— Карней Карнеевіч, ну, што вы сапраўды разнюніліся, як баба? Можа, нешта здарылася ў групе?.. Чаму вы тут і як дазналіся, што я пайшоў да трох дубоў?..
Богша бесцырымонна, як умеў рабіць толькі ён, адхіліў Кладачку. Той адразу ўзяў сябе ў рукі.
— Спачатку глыніце вось гэтага бальзаму, — сказаў Карней Карнеевіч, выцягваючы з кішэні славутую на ўсю кінастудыю сярэбраную пляшку з каўпачком-чаркай. — Не хапала нам, каб яшчэ вы прастудзіліся...
Богша глынуў проста з пляшкі гарачай пахучай вадкасці. Яна пракацілася вогненнай хвалькай па азяблым нутры. Лазару Богшу сапраўды стала цёпла і хораша.
— Дык вы што, па мяне? — спытаўся ён з наіўнасцю дзіцяці, якое не можа паверыць, што пачастунак прынеслі яму.
— Дайце рады, — пакрыўдзіўся Карней Карнеевіч, — мы ўсю ноч не спалі. Увесь лес аблазілі. Думалі, можа, вас ваўкі разарвалі... Яны ўчора пад вечар двух апошніх сабак звялі.
— Дык я іх бачыў, — захоплена сказаў Богша. — Ваўкі іх з’елі... Непадалёк ад мёртвага лесу... Жудасць!.. Я кажу пра лес... Ваўкі таксама...
Карней Карнеевіч, няйначай, не паверыў ніводнаму Богшаваму слову.
— Пойдзем, пойдзем, Лазар Васільевіч, — падагнаў ён Богшу. — Верталёт чакае... I так нам гэтая экскурсія ўляціць у капеечку... А пра ваўкоў і мёртвы лес можна пагаварыць і ў верталёце... Ды і госці чакаюць...
— Значыць, усё-такі нешта здарылася? — спытаў Богша.
— Дык жа начальства прыехала...
***
У холе прафілакторыя, патануўшы ў мяккім крэсле так, што каленкі, абцягнутыя ажурным капронам, тырчалі на ўзроўні падбародка, сядзела Тамара Змітраўна Накіпелава ў світэры тонкай вязкі, які павінен быў надаваць сухарлявай постаці спартыўны выгляд.
Тамара Змітраўна Накіпелава — галоўны рэдактар кінастудыі — і была тым начальствам, пра якое гаварыў Карней Карнеевіч Кладачка. Каля яе стаяў на каленях аўтар сцэнарыя Цімох Баравік-Залеўскі і нешта горача гаварыў Накіпелавай — можа, чытаў маналог Усяслава Полацкага, а можа, прызнаваўся Тамары Змітраўне ў каханні.
Сцэнка ігралася яўна з гумарам, на які быў здатны Баравік-Залеўскі.
Лазар Богша не хацеў перашкаджаць Цімохавай гульні — хай бядак нацешыцца роллю закаханага рыцара. А Тамара Змітраўна, здаецца, успрымала ягонае скамарохства як прыемную прыгоду. Ну, і няхай!..
Пры ўсім тым, што між Богшам і Баравіком-Залеўскім узнікалі даволі частыя спрэчкі, калі яны абодва крычалі, як рэзаныя вепрукі, кляліся навек разысціся і сустрэцца хіба на тым свеце, яны не пераставалі сябраваць, паважаючы адзін у адным як дабрачыннасць, так і недахопы. То была не тая, цяперашняя дружба людзей, якія дасягнулі поспехаў і дружаць, пакуль маюдь адзін у другім патрэбу, а калі такая патрэба мінае, тут жа забываюць адзін другога; дружба Богшы і Баравіка-Залеўскага трымалася на ўзаемных сімпатыях і антыпатыях, на тых прынцыпах, якія выпрацавала ваеннае ліхалецце, калі хадзіць у разведку можна было толькі з верным чалавекам, які не кіне ў бядзе.
Баравік-Залеўскі кончыў свой доўгі маналог, ярасна схапіў руку Тамары Змітраўны і гэтак жа ярасна цмокнуў у пярсцёнак — залаты, з дарагім каменем. Лазар Богша адразу ж выйшаў са свайго сховішча, каб Цімох часам лішне не захапіўся. Тамарай Змітраўнай захапляцца было небяспечна.
За час існаванння кінастудыі галоўнымі рэдактарамі перабывала ці мала рознага народу. Былі сярод яго людзі здатныя, таленавітыя і нават геніяльныя, але ўсе яны надзіва аднолькава заканчвалі кіношную кар’еру — іх, як жартавалі студыйныя насмешнікі, "з’ядалі" разам з чаравікамі і гузікамі. Некалі і Баравік-Залеўскі быў "з’едзены" такім жа чынам, пакінуўшы студыі ў спадчыну Тамару Змітраўну Накіпелаву, якую ён невядома дзе знайшоў.
Тамара Змітраўна адпладіла свайму дабрадзею самым банальным спосабам — яна памагла яго "з’есці".
Пра Тамару Змітраўну па кінастудыі хадзіла ці мала анекдотаў і чутак, якім можна было верыць, але не варта было верыць. Што праўда, Тамара Змітраўна была жанчынай неўтаймаванай энергіі і даволі няўжыўчывага характару, але яна ўмела стварыць вобраз гэткай дзелавой, раскаванай, пазбаўленай забабонаў жанчыны другой паловы дваццатага стагоддзя, так што "з’есці" яе было справай не простай.
Яна нешта пісала, нават выдавала напісанае, а выдаўшы, умела знайсці рэцэнзента на свае творы. Такім чынам стваралася ўражанне, што Тамара Накіпелава не толькі дзелавая жанчына, а яшчэ і творчая асоба.
Між тым яе сапраўднае прызванне заключалася ў тым, каб кіраваць. Не ў тым сэнсе, каб нешта самой рабіць, а ў тым, каб раздаваць распараджэннні, ад якіх пры неабходнасці можна адмовіцца з неймавернай лёгкасцю; гаварыць заключныя прамовы, спажываючы чужыя думкі і выдаючы іх за свае; правіць гатовыя мастацкія творы і чым больш таленавітага аўтара, тым з большым імпэтам. Усё гэта сведчыла пра схільнасць Тамары Накіпелавай да графаманства. Але які графаман лічыць сябе графаманам? Наадварот, графаманы самыя ваяўнічыя людзі, бо перакананы, што толькі яны спасціглі вяршыні і глыбіні творчасці.