Праз два гады, у 1965-м, бацька выдасць кнігу, асновай якой зробіцца кандыдацкая. Назва манаграфіі «Ад задумы да здзяйснення» ўвогуле сімвалічная. Бо ўсё свядомае жыццё ён так і будаваў: задумаўшы, паступова ўвасабляў свае ідэі — у артыкулы, кнігі і падрыхтоўку Збораў твораў айчынных пісьменнікаў.
«Тамарка, ты на скразняку!»
У 1964-м, праз год пасля абароны ў сям’і адбылася важная падзея — нарадзіўся мой меншы брат Андрэй.
Зазначу, тагачасныя жанчыны былі больш трывалыя. Яны не хадзілі ў час цяжарнасці па дактарах і не ляжалі тыднямі ці месяцамі ў стацыянары на захаванні. Маці распавядала: напярэдадні нараджэння сына памыла ў хаце на Грушаўцы падлогу і… пайшла ў радзільны дом. Вось так проста і лёгка. Можа, на сітуацыю ўплывала аптымістычная натура Тамары Фёдараўны. Мо прадукты з агароду, як цяпер сказалі б, экалагічна чыстыя, без дадаткаў і кансервантаў. Верагодна, і жыццё ў драўляным доме з садам вакол, дзе паветра больш чыстае.
Карцінка, якая трывала засталася ў памяці. Мама сядзіць у кухні каля печы, дзе цёпла. Трымае на руках скрутак, немаўля, майго малога брата. У хату асцярожна, паціху заходзяць Марыя Іванаўна і Фёдар Фёдаравіч.
У адведкі, зараз упершыню пабачаць унука. Яны ўвогуле былі людзьмі далікатнымі. На тварах абаіх адлюстравана цікавасць, хваляванне і ўсведамленне ўрачыстасці моманту. Паглядзелі, павіншавалі. Бабуля падаравала маці адрэз прыгожай тканіны, з якой потым ёй пашыла сукенку. А на пачатку Марыя Іванаўна абачліва заўважыла:
— Тамарка, ты на скразняку сядзіш! Трэба з дзіцём у залу перайсці...
Не магу сказаць, што з’яўленне брата істотна змяніла маё жыццё. Не адчувала рэўнасці — маўляў, бацькі надаюць малому больш увагі. Пра тое, як яго назвалі, якім ён вырасце, не думала. У шэсць гадоў ёсць іншыя, больш захапляльныя інтарэсы — лялькі, новыя дзіцячыя кніжкі з карцінкамі. Ці новая сукенка чырвонага колеру, якую нядаўна пашыла бабуля. А самае цікавае на ёй — невялічкія гузікі чырвонага колеру, у цэнтры якіх змясціліся сімпатычныя залацістыя зайчыкі.
Разбураная страха
І абароненая дысертацыі, і нараджэнне другога дзіцяці паўплывалі на тое, што бацьку далі кватэру. Каб даказаць, што свайго жылля ў нас няма, давялося на пэўны час перасяляцца ў дом бабулі і дзядулі.
Вядома, там цесна. Адзін з пакойчыкаў, дзе Марыя Іванаўна звычайна шыла, цяпер займала яе дачка Таіса і малы сын Паўлік. Бабуля разам са швейнай машынкай пераехала ў спальню, дзе стаялі два ложкі і месца заставалася мала. У самым прасторным пакоі, зале, атабарылася наша сям’я, двое дарослых і двое дзяцей. Але і бабуліну мэблю нікуды не вынесеш. Колькі часу ў цеснаце пражылі.
Тым часам дах хаты, дзе мы жылі раней, давялося разбурыць. Вялікай трагедыі не было: пасля нашага пераезду Фёдар Фёдаравіч планаваў збудаванне «перапрафіляваць». Як цесляру яму патрэбна майстэрня, курам — седала.
У дадатак пад страхой хацелася мець месца для дроў. Добра памятаю, як бацька разам з братам Анатолем скідалі са страхі хаты кавалкі шыферу. Плоскія, вялікія і чорныя, яны ляцелі ўніз і гучна плюхаліся на зямлю.
На агледзіны
Новую кватэру сям’я атрымала ў мікрараёне Зялёны Луг, які толькі будаваўся. Аднойчы малога Андрэя пакінулі з Марыяй Іванаўнай, і бацькі разам з Фёдарам Фёдаравічам, узяўшы мяне, выправіліся ў бок Зялёнага Лугу. Дабіраліся доўга і з перасадкамі. Спачатку ад Шчорса на тралейбусе да плошчы Якуба Коласа. Потым на трамваі, які хадзіў толькі да вуліцы Валгаградскай. Як рухаліся далей, не памятаю. Настрой ва ўсіх радасны і ўзрушаны. Мы ішлі глядзець новую кватэру, у якой будзем жыць. Гэта ж велізарная падзея!
Адшукалі дом, шэры, пяціпавярховы. Перад ім, на адлегласці — агароджа, пад’ёмны кран і ўзведзеныя паверхі наступнага гмаху, які будзе мець нумар 8 і належаць вуліцы Сядых. Знайшлі свой пад’езд. Але ён зачынены, відаць, будаўнічыя клопаты не скончаныя. Уваходныя дзверы забітыя цвікамі, каб ніхто выпадковы не зайшоў.
Што рабіць? Шкада — не паглядзелі. Бо ехалі ўчацвярых праз увесь горад. Нехта з дарослых здагадаўся: якраз за нашым стаіць дом падобны.
У ім таксама тры пад’езды, пяць паверхаў. Вырашылі зазірнуць: можа, там людзі ўжо жывуць? Калі адкрыюць дзверы, мы хоць убачым, як выглядае кватэра знутры, як размешчаныя пакоі.
Сапраўды, дзверы адчынілі. Людзі ў той час менш баяліся незнаёмых. Атрымаць прасторную кватэру з гарадскімі выгодамі было шчасцем, падзеяй, якая мяняла звычкі і паўсядзённы побыт. Таму радаваліся за сябе і за іншых. Жыхары кватэры паказалі свае апартаменты. Маці і бацька выглядалі шчаслівымі. Мы ўжо рухаліся да ўваходных дзвярэй, калі ў напаўцёмнай прыхожай я прыкмеціла яшчэ адны дзверы.