— Я ўражаны вашай працай і вашай мужнасцю, — сказаў Богша за чаем, які было прынята піць тут раніцай. — Але, прызнаюся, не бачу, дзе вы надрукуеце яе. У выдавецтвах, дзе друкуюць мастацкую літаратуру, яе забракуюць як лішне навуковую, а ў навуковых — як лішне мастацкую...
— Вы паспелі прачытаць усе сшыткі? — спытаўся Доля.
— Не, — прызнаўся Богша. — Але я некалі дачытаю іх...
— Калі я памру, забярыце сшыткі, — папрасіў Доля. — Хочацца верыць, што некалі іх надрукуюць і будуць чытаць з удзячнасцю. Я хацеў адкрыць невядомы мацярык — нашу гісторыю ў яе рэальнасці, а не прыдуманасці на нейкія патрэбы...
***
У экспедыцыі, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, куды па волі сцэнарыста быў закінуты герой новага Богшавага фільма, Лазар Богша атрымаў тэлеграму:
"Памёр Рафаіл Міхайлавіч".
Hi подпісу, ні даты, ні дня пахавання на сінім казённым бланку не было. Усяго тры словы: "Памёр Рафаіл Міхайлавіч".
Лазара Богшу ўразіла гэтая паштовая лапідарнасць, за якой хавалася жыццё, так і не разгаданае Богшам. Трагедыя, якая ўмясцілася ў трох словах! Во, дзе захаваны талент — у паштовым ведамстве!.. А мы захапляемся Хемінгуэем!..
Думкі, адпаведна падзеям, былі маркотныя.
А навокал уладарыў ліпень. Самы яго пачатак. I там, дзе Богша здымаў фільм, праз усе суткі не заходзіла сонца. Яно абягала неба па крузе, нібы пляло вялізны прамяністы вянок.
Лазар паглядзеў на гадзіннік. Было васемнаццаць хвілін на другую гадзіну дня, а не ночы, бо па прывычцы яны захоўвалі распарадак сярэдніх шырот.
— Што будзем рабіць, Люба? — спытаўся ён у жонкі.
— Не захочаш жа ты зрываць графік здымак, — сказала яна, грыміруючыся перад кругленькім люстэркам. — Ды і ўсё адно спознімся на пахаванне, нават калі і дастанем білеты на самалёт. Але білетаў ты ні за якія грошы не дастанеш, бо зараз адпускная кампанія...
Не, Лазар Богша не хацеў зрываць графік здымак і тым самым пазбаўляць здымачную групу прагрэсіўкі. Ну, сапраўды, яны маглі спазніцца на пахаванне. Вядома, і білеты на самалёт не чакалі іх у аэрапорце горада, якога яшчэ не было на геаграфічных картах. I ўсё роўна ён не мог спакойна ўспрымаць разважлівую да ачмурэння жончыну правільнасць. Захацеўшы, можна даляцець на ўласных крылах, а яна сядзіць, старанна грыміруецца, быццам памёр не Рафаіл Міхайлавіч, а забыты людзьмі і богам жабрак у трушчобах Нью-Йорка.
Бязлітасна асуджаючы жонку, Богша злавіў сябе на думцы, што ён у душы задаволены яе катэгарычнасцю. Як гэта добра, калі нехта бярэ на сябе адказнасць! Яму зусім не хацелася перапыняць здымкі. Спыніся на дзень-два і ўжо не вернеш былую прывабнасць сцэнарнага матэрыялу, а страціць натхненне, з якім зараз працуюць акцёры, можна і за лічаныя гадзіны.
Заведзеная машына здымак рушыла далей. Толькі праз два месяцы пасля тэлеграмы Лазар Богша завітаў у мястэчка, дзе жыў Доля. Мястэчка сустрэла яго бязлюднымі, прыціхлымі ў асенняй знямозе вулачкамі. Над парудзелымі і парадзелымі местачковымі агародамі чорнай хмаркай праносіліся шпакі перад тым, як паляцець у вырай. У садах спела садавіна, на градах чырванелі памідоры, а сярод жорсткага ўжо агурэчніку даспявалі вялізныя, бурыя ад загару насенныя агуркі.
Ды і ўсё навакол пачарсцвела: лісце, трава, кветкі, людзі...
Лазар Богша дайшоу да царквы-музея, спыніўся ў нерашучасці перад цяжкімі акаванымі дзвярыма: на іх вісеў вялізны замок, апячатаны яшчэ сургучнай пячаткай. Зачынены былі і тыя дзверы, што вялі ў пакойчыкі Долі. На іх ляпіліся дзве сургучныя пломбы, што сведчыла пра тое, што апячатана і жыллё Долі.
Цяпер мястэчка зноў вярнула сабе сельсавецкі статут, які гадоў пятнаццаць замяняўся статутам раённьім. Богша адправіўся ў пасялковы Савет, што разам з канторай саўгаса размяшчаўся ў былым "Доме ўрада", як местачкоўцы называлі будынак райвыканкома — двухпавярховы дом з калонамі і невялічкім кветнікам перад ім.
У пассавеце сядзела справаводка — касавокая рудая дзяўчына, якая нічога не ведала пра музейныя справы. Але яна падмелася паклікаць сакратара пассавета, і тая неўзабаве паявілася ў сівым, па модзе, парыку, які нагадваў буслінае гняздо. Звалі яе Еўдакія Еўдакімаўна.
— Рэчы можаце забраць, — сказала яна Богшу, — бо на іх ёсць распараджэнне завяшчальніка як і на грошы ў ашчаднай касе на імя Любові Аляксандраўны Азарэвічавай у замужжы Богшы...
Сакратар выпаліла ўсё гэта на адным дыханні, не прызнаючы ні паўзы між словамі, ні знакаў прыпынку — залпам.
У Богшы было Любіна даручэнне, аформленае па ўсіх патрабаваннях закона.