"Не дай, божа, сытасці, ад якой глухне сэрца, і пасады, якая слепіць вочы".
"Забойца не церпіць, каб прыгадвалі мінулае. "Каму гэта патрэбна?" — дзівіцца ён, не разумеючы, што праўда неабходна людзям, як паветра".
"Толькі вар’яты здольны ўслаўляць зло, у імя чаго б яно ні было зроблена".
"Яшчэ невядома, хто каго прыручыў: чалавек сабаку ці сабака чалавека. Сцеражыцеся трапляць у палон да прыручаных намі!.."
"Праца зрабіла чалавека рабом набытку — мастацтва дае яму магчымасць адпачыць ад пут рабства".
"Забярыце ўсё золата свету, але пакіньце мне песню — я буду шчаслівы".
"Безразважнасці храбрых пяём мы песню, але і асуджаем гэтую безразважнасць смелых".
Богша налічыў дзесяць выслоўяў і зарагатаў, нібы яго добра паказыталі. Вунь яно што!.. Доля — у ролі бога, які дае дзесяць запаведзяў чалавецтву!.. Ну, і Рафаіл Міхайлавіч, насмяшылі!.. Але дзе вы?.. Выходзьце, не хавайцеся, за царскімі варотамі ў захрыстай...
Доля не азваўся. Тады Богша падышоў да царскіх варот і рашуча расчьшіў іх. За імі не было ні прывычнага для царквы алтара, ні нават звычайных сцен. Як кінуць вокам прасціралася бялюткая, усланая снегам роўнядзь. У канцы яе, на самым даляглядзе, стаяў маленькі, з пазногцік, Доля ў чорным адзенні манаха, а можа, суддзі ці магістра акультных навук. Маленькі бог у вобразе чалавека.
Богша пайшоў па снезе, з цяжкасцю валочачы па ім ногі. Яму хацелася сказаць Долю нешта дужа важнае, і ён ішоў, наперакор свайму бяссіллю, задыхаючыся ад нейкага цяжару, што ціснуў на грудзі.
Ён быў ужо зусім блізка ад Долі, калі той раптам пачаў падымацца над полем, а ў яго за спіной вырас прапелер, які страшэнна загуў, затрашчаў, аж закалола ўвушшу. Рафаіл Міхайлавіч праляцеў над Богшам, насмешліва памахаўшы рукой. Гул яго прапелера памалу стаў заціхаць.
Богша хацеў скрануцца з месца, але ні ногі, ні рукі не слухаліся яго. Ён ірвануўся з усіх сіл і прачнуўся.
3 неба ўсё яшчэ далятаў, прыглушаны адлегласцю, Долеў прапелер, а навокал яго, Лазара Богшы, прасціралася белая роўнядзь, і сам ён патанаў у бялюткім мяккім снезе. Ён бачыў толькі свае плечы і адну руку, якая была засунута пад куртку. Другой рукі і ног у яго не было.
"Дзе я згубіў іх?.. На вайне?.. А калі яна пачалася і закончылася? I ці закончылася?.. Ці заканчваюцца наогул калі войны?" — з жахам падумаў ён і прачнуўся другі раз.
Аднекуль, як з глыбіняў акіяна, да яго неахвоча вярталася азяблая, хворая, нібы чужая, памяць. Яна памалу расстаўляла падзеі па іх звычных месцах.
Ён, Лазар Богша, сядзеў на ўчарашнім кастрышчы, засыпаны па самыя плечы снегам, які, няйначай, выпаў, пакуль ён спаў, а з-за лесу, што чарнеў па той бок возера, гулка стракочучы, ляцеў, падобны на вялізную страказу, верталёт.
Лазар Богша ўскочыў на здранцвелыя ногі, радасна замахаў рукамі, закрычаў па-дзікунску, што было сілы, не дзеля таго, каб яго заўважылі і пачулі — вельмі трэба верталётчыку звяртаць увагу на нейкага ідыёта, што заначаваў у лесе, — а дзеля таго, каб адчуць рэальнасдь свайго існавання. Богшу ўсё яшчэ здавалася, што ён спіць і сніць дзесяць запаведзяў Долі, напісаных на сценах і калонах. Прытрызніцца ж такое! Захацеў бы прыдумаць, ніколі не дадумаўся б...
На ягонае здзіўленне, верталёт, праляцеўшы над ім, раптам павярнуў назад, рэзка крутнуўшы кароткім хвастом, завіснуў над палянай, дзе стаяў Богша, памалу стаў апускацца, раздзімаючы мяккі, неўляжалы снег.
Над палянай разгулялася завіруха. Халодныя хвалі паветра, што пагнаў з-пад сябе верталёт, ахапілі Богшу, працялі наскрозь ягоную сінтэтычную апранаху.
"Знайшлі дзе прызямляцца, — падумаў Богша. — Нідзе ад сучаснай тэхнікі не знайсці спакою... А што будзе далей?.. Можа, і ратунку ад яе не знойдзеш..."
Верталёт спружыніста прызямліўся на тры крывыя нагі, залапатаў, завуркатаў, зачыхаў, нібы той гуляка кот, які нарэшце дабраўся да цёплай печы. Ён яшчэ размахваў доўгімі лопасцямі вінта, як вятрак, павалены бурай на бок, а з яго чэрава ўжо нехта выскачыў на снег, бег да Богшы, размахваючы рукамі.
"Гэта ж Карней Карнеевіч Кладачка, — здзівіўся Богша, ніяк не здагадваючыся, чаму тут, ды яшчэ на верталёце, паявіўся дырэктар ягонага фільма. — Нешта, мабыць, здарылася: Карней Карнеевіч плача..."
У Карнея Карнеевіча сапраўды па шчоках каціліся слёзы. Ён падбег да Богшы, чамусьці стаў абмацваць яго, нібы хацеў пераканацца, што ўсё Богшава засталося пры Богшы.
— Лазар Васільевіч!.. Ах, Лазар Васільевіч!.. Жывы!.. Глядзіце, жывы! Радасць якая, Лазар Васільевіч!..
Ён абхапіў Богшу за плечы і тройчы пацалаваў, а потым прыпаў да Богшавага пляча.