— Тата, а што там? — спытала ціха.
Бацька засмяяўся:
— Сюрпрыз. Убачыш пазней, у нашай кватэры...
За тымі дзвярамі знаходзіўся ванны пакой, пра наяўнасць яго я, жывучы ў драўляным вясковым доме, нават не здагадвалася. Зазіраць у чужы ванны пакой бацька не лічыў тактоўным. У жніўні 1964 года сям’я перабралася ў Зялёны Луг. Пачыналася новае жыццё.
Раздзел трэці. Зялёны Луг
Краны, катлаваны, будоўля…
Часта здараецца так, што адны сем’і асвойваюцца і абжываюцца ў новай прасторы, а для іншых такія самыя кватэры толькі будуюцца. Памятаю: калі вечарам я клалася спаць у зале на канапе, дык нават у цемры, праз фіранкі было відаць і чуваць, што ўзводзіцца дом, які будаваўся якраз перад нашым. Праца там ішла ў дзве, а мо і ў тры змены. Хапала гукаў будоўлі, а зіхаценне зварачных апаратаў прабівалася нават праз фіранкі.
Тэрыторыя ў межах вуліц Каліноўскага, Сядых і Коласа (цяперашні Лагойскі тракт) у другой палове 60-х актыўна забудоўвалася. У мікрараёне кватэры атрымлівалі пераважна маладыя сем’і з дзецьмі. Таму адкрыліся ажно тры школы — №№ 93, 100 і 101, прычым, недалёка адна ад адной. Услед з’яўляліся дзіцячыя садкі, прадуктовыя крамы. Праўда, не адразу.
Нянька для брата
У жніўні, калі сям’я пераехала ў Зялёны Луг, мама задумалася, а дзе яна будзе працаваць. Адправілася ў бліжэйшую школу № 93. Яна побач з нашым домам, ісці літаральна пяць хвілін. Але ў школе, якая павінна вось-вось адкрыцца, свабодных ставак настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ўжо не існавала. Штат набралі яшчэ вясной. Давялося шукаць вольнае месца ў школах, якія знаходзяцца далей.
Але перад тым трэба вырашыць немалаважнае пытанне: з кім пакідаць Андрэя, якому споўнілася толькі паўгода. Навучаныя горкім вопытам і маімі бясконцымі прастудамі, бацькі пра яслі для малога нават і не задумваліся. Пачалі шукаць няньку.
У той час, у сярэдзіне 60-х, шмат людзей перасялялася з вёскі, дзе жыццё было беднае і цяжкое, у горад, дзе побыт усё-такі аказваўся лягчэйшым. І таму ў нянькі часта наймаліся немаладыя вясковыя жанчыны. Яны жылі ў сем’ях, дапамагалі даглядаць дзяцей, часам гатавалі. У дадатак тыя жанчыны згаджаліся на невялікую аплату працы. Бо ніхто не шыкаваў, усе жылі вельмі сціпла.
У выніку задаволеныя аказваліся ўсе — нянькі, бацькі, якім спакайней, што дзіця дома, не трэба яго, соннае, а таму капрызлівае, цягнуць марозам у садок. Дачка ці сын дагледжаныя. Усё-такі аднаму дзіцяці ўвагі выпадае болей, чым у калектыве, дзе збіраецца 15 ці 20 бэйбусаў. У дадатак маці працавала ў школе, таму магла зарабіць і на няньку.
Не ведаю, як доўга прабыла ў нас першая памочніца. Відаць, бацькоў яна хутка расчаравала. У выхадны дзень пайшла да некага ў госці. Добра там узяла. І дамоў вярнулася нападпітку. І як такой малое дзіця даверыш? Яшчэ з рук незнарок выпусціць. Давялося развітацца. А вось другая жанчына, Надзея Сямёнаўна (магчыма, знойдзеная па рэкамендацыі), аказалася больш спакойнай і ўнушала давер. Яна пражыла ў сям’і два-тры гады. Андрэю і няньцы адвялі асобны пакой.
У бацькоў мелася спальня, яна з’яўлялася і кабінетам бацькі. Я спала ў зале, у прахадным па сутнасці пакоі. Але хто тады на падобныя нязручнасці зважаў? Ёсць уласная кватэра — і гэта велізарнае шчасце!
На самай справе вельмі важна, у якой прасторы разгортваецца тваё паўсядзённае жыццё. Які далягляд адкрываецца, калі ранкам ці вечарам падыходзіш да акна. У якім пакоі ці кутку чытаеш ці рыхтуешся да ўрокаў, думаеш і марыш, ясі і спіш.
Дзіцячы садок і завязаныя вушкі
Раней ці пазней, але брата ўсё-такі давялося аддаць у дзіцячы садок. Ці то Надзея Сямёнаўна вярнулася да сваёй сям’і, ці іншыя прычыны з’явіліся. Андрэй не надта любіў хадзіць у садок. Зрэшты, як і я, малая. Садок знаходзіўся на вуліцы Каліноўскага, за цяперашняй паліклінікай № 27. Ад дома трэба ісці праз мікрараён хвілін 20, часам болей. Ранкам туды заводзіў яго хтосьці з бацькоў. Забіралі па чарзе, здаралася, і я.
Зразумела, у дзіцячым калектыве брат час ад часу хварэў. Аднойчы ў садку яму сур’ёзна застудзілі вушы. Відаць, дзяцей паклалі спаць пры адчыненых вокнах, а на вуліцы было не надта цёпла. Потым мама не адзін год змагалася з ягонымі атытамі. І баялася, каб у сталым узросце яны не паўплывалі на вастрыню слыху.
Малое дзіця не заўжды ўсведамляе, захварэла яно ці не. А тое, што можна пабыць дома і не трэба выпраўляцца ў садок, брата радавала. У хатнім архіве захоўваецца мой алоўкавы малюнак, на якім чатырохгадовы Андрэй адлюстраваны менавіта ў той час. З малюнка глядзіць сімпатычны хлопчык-зайчык з завязанымі вушкамі. Калі хварэлі брат ці я, мама імкнулася браць бальнічны толькі ў крайнім выпадку. Не хацела прапускаць урокі ў сваіх класах. Бо школьныя праграмы насычаныя. Калі хтосьці з калег выйшаў на замену ў яе клас, дык на такую ж замену могуць потым папрасіць выйсці і яе.