— Ты меціш у званары?..
— Гусі некалі ўратавалі Рым. Я — Чалавек...
— I ты ўратуеш свет?
— Чалавек слабы, але ён, а не магутны леў, стаў уладаром зямлі...
— Уладаром, які можа знішчыць і самога сябе, — з горыччу сказаў Баравік-Залеўскі. — Я таксама не супраць быць званаром. Сцэнарый і напісаны з думкай пра чалавека-уладара зямлі, які прагне стаць самазабойцай.
— Бітва на Нямізе адна з нікчэмных бітваў у мностве тагачасных бязглуздзіц...
— Каб зазняць горад, які згарае ў агні вайны, неабавязкова падпальваць яго. Дзеля гэтага робяць макет, які згарае за секунды, але зазняты на плёнку, ён уражвае гледача жахлівым малюнкам варварства. Я выбраў бітву на Нямізе — маленькі макет грандыёзных забойстваў на агромністай прасторы сусветнай гісторыі, — каб паказаць дзікую пачварнасць любога забойства, якіх бы памераў яно ні было. Смерць страшная і тады, калі гвалтоўна забіваюць аднаго і калі забіваюць мільёны. Мне аднолькава баліць Хірасіма і нікчэмная вайна нейкіх карлікавых дзяржаў дзе-небудзь у Афрыцы. Слёзы японскага дзіцяці, асірацелага ў Хірасіме, і афрыканскага, бацькоў якога забілі ў засценках юараўскай турмы, аднолькава салёныя, горкія і няўцешныя. На якое ліха мне патрэбна такая цывілізацыя, якая гучна крычыць пра гуманізм і забівае людзей. За што? У імя чаго? Што чалавек мае іншую веру? Другія погляды? Не той колер скуры? Імкнецца жыць інакш, як гэтага хоча нехта другі? Калі кучка людзей спрабуе навязаць сілай свае ўяўленні і свой спосаб жыцця, ды яшчэ выдае гэта за волю самога народа, мне хочацца крыкнуць: якая мана! Якое зладзейства! Якая крывадушнасць! Усіх, хто забівае, хто развязвае забойствы, якімі б прыгожымі словамі яны ні прыкрываліся, варта знішчаць, як шалёных сабак.
— Смерцямі расплачвацца за смерці? — спытаўся Богша.
— Хай! — аж бліснуў вачамі Баравік-Залеўскі. — Хай! А што рабіць, калі ў мільярдаў людзей зямлі хіба нейкія вартыя жалю тысячы вар’яцеюць ад прагі забіваць сабе падобных. 3 многіх тысячагоддзяў існавання цывілізацыі, дай божа, каб набралася паўтысячы дзён, у якія людзі жылі без вайны. Кроў, бруд, смурод — во што такое цывілізацыя, якой мы ганарымся, хай яна будзе праклятая! А ўсё таму, што нехта адзін — правадыр племя, цар, фараон, князь або яшчэ нейкі правіцель, што прысвоіў сабе права распараджацца лёсамі людзей, хлуснёй і маною штурхаў народ на смерць у вайне. Яны паклалі на чалавека след самай злой істоты на зямлі. Якая несправядлівасць!
Баравік-Залеўскі меў яшчэ вось гэтую, уласцівую пачуццёвым натурам, звычку даводзіць свае выказванні да крайнасцей, якіх сам жа баяўся і якіх не дараваў іншым. Мусіць, такая ўжо натура паэтаў — перабольшваць і ў гэтым перабольшанні выкрышталізоўваць ісціну. Богша ўмеў дараваць Цімоху ягоныя крайнасці не толькі ў выказваннях.
— Цывілізацыя — не толькі смурод і кроў, — усё ж запярэчыў ён, каб абараніць тую ж ісціну. — I войны — не толькі смерць і разбурэнні, але — гераізм і мужнасць, на якіх выхоўвалі мужчын, вернасць і міласэрнасць, на якіх вучылі жанчын. Яшчэ невядома, што сталася б з чалавецтвам, каб гэтыя якасці не выхоўваліся ў людзей.
Баравік-Залеўскі ўскочыў з крэсла. Ён любіў вось такія эфектныя парыванні.
— Ты, Богша — рэтраград і махровы кансерватар...
— Ну, так, так, я — кансерватар, а ты бунтар і наватар. Дык, можа, не ты, а я пагадзіўся з Лыкавязавым і Накіпелавай рабіць замест высокай трагедыі забаўку, пад модную музыку ў стылі рок?
— Ты супраць камедый? — апалым голасам, які выдаваў ягоную збянтэжанасць, спытаўся Баравік-Залеўскі.
— Я не супраць камедый, але не яны, а трагедыі і драмы ўслаўлялі народы. Трагедыя — высокі жанр, і дарэмна ім пагарджаюць — а можа, проста баяццца — лыкавязавы і накіпелавы. Так, так. Іхні ідэал — камедыя са зладзеяватымі, дурнаватымі, а зрэшты, проста нікчэмнымі персанажамі... Якая неабачлівасць! Якая мізэрнасць думкі! Якая зашоранасць погляду!.. Трагедыя зжыла сябе ў літаратуры!.. Ну, так, можа, і зжыла, але як пышна расквітнела трагедыя жыцця! Як жа можна такое не бачыць? — завёўся Богша, быццам выступаў на дыспуце перад вялізным натоўпам абыякавых слухачоў, а не перад адным, хоць і непаўторным Цімохам Баравіком-Залеўскім. — Што можа быць больш трагедыйным: кучка нейкіх авантурыстаў на чале з параноікам паварочвае вялікі народ сусветных геніяў на шлях забойстваў і войнаў, і той гіне, аддае на лютую смерць сваіх бацькоў, мацярок, сыноў і дачок, ды яшчэ крычыць пры гэтым славу свайму фюрэру. А ён хіба адзіны ў наш час, вось такі богам кляты фюрэр, які распінаў свой народ на крыжы ды яшчэ патрабаваў, каб яму крычалі "хайль" ці яшчэ якія словы ўдзячнасці за смерць.