Выбрать главу

I тут аднекуль, адтуль, з густых ужо прыцемак, невыразным ценем вынікла ваўчыная зграя. Яна абступіла кальцом ваўкоў і сабак, села на худыя зады. Два ваўкі, што прывялі сабак, таксама далучыліся да іх. Цяпер у крузе засталіся толькі сабакі.

Ваўкі сядзелі ўрачыста і маўкліва, нібы на нейкай страшнай малітве. Але ў іхняй гэтай нерухомасці адчувалася грозная небяспека. Пэўна, сабакі зразумелі, што настаў іхні канец, яны абодва спачатку ціха, а потым усё мацней заскуголілі, завылі, нібы маліліся ў апошні раз свайму сабачаму богу, каб дараваў ім зямныя грахі. Хоць якія там маглі быць грахі ў двух вясковых сабак?

Ваўкі нерухома сядзелі, пазіраючы перад сабой. Чаго яны чакалі? Калі сабакі перастануць выць? Можа, і так. Хіба нельга даць ахвяры магчымасць аблегчыць душу перад смерцю плачам? Хіба не так водзіцца і ў людзей?..

Нарэшце сабакі перасталі выць. Тады двое маладых ваўкоў падняліся на моцныя ногі, падышлі ўпрытык да сабак. Богша не бачыў, што адбываецца там. Але ён раптам пачуў роспачлівае яўканне — гэткі амаль чалавечы перадсмяротны крык, — і тады зразумеў, што ваўкі загрызлі сабак.

Лазар Богша кінуўся на ўцёкі. Ён бег, не разбіраючы куды, абы падалей ад той жуды, што ўсё яшчэ ста­яла перад ягонымі вачамі.

Спыніўся ён ад таго, што пачуў, як гулка, са свістам вырываецца з грудзей паветра. Колькі ён прабег, у які бок, дзе зараз знаходзіцца? Ён, мала таго што не ведаў, — нічога не памятаў. Яго гнаў страх, і толькі інстынкт кіраваў ім у гэты час.

Цяпер страху не было. Богша растрос яго па лесе. Яго аж распірала ад радасці, што ён застаўся жывы, што ваўкі не зачапілі яго. Ён задраў галаву ў неба і закрычаў што моцы: "А-а-а-а!"

Ягоны голас прагучаў выразна і зусім рэальна, як бывае пасля кашмарнага сну — чамусьці крычыш, ужо прачнуўшыся. Лазар Богша спалохаўся свайго, гэтага звярынага крыку. Ён паспешліва закрыў далоняй рот, хоць і без таго перастаў ужо крычаць, і раптам зарагатаў, як блазнюк. Рагатаў доўга, пакуль не паявілася разважлівая думка: чаго я радуюся?.. Ноч. Цемра. Лес. Ніякай надзеі выбрацца да жытла. Нічога сабе перспектыўка! А я радуюся...

Наперадзе нешта блішчала. Цьмяна, невыразна, але блішчала, як вада. Няўжо ён выбіўся на тое возера, ля якога раслі дубы? Во дзіва!.. Хоць, можа, і не дзіва. Інстынкт, звярынае чуццё прывялі яго да мэты.

Крокаў праз сто ён выйшаў да стромы. Унізе сапраўды цьмяна блішчаў лёд, а над галавой нізка вісеў чорны калматы полаг неба. Між небам і зямлёй уладарыў сыры, пранозлівы і злы вецер, аж наскрозь прабіваў сінтэтычную Богшаву апранаху.

"I ніводнай зоркі на небе", — падумаў Богша і тут жа ўбачыў кволенькую зорачку на самым даляглядзе, якая нібы падміргвала яму.

(Неяк у фашысцкім канцэнтрацыйным лагеры іх выгналі на пляц гадзіны праз дзве пасля адбою. Святла чамусьці не было. Яны стаялі, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Чакалі: пад прыкрыццём цемры іх стануць расстрэльваць. Чакаць было жахліва. Чужына. Ноч. Цемра. На небе ні зоркі. Хоць бы адна, як сведка іхняй смерці.

I раптам нехта ўгледзеў у вышыні зорку. Адну-аднюсенькую.

— Забыты вартавы, — сказаў Лазараў сусед злева.

У лагерным бараку, куды іх загналі перад самым світаннем, калі на вышках запаліліся ліхтары і пражэктары, Лазар спытаўся ў яго:

— А пра якога вартавога ты казаў, калі на небе выбліснула зорка?..

— Пра таго, якога забыліся на пасту, — адказаў той. Абодва яны не маглі ўжо заснуць. — Бачыш, хлопча, якая здарылася некалі аказія. Можа, быль, а можа, і байка, запэўніваць не стану. Тое, што чуў, табе раскажу. А ты яшчэ каму. Дык вось... Даўно гэта было ці нядаўна, а толькі паставілі салдата на варту. Стаіць сабе салдат на пасту — служба, нідзе не дзенешся. Чакае, калі змена прыйдзе. А пра яго забыліся. Забыліся, і ўсё. Не было каму пра яго ўспомніць. Камандуючаму фронтам не да салдата. Камандзіру дывізіі такса­ма. Камандзір палка адводзіў полк на новыя пазіцыі. А гэта, сам ведаеш, клопатна. Маглі б, вядома, баталь'ённыя ці там ротныя ўспомніць пра салдата на варце. Але ў іх свая задача, як найхутчэй тыя новыя пазіцыі абсталяваць. Як зброю ў наступленні зберагчы. Чала­века згубіш — не бяда. Чалавека спісаць можна, а згу6і кулямёт або гармату! Ого, навек запомніш, чым яно пахне. Канечне, аддзялённы, які ставіў салдата на вар­ту, павінен быў не забыць яго. Ды аддзялённага ўжо і на свеце не было, ён ужо святому Пятру дакладваў, што прыбыў на вечнае служэнне...

Во так і здарылася, што забылі вартавога. А ён стаіць сабе на пасту. Не можа яго пакінуць. Загаду няма.

Праціўнік наперад прасунуўся, а салдат стаіць... Потым праціўніка назад пагналі, а пра салдата зноў не ўспомнілі.