Выбрать главу

Наладзіць побыт дапамагалі разнастайныя сталярскія таленты Фёдара Фёдаравіча. Тыя камплекты мэблі, якія цяпер называюцца «кухняй» і вырабляюцца шматлікімі фірмамі, тады не існавалі. Але дзед зрабіў дачцэ Тамары і яе сям’і зручны і акуратны буфет, які служыць да гэтага часу. Ён вузкі і плоскі, бо кухня малая, пяць метраў. Пазней дзед дадаў да буфета антрэсолі. Яны і буфет былі пафарбаваныя ў белы колер. На кухні з’явіліся ягонай канструкцыі стол і трывалыя, надзейныя табурэткі, якім цяпер болей за паўстагоддзя. Вынаходлівы дзед зрабіў такія ложкі, якія разбіраліся па частках. Таму іх не трэба было развінчваць, каб перасунуць на іншае месца.

Як дасягненне вынаходлівасці Фёдара Фёдаравіча ўспрымала я дзверы-купэ, якія аддзялялі залу ад прыхожай. Паміж залай і невялічкім калідорам мелася высокая, не надта патрэбная арка. Дзед «зашыў» яе з двух бакоў плітамі ДСП. Паміж імі на падлозе ўмацаваў «рэйкі». Дзверы рухаліся на падшыпніку. На тыя цуда-дзверы прыходзілі глядзець суседзі з дома і маміны калегі. Бо вельмі зручна! Напрыклад, на кухні смажыцца рыба, але водар ад яе не ляціць па ўсёй кватэры. А галоўнае зала робіцца пакоем ізаляваным, а не прахадным. Заўважу, канструкцыі дзвярэй, якія рассоўваюцца, і шафаў-купэ з’явіліся ў тагачасных кватэрах толькі праз два-тры дзесяцігоддзі.

Сценка з Вільнюса

У савецкія часы ўсё патрэбнае з’яўлялася дэфіцытам. А калі яно зручнае, практычнае і не надта дарагое, дык асаблівым дэфіцытам. У Вільнюсе жыў Іван Іосіфавіч, старэйшы брат бацькі. Там ён працаваў, ажаніўся, меў дваіх дзяцей — дачку Валянціну і сына Юрку. Таму вырашылі праз Івана заказаць у Вільнюсе вялізны кніжны стэлаж. Той, які цяпер называецца «сценкай». Заказалі строгую, дзелавую. Чатыры секцыі. Ёсць шуфляды, якія высоўваюцца. У ніжнім радзе шкло чорнае, уверсе празрыстае. У наяўнасці два адкідныя пісьмовыя сталы. Мне аддалі бліжэйшы да акна, дзе болей сонечнага святла, а мамін — бліжэй да дзвярэй. Пазней, калі стала студэнткай, а брат Андрэй — старшакласнікам, аддала яму свой адкідны стол.

Зразумела, прывезлі стэлаж у выглядзе агромністага набору дошак і пакета дробных дэталяў. Збіралі Фёдар Фёдаравіч і Міхась Іосіфавіч, цесць і зяць. Доўга корпаліся, але сабралі так, як трэба. Нічога не перакасілася. Шкло хадзіла па рэйках. Столікі вярталіся на месца. Як ні дзіўна, але блок, якому больш за паўстагоддзя, па-ранейшаму «жывы».

Лес, суніцы і сала

А цяпер пра сумесныя вандроўкі з бацькамі. Там, дзе заканчваліся дамы, услед за балотцам і нізінкай знаходзіўся зялёны лужок. Многія гады, яшчэ да таго, як з’явіліся вадаспады і водна-зялёны дыяметр, там любілі летам вабіць вольны час, гуляць і загараць сем’і, маці з малымі дзецьмі.

Далей за лужком — калгаснае поле. Там сеялі пшаніцу, часам садзілі кукурузу. Калі ў жніўні на поле выходзіў камбайн, каб зразаць кукурузу, дык амаль кожны год хтосьці з дзяцей ці падлеткаў гінуў. Хлопцы лазілі па калгасную (чытай — нічыйную кукурузу), а камбайнер звычайна не бачыў дзяцей між высокіх, большых за чалавечы рост сцяблін.

Недалёка ад цяперашняй шашы, што выводзіць на кальцавую, знаходзілася птушкаферма. Уздоўж яе крочылі, калі выпраўляліся на прагулку ў лес. Калі вецер пачынаў дзьмуць ад фермы, увесь мікрараён накрываў пах птушынага памёту. Бацька заўжды тонка адчуваў водар, нават калі яго яшчэ не паспелі пачуць усе астатнія. Таму моршчыўся, а мы імкнуліся як мага хутчэй прайсці гэты кавалак дарогі.

Ля самага лесу стаялі хаты вёскі Падбалоцце. Цяпер на тым месцы — вуліцы Карбышава і Цікоцкага, шматпавярховікі Зялёнага Лугу-5. За вёскай пачынаўся лес. Не засмечаная прыгарадная зона, а сапраўдны лес. Светлы, пераважна сасновы, дзе панавалі велізарныя гонкія дрэвы. Змрочнага ельніку было няшмат. Бацька часта тымі сцежкамі хадзіў. І сам, і мы разам з ім. Лес заўжды быў для яго, чалавека, які нарадзіўся ў вёсцы і ўнутрана, па сутнасці ніколі не адрываўся ад зямлі і здаровай сялянскай псіхалогіі, чымсьці незвычайным.

Смолкі дух, цішыня, водар ягад ці грыбоў — усё разам гаючая прастора. Паходы ў лес успрымаліся бацькам як магчымасць адшукаць цішыню, абдумаць свае літаратурныя ўражанні. Цікава: звычка і патрэба прайсці ў дзень чатыры-пяць кіламетраў захавалася на доўгія гады. Да сталага ўзросту.

Летам, калі бацькі сыходзілі ў адпачынак або рана вярталіся з працы, маці збірала невялікі запас ежы, пітва, запасное адзенне — на выпадак, калі пахаладае, і мы крочылі праз мікрараён у бок лесу. Гойдаліся на самаробным гамаку. Шукалі суніцы і чарніцы. Не памятаю, каб бацька вельмі любіў збіраць ягады і лазіць па гушчары. Ён звычайна ўладкоўваўся на паваленым дрэве з кніжкай ці часопісам. Штосьці чытаў, абдумваў.