Лазар Богша ніяк не мог зразумець (і ўсё вяртаўся ў думках назад), чаму эпізод, на які па сцэнарыю было адпушчана ўсяго сем метраў плёнкі, здымаўся ўвесь дзень, але так і не быў зняты. Ва ўсякім разе, не быў зняты так, як хацелася, як належала яго зняць. Затое ўся здымачная група чамусьці перасварылася, і пасля абеду ўжо ніхто не мог гаварыць спакойна, ад чаго справа не паляпшалася, а пагаршалася. Лазар Богша зразумеў, што ніякай карысці ад такіх здымак не будзе, а таму загадаў спыніць іх. Яму здавалася, што здымачная група ўзрадуецца, а здарылася наадварот. Першы запярэчыў аператар. За ім узбунтаваліся асвятляльнікі. Яны, маўляў, цягалі і расстаўлялі дзігі не дзеля таго, каб, нічога не зрабіўшы, зноў заносіць іх у машыну, а назаўтра выносіць і расстаўляць. Адным словам, складвалася такое ўражанне, нібы ўсім хочацца прадаўжаць сварку, зводзіць адно аднаго прыдзіркамі і папрокамі, нібы ў гэтым і заключаўся іхні сэнс жыцця, нібы без гэтай варожасці яны не варты добрага слова.
"Чакай, чакай, — спыніў ён сябе, — а як закончылася сённяшняя сварка?"
Яму стала смешна, бо і сварка закончылася смешна, нечакана, а галоўнае, не па тэорыі, якую толькі што адкрыў ён сам, а зусім наадварот, насуперак тэорыі, бо розум пры гэтым не меў ніякага значэння.
...Асістэнтам рэжысёра ў групе працавала маладзенькая дзяўчына, якая толькі сёлета прыйшла ў кіно. Звалі яе Верачка, а прозвішча ніхто не запомніў ды і не збіраўся запамінаць. Верачка і Верачка...
Знешне яна выглядала дзіцем ды і была дзіця па сваёй наіўнасці, шчырасці і бездапаможнасці, гэта заўсёды і выклікала ўсмешку ў кіношных зуброў.
Лютая сварка прывяла Верачку ў роспач. Спачатку яна глядзела на раз’юшаных кіношнікаў са здзіўленнем. Верачцы здавалася, што кіношнікі іграюць перад камерай. Потым, калі яна зразумела, што сварацца не па сцэнарыю, а ўсур’ёз, Верачка са слязамі на вачах падбегла да раз’юшанага натоўпу, закрычала тоненькім, дзіцячым галаском:
— Дзядзечкі, перастаньце!.. Мне страшна!..
Дзядзечкі нават не зірнулі ў яе бок, прадаўжаючы сварыцца. Толькі адзін з асвятляльнікаў, здаравіла Валоўскі, злосна тупнуў нагой:
— Брысь, шмакадзяўка, а то растапчу!..
Але Верачка не спалохалася, а можа, была так перапалохана, што не адчула страху. Яна раптам сказала з нечуванай шчырасцю ў голасе:
— Дзядзечка, хочаш я цябе пацалую, толькі не сварыся, дзядзечка...
Нечакана для кіношнікаў і самога Валоўскага Верачка прыўзнялася на дыбачкі, цмокнула асвятляльніка ў няголеную шчаку.
На здымачнай пляцоўцы спачатку ўсталявалася пругкая цішыня, якая затым выбухнула вясёлым смехам. Кіношнікі сталі пацвельвацца, прасіць Верачку, каб яна і кожнага з іх ашчаслівіла такой жа ласкай. Жарты хоць былі вясёлыя, але не заўсёды бяскрыўдныя, так што Верачка расплакалася і збегла. Ніхто не пайшоу супакоіць яе. Але і тая лютая варожасць, што дасюль панавала на пляцоўцы, ужо не аднавілася, а патухла.
"А я — вахлак, — падумаў Лазар Богша. — I ўсе мы — вахлакі!"
Яму стала сорамна, што ён, як і ўсе, забыўся пра Верачку, а яна, можа, і дасюль плача недзе ў адзіноце.
"Мы не проста вахлакі — мы бяздушныя, чэрствыя эгаісты, нікчэмныя жабракі, якія дбаюць толькі пра скарынку хлеба".
Ён тут жа зразумеў, што ў другі раз аказаўся несправядлівым, на гэты раз у дачыненні да жабракоў. Яму прыгадалася кімсьці расказаная прытча.
Донна Анна, донна Клара і донна Інэса гулялі па Мадрыду. Бачаць, пад аркай, у ценю сядзіць жабрак. Перад ім — алавяная талерка. А ў ёй — ні санціма.
Донна Анна лічылася набожнай і спагадлівай. Яна дастала дзесяць санцімаў і паклала на талерачку. Жабрак уславіў яе чулае сэрца ў словах, вартых дзесяці санцімаў.
Донна Клара славілася ганарлівасцю. Яна дастала залатую песету, кінула на алавяную талерку жабрака.
Ен уславіў яе царскую шчодрасць і анёльскую прыгажосць якраз на залатую песету.
Донна Інэса была бедная. У яе не было і аднаго санціма. Але яна была гордая, ды і не хацела адстаць ад сваіх сябровак. Яна схілілася да жабрака і пацалавала яго.
Уражаны яе ласкай, жабрак падабраў з талеркі манеты, купіў на іх кветкі і аддаў донне Інэсе.
Цяпер ён зразумеў, чаму не выходзіў той тройчы кляты эпізод. У ім не было вось гэтай непасрэднасці донны Інэсы і Верачкі.
Яму захацелася пабегчы ў горад, падняць, як па трывозе, групу, каб неадкладна адзняць той эпізод, ды заўважыў, што сонца скацілася ўжо за возера, пакінуўшы на вадзе чырванаваты след.
"Позна", — падумаў Лазар Богша.
— Але, позна, — пацвердзіў чыйсьці голас, нібы то было рэха ягоных думак.