Выбрать главу

З-пад ложка — і на ўрок!

Першы год у Зялёным Лузе, калі Тамара Фёдараўна працавала ў школе, што знаходзілася ў раёне Балотнай станцыі (цяпер тэрыторыя, блізкая да вуліцы Някрасава), ранкам яна імчала на аўтобус № 24. Яго канцавы прыпынак знаходзіўся там, дзе цяпер вуліца Кальцова спускаецца на Лагойскі тракт. Дзевяціпавярховыя гмахі з крамай «Дзіцячы свет» узніклі нашмат пазней.

На аўтобусе маці ехала да Балотнай станцыі. Ад прыпынку трэба прайсці яшчэ добры кавалак дарогі між прыватных дамоў. Пра той час Тамара Фёдараўна распавядала шмат смешных, часам анекдатычных гісторый. Напрык-лад, як збірала па хатах вучняў, якія не прыйшлі на ўрок.

Клас напаўпусты. І што рабіць, з кім урок праводзіць? Вакол школы аднапавярховыя дамы. Бацькі, якія працавалі на вытворчасці, вымушаны рана падымацца. А дзеці яшчэ спалі, потым у школу збіраліся самі. Каму цікава зімой, у прыцемках вылазіць з-пад цёплай коўдры і ісці на ўрокі? Таму некаторых вучняў маме даводзілася будзіць. А тых, хто схаваўся, выцягваць з-пад ложкаў. За нагу… У такіх выпадках сітуацыю ратавала добразычлівасць маці, яе здольнасць усё ператварыць у гумар, усведамленне, што дзеці па вялікім рахунку ні ў чым не вінаватыя.

Калі мама вярталася са школы ў тры-чатыры гадзіны дня, дык абедала. Часам аказвалася такая стомленая, што засынала на дзве-тры гадзіны. Вечарам займалася хатнімі справамі, дапамагала бацьку, перапісваючы яго артыкулы (у яго заўжды быў не надта разборлівы почырк). А потым да позняй ночы правярала стосы вучнёўскіх сшыткаў.

Падлога, якая рыпіць

Неўзабаве пасля пераезду выявіліся істотныя «мінусы» гарадской кватэры з выгодамі. Падлога непрыемна рыпела. Асабліва вечарам ці сярод ночы. Варта каму-небудзь з сямейнікаў у прыцемках пайсці на кухню, каб папіць вады, як пра яго маршрут імгненна даведвалася ўся сям’я. Хто-небудзь сонны абавязкова ўздымае галаву з падушкі:

— А ты куды? Што-небудзь здарылася?

— Спі. Усё ў парадку. На кухню.

Карацей кажучы, жыць немагчыма! Адным спаць, другім, калі трэба ўстаць. У адной красамоўнай дэталі — умовы тагачаснага жыцця.

Прычына такога рыпення простая. На бетонныя пліты, зробленыя на камбінаце, будаўнікі ў той час клалі не лінолеум, не ламінат, пакуль не вынайдзены, і зразумела, не паркет. Падлогай з’яўляліся пафарбаваныя пліты з ДСП, па сутнасці, спрасаванае пілавінне. Пліты абапіраліся на лагі, драўляныя брусы. Рыпенне ўзнікала і пасярэдзіне пакоя, калі пліты прагіналіся. І на стыках, бачных праз фарбу.

З тым рыпеннем трэба было тэрмінова штосьці рабіць. Бо калі яно ўзнікала па начах, дык усім дзейнічала на нервы. Аднойчы да нас з Грушаўкі прыехаў Фёдар Фёдаравіч, мой дзед, мамін бацька. Паколькі ён усё жыццё працаваў сталяром, сам збудаваў для сям’і прыстойны драўляны дом, дык добра разбіраўся ў падобных справах.

Цесць разам з зяцем, Міхасём Іосіфавічам, знялі ў адным пакоі плінтусы, а потым і пліты ДСП. Паглядзелі, што пад імі робіцца. У выніку пасярэдзіне пакояў, уздоўж і ўпоперак, паклалі дадатковыя лагі. Доўгія драўляныя брусы, на якія абапіраліся пліты. Сказаць — лёгка, зрабіць — не надта хутка. Давялося такім чынам уздымаць падлогу па чарзе ў кожным пакоі. Вядома, рыпець стала менш. Праўда, гадоў праз дзесяць рыпенне вярнулася.

Новая мэбля

Калі бацькі пераязджалі з Грушаўкі ў Зялёны Луг, дык забралі з сабой мэблю, што мелася ў іхняй драўлянай, па сутнасці, вясковай хаце: ложкі з жалезнымі спінкамі і шышкамі на канцах жалезных прутоў, старую шафу. Вядома, тая мэбля не стасавалася з пакоямі гарадской кватэры. А дзе ўзяць іншую?

Дзесьці праз год купілі сучасны мэблевы гарнітур. Думаю, у растэрміноўку. Меўся там і сервант для прыгожага посуду. Кніжная шафа, крэслы. Немалы стол, які мог раскладацца, калі прыходзілі госці. Той стол дзесяцігоддзямі потым служыў бацьку. Тут было яго асноўнае рабочае месца, за ім напісаны многія яго артыкулы і манаграфіі. На ім зручна было раскласці шматлікія паперы і кнігі.