшчэ ў часе першага спаткання. Потым, кожны раз, калі яны сустракаліся, бар’ер гэты толькі вырастаў, як нарастае наледзь ля калодзежа, з якога часта бяруць ваду.
— Я, бадай, лягу спаць, — сказаў Богша.
Доля падхапіўся, каб паслаць ложак. Той самы, на якім ляжала Соф’я Ігнатаўна. Лазара Богшу аж страсянула, што павінен спаць на гэтым ложку, але ён не адважыўся папрасіць, каб Рафаіл Міхайлавіч паслаў яму дзе-небудзь яшчэ.
— Дык вы ўсё ж заўтра едзеце? — спытаўся Доля, нібы толькі цяпер зразумеўшы сэнс сказаных Богшам слоў.
— Праца, нічога не паробіш, — адказаў Богша.
— Я хацеў што-кольвечы паказаць вам... Можа, прачыталі б...
Перспектыва гэтая — чытаць нейкую Долеву пісаніну — прыйшлася Богшу не даспадобы. Але сёння яму не хацелася адмаўляць Долю ні ў чым. I ўсё ж ён не стрымаўся, каб не пакпіць:
— Ці не раман напісалі, Рафаіл Міхайлавіч?.. А можа, сцэнарый у стылі італьянскага неарэалізму?..
— Hi тое, ні другое, — адказаў Доля, не заўважаючы кплівага. тону. — Дык я, з вашага дазволу...
Нібы баючыся, што Богша можа перадумаць, Доля дастаў з камода стос тоўстых самаробных сшыткаў.
— Што гэта? — жахнуўся Богша.
— Маё жыццё, — адказаў Доля.
***
То, уласна кажучы, быў не мастацкі твор — раман ці аповесць, — а даследаванне, скрупулёзна праведзенае, багата аргументаванае, — навуковая праца па гісторыі, якой яшчэ не было, якую пакуль не напісалі дыпламаваныя навукоўцы, у якой Доля ўважліва разглядаў погляды іншых на гістарычныя падзеі, на гісторыю, а потым рабіў нечаканыя, часта зусім супрацьлеглыя традыцыйным, вывады, якія ашаламлялі Богшу.
Магчыма, таму, што сам ён гісторыяй не захапляўся, хоць і ведаў яе няблага.
Зрэшты, назваць працу навуковай у тым сэнсе, у якім мы прызвычаіліся яе бачыць, дзе з зайздроснай упартасцю вытраўляецца кожнае жывое слова, таксама было рызыкоўна — могуць наклеіць ярлык дылетанта, аматара, а проста кажучы, далёкага ад навукі чалавека. Па цяперашнім разуменні, навуковай працай лічыцца ўсё, што недаступна зразумець простаму чытачу, што напісана строгім, гэта значыць казённым стылем, накшталт стылю інструкцый па пажарнай ахове, дзе ўсё старанна раскладзена па палічках, а кожны вывад недатыкальны, як малітва, які і запамінаць трэба, як малітву, калі хочаш атрымаць прыстойную адзнаку на экзаменах.
Долева праца нічога агульнага з навуковымі працамi дыпламаваных мужоў не мела і напаміне. Яна была напісана мовай, якая, па словах паэта, з кавалка шэрага жыцця робіць салодкую легенду. У ёй былі не толькі факты, вывады — навуковая тканіна, — але займальнасць і пачуццё, якое дзеля аб’ектыўнасці вучоныя мужы таксама старанна вытраўляюць са сваіх навуковых прац.
Але якраз тое, што ў Долевай працы прысутнічала вось гэтае пачуццё, што яна была напісана не абыякавай рукой, а сэрцам зацікаўленага чалавека, і падабалася Богшу; гісторыя, сіла слова і пачуцця, ператвораная ў рэальнае жыццё, а не мёртвая схема, якой зрабілі (і ці толькі гісторыю) цяперашнія спаборнікі на атрыманне вучоных ступеняў.
Лазар Богша так і не заплюшчыў вачэй, чытаючы Долевы сшыткі, але так і не паспеў адолець іх.