- Мабыць, праўда. Такiх людзей тут шмат.
- Ён добра гуляе ў брыдж.
- Як i ўсе яны. Тут быў адзiн летась, уявiце, мой цёзка - лепшага гульца я не сустракаў у жыццi. Думаю, у Лондане ён не трапляўся вам. Называў ён сябе Ленi Бертан. Я лiчу, раней ён належыў да якога-небудзь арыстакратычнага клуба.
- Не, не памятаю такога прозвiшча.
- Цудоўна гуляў у карты. Здавалася, ён валодаў нейкiм асаблiвым чуццём. Нават страшнавата. Я часта гуляў з iм. Нейкi час жыў у Кобе.
Бертан адпiў вiна.
- Даволi забаўная гiсторыя, - сказаў Бертан. - Неблагi хлопец. Мне падабаўся. Апранаўся заўжды з густам, нават франтавата. Прывабны, з кучаравымi валасамi, белатвары i ружовашчокi. Жанчыны на яго заглядалiся. Чалавек, увогуле, някепскi, ведаеце, толькi крыху валацуга. Пiў шмат. Такiя людзi заўжды многа п'юць. Трохi грошай ён атрымлiваў з дому, раз у тры месяцы, дый выйграваў нямала ў карты. I ў мяне таксама.
На твары ў Бертана з'явiлася лагодная ўсмешка. Я ўжо ведаў са свайго вопыту, што ён мог выкiдваць вялiкiя грошы, гўляючы ў брыдж. Ён правёў па сваiм добра выгаленым падбародку тонкай, амаль празрыстай рукой з напухлымi жыламi.
- Вiдаць, таму ён i прыйшоў да мяне, калi апынуўся без капейкi ў кiшэнi, i яшчэ, можа, таму, што ў нас былi аднолькавыя прозвiшчы. Аднойчы ён зайшоў да мяне ў кантору, шукаў работы. Я здзiвiўся. Ён растлумачыў, што больш не атрымлiвае грошай з дому i таму яму трэба працаваць. Я спытаўся, колькi яму гадоў.
- Трыццаць пяць.
- А што вы рабiлi?
- Папраўдзе, нiчога.
Я рассмяяўся.
- Баюся, што пакуль нiчым вам дапамагчы не змагу, - адказаў я. Прыходзьце яшчэ праз трыццаць пяць гадоў, тады пабачым.
Ён не зварухнуўся. Збялеў. Памарудзiўшы крыху, урэшце шчыра сказаў, што апошнiм часам яму не шанцуе ў карты. Надакучыла гуляць толькi ў брыдж, перайшоў на покер i прайграўся ўшчэнт. Не засталося нi капейкi. Залажыў усё, што меў. За атэль плацiць няма чым, у доўг ужо не вераць. Хто цяпер дапаможа? Калi не знойдзе анiякай работы, застаецца самагубства.
Хвiлiну-дзве я вывучаў яго. I зразумеў, што хлопцу канцы. Вiдаць, пiў ён апошнiм часам больш звычайнага, i цяпер яму можна было даць усе пяцьдзесят. Наўрад цi жанчыны захаплялiся б iм, калi б убачылi яго ў гэтую хвiлiну.
- Але ўсё ж такi, цi ўмееце вы што-небудзь яшчэ рабiць, акрамя як гуляць у карты? - спытаўся я.
- Я ўмею плаваць, - быў адказ.
- Плаваць!
Я ледзьве паверыў сваiм вушам: ах, якое глупства.
- Я плаваў за ўнiверсiтэт.
Я пачаў здагадвацца, куды ён хiлiць. Я сустракаў шмат людзей, якiя ў студэнцкiя гады былi кумiрамi сярод сваiх аднакашнiкаў, але гэта не выклiкала ў мяне павагi.
- Я сам быў някепскi плывец у маладыя гады, - сказаў я.
Але нечакана мяне працяла думка.
Перапынiўшы свой расказ, Бертан пытаецца ў мяне:
- Вы добра ведаеце Кобе?
- Не, - адказаў я, - быў там некалi праездам, але толькi пераначаваў.
- Тады вы не ведаеце Шыойя-клуб. Калi я быў малады, я праплываў адтуль вакол маяка да вусця ручая Тарумi. Гэта больш за тры мiлi, праплыць якiя было нялёгка, улiчваючы моцную плынь за маяком. Ну, я расказаў майму цёзку пра гэта i паабяцаў, што, калi ён праплыве там, я дам яму работу.
Бачу, ён разгубiўся.
- Вы ж кажаце, што вы добры плывец, - сказаў я.
- Але я цяпер крыху не ў форме, - адказаў ён.
Я нiчога не сказаў i пацiснуў плячыма. Ён глядзеў на мяне з хвiлiну, потым кiўнуў.
- Згодзен, - сказаў ён. - Калi мне плыць?
Я зiрнуў на гадзiннiк. Быў пачатак адзiнаццатай.
- Гэта зойме ў вас не больш гадзiны з чвэрткай. Я буду ля ручая а палове першай i сустрэну вас. Потым завязу вас у клуб, каб вы пераапранулiся, i разам паснедаем.
- Дамовiлiся, - сказаў ён.
Мы пацiснулi адзiн аднаму руку. Я пажадаў яму поспеху, i ён пайшоў. Гэтай ранiцай у мяне было шмат работы, i я ледзь паспеў да вусця Тарумi а палове першай. Але я дарэмна спяшаўся: яго там не было.
- Збаяўся, вiдаць? - спытаўся я.
- Не, не збаяўся. Ён паплыў. Але, вядома, загубiўшы сваё здароўе праз п'янства i жанчын, ён не змог адолець плынь за маяком. Толькi на трэцi дзень знайшлi цела.
Хвiлiну цi дзве я маўчаў, крыху ашаломлены. Потым я задаў Бертану толькi адно пытанне:
- Калi вы прапанавалi яму плыць, вы ведалi, што ён патоне?
Бертан цiхенька хiхiкнуў i паглядзеў на мяне лагоднымi i наiўнымi блакiтнымi вачыма. Пацёр далонню падбародак i сказаў:
- Справа ў тым, што ў мяне ў канторы ўсё роўна не было свабоднага месца.