Выбрать главу

Богша зразумеў, што Кірыла Лыкавязаў такі не на жарт усхадзіўся.

— Ліха з вамі, я згодзен, — раптам сказаў ён, выклікаўшы немалое здзіўленне ў Накіпелавай. — Але ў такім разе і я ўнясу папраўкі, і даволі рашучыя.

— Не, не! — запярэчыла Накіпелава.

— Тады закрывайце карціну, — секануў Богша і не спяшаючыся закурыў цыгарэту.

У Лазара Богшы склалася ўражанне, што на кінастудыі адносна ягонага фільма няма адзінай думкі. Значыць, можна яшчэ засцерагчы яго ад таго нахрапістага, валявога рэдагавання, якое з зялёнага дрэва робіць тэлеграфны слуп. Ды і закрываць фільм, калі на яго выдаткавана столькі грошай, бадай, ніхто не стане. Тая ж Накіпелава згубіць прэміяльныя. Але папсаваць нервы Лыкавязаў пастараецца.

Накіпелава насцярожана паглядзела на Богшу: жар­туе ці кажа сур’ёзна?

— Лазар Васільевіч, — сказала яна, — я не ўпаўнаважана рашаць усе пытанні. Хай гэта робіць дырэктар. Але мушу сказаць, што праўкі, якія зроблены, не могуць быць адвергнуты. Інакш... Інакш мы спынім здымкі і паедзем на студыю, каб вырашыць усё на мастацкім савеце.

Гэта было сур’ёзна.

— Перанясём гаворку на заўтра, — здыпламатнічаў Богша.

— Дарэмна ты не згаджаешся, — паспачуваў Баравік-Залеўскі. — Я таксама маю права голасу.

— На заўтра дык на заўтра, — пагадзілася Накіпелава, няйначай, спадзеючыся да заўтрашняга дня перагаварыць з Лыкавязавым.

Развітаўшыся з гасцямі, Богша паклікаў да сябе Кладачку.

— Неадкладна выклікай тэлеграмай Любу, — загадаў ён дырэктару карціны. — Хай вылятае заўтра ж. Пачынаем здымкі...

***

Увечары, калі Накіпелава адправілася спаць, Лазар Богша паклікаў да сябе ў пакой Баравіка-Залеўскага.

Цімох Макаравіч аўсяным снапом паваліўся ў крэсла, спытаўся голасам, у якім не чулася вялікай надзеі:

— Можа, знойдзеш чым прамачыць горла?

— Кавай?

— Пайшоў да д’ябла, — агрызнуўся Баравік-Залеўскі.

— Каву п’юць усе інтэлігенты дваццатага стагоддзя, — пажартаваў Богша.

— Я не дасяг гэтага крывавага стагоддзя з яго вой­намі, фашысцкімі дыктатарамі, дэмагогіяй, электроннай тэхнікай, атамнай энергіяй, вынайдзенай з мэтай забіваць жывое. Я застаюся ў дзевятнаццатым стагоддзі...

— Якое таксама не было абдзелена войнамі, шыбеніцамі для рамантыкаў, знішчэннем цэлых народаў, раб­ствам і прыгонным правам...

— Дазволю запярэчыць, рабства і прыгоннае права канала на прыканцы майго стагоддзя, — вяла запярэчыў Баравік-Залеўскі. — Але мы забраліся ў нетры схаластыкі, а я ставіў перад табой дужа канкрэтнае пытанне: ці ёсць у цябе чым прамачыць горла? Нават па­сля гадзіны суіснавання з мадамай Накіпелавай мяне ахоплівае пякельная смага. А я, да твайго ведама, суісную з ёю аж цэлыя суткі, і маё нутро падобна на пусты­ню Каракум у летнюю спёку. Будзь жа велікадушны, адчыні шлюзы дабрыні сваёй, дабы блаславенная вільгаць грузінскіх вінаграднікаў абрасіла мае ссохлыя вусны...

Не, Баравік-Залеўскі заставаўся непаўторным: сумесь скамарохства, таленту і дабрадушнага прытворства.

Баравік-Залеўскі сапраўды быў таленавіты пісьменнік нейкай дзіўнай, аднаму яму ўласцівай раскіданай таленавітасцю. Ягоная першая кніга вершаў, у якой сярэдневяковая баладнасць, расквечаная сучаснай інструментоўкай верша і эпічнай выразнасцю лепшых паэм савецкага часу, нарабіла некалі нямала шуму. Думалася, Баравік-Залеўскі будзе і надалей працаваць на адкрытай ім урадлівай дзялянцы паэтычнай нівы, а ён раптам сігануў у эпічную прозу, здзівіўшы і тут сваіх прыхільнікаў не толькі багатай моўнай палітрай, але і багаццем думак, і захапляючымі сюжэтамі, і не ардынарнымі, у класічным стылі вобразамі. Потым ён захапіўся крытыкай, напісаўшы некалькі артыкулаў-эсэ, у якіх адкрыў здзіўленаму чытачу траіх пісьменнікаў, якія не тое што былі забытыя, але творчасці якіх дасюль не надавалася належнай увагі. Некалі вось так прыгажосць лонданскіх туманаў адкрыў англічанам ма­стак Манэ. Адначасова Баравік-Залеўскі напісаў пяць ці шэсць п’ес, якія, праўда, надоўга не заваявалі сцэну, але гэта анічуць не сведчыла, што яны слабыя або наогул не вартыя ўвагі. Чэхаўская "Чайка" ў першай пастаноўцы, як вядома, правалілася на сцэне, але ж гэта зусім не азначае, што вінаваты Чэхаў. Наадварот... Што датычыць кіно, дык Баравік-Залеўскі працаваў у ім неахвотна, ды і кіно не вельмі ахвотна кідалася на ягоныя сцэнарыі. Можа, нават хацела б зусім не мець іх, бо гэ­та заўсёды заканчвалася нейкімі канфліктамі.