Выбрать главу

У чорных акулярах — і з дубцом

Лета. Мне гадоў пяць. Мама забірае з садка, збіраемся ісці дадому. Па дарозе зазіраем у ашчадную касу. Відаць, трэба за нешта заплаціць. У касе шмат народу. Задуха. Відавочна, паветра на ўсіх не хапае.

— Мама, я на вуліцы пабуду? І там цябе пачакаю...

— Добра, толькі нікуды не адыходзь!

Выйшла на свежае паветра. Трохі пакруцілася. Сумна! Пагуляць няма з кім і з чым. Пра абяцанне, дадзенае маці, імгненна забылася. І падумала: а чаго чакаць? Пайду дадому — там любімыя лялькі. Можна ў бабуліным агародзе пахадзіць, кветкі разглядаючы і нюхаючы. У бульбоўніку пазбіраць спелыя яблыкі, што за ноч зваліліся з дрэў. Ці пасядзець у прыгожай узорыстай альтанцы, якую дзед змайстраваў. Вырашыла — і наперад!

Дайшла да святлафора. Пачакала з усімі. Перайшла дарогу. Адну, другую. Гэта ўжо была вуліца Розы Люксембург. І далей па зялёнай, абсаджанай ліпамі вуліцы Шчорса крочу ў бок Грушаўскай. Азіраюся вакол з гонарам: ці ўсе бачаць, якая я самастойная?

У пэўны момант штосьці прымусіла азірнуцца. О-ёй! Услед хуткім крокам набліжалася маці. У чорных акулярах (бо летні дзень, яркае сонца), якія надавалі абліччу суровы выгляд. У руцэ яна трымала… дубец. Уяўляю, што мама перажыла, калі выйшла з касы, а дачкі не ўбачыла. Прайшло хвілін 15—20 ад таго, як я выйшла з будынка, да таго, як маці мяне ўбачыла. Спужалася мамінага выгляду і — бягом. Наперадзе некалькі вуліц. Праўда, больш вузкіх, транспарту там няма. Яна — за мной.

— Таня, стой! — крычыць здаля.

А я, колькі сіл, бягом. Трэба ратавацца! Хоць разумела, што пакаранне немінучае. Мала за такое свавольства не будзе. Фінал гісторыі памяць не зафіксавала. Магчыма, маці ад страху тым дубцом і адхвастала. Можа, паставіла ў кут на гадзіну, каб свае ўчынкі абдумала.

А навошта чакаць?

Дзіцячае імкненне да самастойнасці дарослым цяжка пераадолець. Ці наогул знішчыць. Яшчэ адна сітуацыя ў дзіцячым садку. Гэтым разам мяне павінен быў забраць бацька. Ён зазірнуў у пакой, дзе мы гулялі. І папярэдзіў выхавацельку, што вернецца праз 20 хвілін. Тая сказала мне: можаш апранацца і пачакай тату на вуліцы.

Выйшла на свежае паветра. Чакаць зноў-такі падалося сумна. І я вырашыла: пайду дадому сама, а бацька дагоніць. Мабільных тэлефонаў, каб удакладніць, хто і куды пайшоў, тады яшчэ не існавала.

Уявіце шок бацькі, які прыйшоў мяне забіраць, дачкі на месцы няма, а выхавацелька з трывогай кажа: «Яна павінна была вас чакаць!» Уявіце шок маці і бабулі, калі я заявілася на двор у Талінскім завулку, адна, але без таты.

— А дзе тата? — са страхам спытала маці.

— А я сама прыйшла! Ён зазірнуў у групу, а потым у краму пайшоў...

Праз нейкі час у двор прыйшоў збялелы бацька. Не ведаю, што дарослыя казалі адзін аднаму, сябе лічылі вінаватымі ці мяне. Крыху супакоіўшыся, мама потым спытала:

— А як ты дарогу пераходзіла?

— Разам з усімі, — упэўнена адказала я. — Пачакала, калі зялёнае святло загарыцца. Усе пайшлі, і я.

Дзіўныя тыя дарослыя! Няўжо яны думалі, што я такая неразумная?

«Сымон-музыка» і вядро трускалак

У 1963-м бацька абараніў кандыдацкую. Назва фармулявалася так — «Творчая гісторыя паэм Якуба Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка»». Міхасю Іосіфавічу 32 гады. Гэта быў пачатак яго даследаванняў спадчыны паэта, якімі будзе займацца наступнае жыццё. На такія афіцыйныя мерапрыемствы, як абарона дысертацый, малых не бралі. Памятаю, уся сям’я некалькі дзён была незразумела ўзбуджаная, агульны настрой істотна адрозніваўся ад спакойнага і дзелавітага, які панаваў звычайна.

Напярэдадні з Быхава, з радзімы прыехаў Анатоль, бацькаў малодшы брат. Прывёз вялікае на дзесяць літраў вядро трускалак (клубніц). Значыць, падзея адбывалася летам, у чэрвені ці ліпені. Магчыма, дзядзька прывёз штосьці кшталту смачнага вэнджанага кумпяка — для пачастунку на заключнай, неафіцыйнай частцы абароны, як патрабавала непахісная традыцыя. Але на якасць навуковай працы, што заняла амаль сем гадоў, гэта ніяк не ўплывала.

У дзень абароны мяне завялі да суседкі, яна жыла ў Талінскім завулку праз дарогу. Патлумачылі: забяруць позна ці заўтра раніцой. Маўляў, пагуляй з лялькамі і кладзіся спаць.