— А хто дазволіў табе самавольнічаць?..
— Хто можа дазволіць ці не дазволіць мастаку напісаць, намаляваць, зняць твор занава? Хто? Ягонае сумленне. Болей ніхто. Калі ты лічыш, што ў мяне ёсць сумленне, дык чаго пытаеш, хто даў права адступаць ад майго ж рэжысёрскага сцэнарыя. Калі лічыш, што ў мяне няма сумлення, дык чаго мы тады дарэмна губляем час. Сапраўдны твор мастацтва, Кірыла, меней за ўсё належыць мастаку, ён набытак народа, яго слава і гонар, бясцэнная каштоўнасць, якая праслаўляе народ.
— Мы з табой аратыя, якія павінны сеяць хлеб сёння, — сказаў Кірыла, — ганарыся гэтым.
— Праца аратага не цяжэйшая за маю, — не пагадзіўся Богша. — Хоць я не супраць таго, каб быць аратым.
Іхняя спрэчка магла не кончыцца і да вечара. Але ў пакой якраз уваходзіла Люба з афіцыянткай Мілай, ружовашчокім стварэннем, якое ўпрыгожваў старамодны какошнік.
Люба адразу здагадалася, што тут без яе адбылася лютая схватка. Яна з дакорам паглядзела на Богшу, але прамаўчала.
***
Чалавеку, незнаёмаму з тайнамі нараджэння фільма, прагляд адзнятай плёнкі здаўся б нясцерпнай катаргай — глядзі адны і тыя ж паўторы-дублі, якія нявопытнаму воку бачацца блізнятамі. Кіношнік глядзіць паўторы з увагай і задаволенасцю, заўважае ў іх найтанчэйшыя адценні акцёрскай ігры, аператарскай работы, рэжысёрскага дырыжыравання, мастацкага афармлення, грыму, касцюмаў і яшчэ ўсяго таго, што стварае потым на экране ілюзію, блізкую да жыцця.
Калгасны клуб, у адрозненне ад цяперашніх каменных палацаў, быў стары, драўляны, падобны на вялізную стадолу, якую Карней Карнеевіч Кладачка яшчэ ўчора двойчы прапаліў, а сёння абсталяваў на патрэбу здымачнай групы, якой трэба не забаўляцца, а працаваць. У праходзе стаялі два столікі з лямпамі пад абажурамі, якія адбівалі святло строга ўніз, на белыя аркушы паперы, пакладзеныя для заўваг.
Лазару Богшу папера не была патрэбна. Ён яшчэ на здымачнай пляцоўцы вызначыў для сябе, які дубль удаўся, а які не ўдаўся. Але так ужо было заведзена ў групе — нехта з асістэнтаў ці мантажніца, калі яе прыдавалі групе, запісваў, які паўтор эпізоду трэба адабраць для далейшага мантажу.
Яшчэ на століках стаялі бутэлькі з вадой, не нарзанам, як бывала часцей, а нейкай без назвы і этыкеткі, што прадавалася ў буфеце прафілакторыя. Кіношнікі жартавалі, што яе рабілі па рэцэпту: два ржавыя цвікі на двухсотлітровую бочку вады, якую вытрымліваюць пры нармальнай тэмпературы аж тры дні. Піць яе, аднак, можна было, асабліва калі засядзеш на пяць гадзін без перапынкаў, якія Богша не хацеў аб’яўлядь, каб не парушыць адзінства ўражання.
Эпізод за эпізодам, паўтор за паўторам цягнуліся бясконца доўга. Кіношная брація бязлітасна дыміла цыгарэтамі, і ўжо гадзіны праз дзве Карней Карнеевіч Кладачка загадаў на паўгадзінкі адчыніць дзверы ў вестыбюль. Нехта ж адразу пажартаваў, каб пазванілі куды трэба, што ў клубе нічога не гарыць, апрача тэрмінаў здачы фільма на дзвюх стужках, бо інакш можа прыехадь пажарная дружына.
Больш за ўсіх курыў Кірыла Лыкавязаў. Пасля першых дзесяці — пятнаццаці хвілін ён, як кіношнік, а не збоку прыпёку прышлы чалавек, пабачыў, што на гэты раз Лазар Богша пераўзышоў самога сябе — так без сучка і задзірынкі быў зняты кожны эпізод, кожны дубль. Але менавіта гэта і разгубіла Лыкавязава. Ён быў падобны на чалавека, які зайшоў на кухню, пабачыў смачную здобу, але ведае, што не можа, не мае права яе пакаштаваць, вымушаны шукаць адгаворку, чаму адмаўляецца адкусіць хоць бы кавалачак печыва. Нават пры ўсёй геніяльнасці Богшавай карціны Лыкавязаў не мог дазволіць, каб яна паявілася на экранах ужо толькі таму, што была знята насуперак яму, Кірылу Лыкавязаву, насуперак зацверджанага ім рэжысёрскага сцэнарыя. Дрэнныя прыклады прыліпчывыя.
Нарэшце апошнія метры дубляў прамільгнулі на экране, і адразу пад столлю загарэлася люстра, старая, на медных ланцугах, перыяду празмернасцей у архітэктуры. Звычайна, калі запальваецца святло, кіношнікі ўскокваюць з месц, весела гамоняць, віншуюць адзін аднаго з перамогай. Бывае, і разыходзяцца ціхенька, саромеючыся паглядзець адзін аднаму ў вочы. Цяпер усе сядзелі на месцы і маўчалі, быццам не насядзеліся за пяць гадзін сорак восем хвілін.
Фільм, якога яшчэ не было, які існаваў у разабраным выглядзе, як славуты інданезійскі храм у часе рэстаўрацыі, усё адно рабіў моцнае ўражанне. У кожным эпізодзе буйна красавала складанае, поўнае чалавечых страсцей жыццё, якое то трагічна абрывалася, то зноў набірала яшчэ большую сілу і прыгажосць.
Лазар Богша першы парушыў маўчанне. Ен павярнуўся тварам да кінабудкі.