Выбрать главу

Усе разам збіралі сухое галлё, раскладвалі вогнішча, пяклі бульбу. Выкатвалі яе галінкамі, бо рукамі не возьмеш. Бацька на агні смажыў скрылёчкі сала. Але трэба было адразу падставіць пад яго лусту хлеба. Часам кроплі тлушчу траплялі ў вогнішча, і яно пачынала іскрыць.

Цікавы штрых. Калі бацька некуды з’язджаў ці не меў часу з намі разам ісці, дык маці не рызыкавала з двума дзецьмі выпраўляцца далёка ў лес. Таму з мамай ішлі на недалёкі лужок, на ўскраіну лесу. Таму з дзяцінства ў мяне міжволі ўзнікала ўражанне: дзе бацька, там большы прастор і маштаб.

Даўнія, дзіцячыя вандоўкі па лесе нечакана згадваліся пазней. У 90-я гады і на пачатку новага стагоддзя, трапляючы ўпершыню ў незнаёмыя еўрапейскія гарады, я свабодна арыентавалася ў прасторы і не гублялася. Бо добра памятала папярэдні маршрут. Здольнасцю вольна адчуваць сябе на новай тэрыторыі валодаюць не ўсе, такую звычку няпроста набыць, калі раней не натрэніраваўся. Яна нарадзілася ў маім дзяцінстве сама, падчас доўгіх лясных падарожжаў. Ага, тут ішлі прама, потым павярнулі налева… Там — вырубка, а там раслі старыя раскідзістыя сосны...

Парашуты над полем

Маршруты лясных вандровак кожны раз былі розныя.

Здаралася, даходзілі да Баравой. Уладкоўваліся там на ўскрайку лесу, на посцілцы, узятай з дому. І назіралі, як самалёты робяць кругі над полем.

А потым, на вышыні, з іх вылятаюць і імкліва імчаць уніз чорныя кропкі. Гэта парашутысты. Раптам, у адзін момант кропка ператваралася ў яркі, рознакаляровы парашут. Сачыць за працэсам было захапляльна. Гэта здавалася момантам цуду, які ўзнікаў на тваіх вачах. Падышоўшы бліжэй, можна было ўбачыць, як парашутысты прызямляюцца, а потым пачынаюць складваць свае агромністыя парашуты.

Часам у лесе мы бачылі глыбокія, спецыяльна выкапаныя яміны. Яны мелі амаль квадратную форму, знаходзіліся недалёка адна ад другой і нагадвалі зарослыя хмызняком акопы часоў Айчыннай вайны. Былі выпадкі, калі траплялі ў далёкі лес за некалькімі шашэйнымі дарогамі. Праз дваццаць гадоў менавіта там адшукалі пахаванні ахвяр масавых рэпрэсій, што адбываліся пры канцы 30-х. Гэта тэрыторыя, якую пазней назвалі Курапатамі.

Што да скачкоў з вышыні, дык незвычайны працэс, калі парашуты раскрываюцца, можна было бачыць нават з акна нашай кухні ці з балкона. Бо гмахі Зялёнага Лугу-5 з’явіліся значна пазней. А першыя гады нашага жыцця тут можна было назіраць, як зранку сонца падымалася з-за лесу, ціха выплывала з-за ягонага зубчастага краю. У той жа прасторы ўдзень ці вечарам кружылі самалёты, выкідваючы парашутыстаў, аматараў экстрыму і вострых адчуванняў. Мы стаялі на балконе і лічылі:

— Глядзі, першы раскрыўся!

— Зараз яшчэ адзін…

— Ой, ужо тры!

«Лес сасновы — нібыта сабор…»

Уражанні дзяцінства, мабыць, самае лепшае, што застаецца ў памяці дарослага чалавека, які з узростам пачынае глядзець на свет з пэўным скептыцызмам. Тая наіўнасць, рамантычнае ўспрымання свету паступова сыходзіць. Але жывіць цябе заўсёды. Глыбокая любоў бацькі да лесу, хвойнага гушчару, маляўнічых, прасякнутых сонцам палянак, лічу, перадалася і мне. Цікавасць не да мітусні крам, кірмашоў, хаатычнага натоўпу, а фізічная неабходнасць наталіцца энергетыкай ад вялікай, неабсяжнай прасторы — лугу, поля, лесу. Таму ў свой час напісала верш, у якім былі такія радкі:

Лес сасновы — нібыта сабор,

Дзе калонамі гонкія сосны.

Дзе купалам неба шацёр,

А ў нізе луг сцелецца росны.

Пазней беларускі кампазітар Аліна Безенсон «пераклала» верш на музыку. А харавы калектыў «Жывіца», які існуе ў Дзіцячай школе мастацтваў, зрабіў твор сваёй музычнай візітоўкай і часта выконвае яго ў канцэртах.

Знакамітыя радкі Цютчава часта цытуюць дарэчы і недарэчы, дзе трэба і не трэба: «Нам не дано предугадать, Как наше слово отзовется, // Но нам сочувствие дается, Как нам дается благодать». Але тое ж можна сказаць не толькі пра словы, але і ўчынкі. Каб не было тых шматгадзінных прагулак і падарожжаў па лесе, наўрад ці пазней з’явілася б у мяне апавяданне «Свята печанай бульбы». Магчыма, яно ўвасабляе не толькі ідэальныя адносіны ўнутры сям’і, але і настрой узаемаразумення, глыбокай душэўнай радасці і згоды. Не ў кожнай сям’і яго можна дасягнуць. У нашай такая атмасфера, на шчасце, была. І падобны стан гармоніі між сабой і светам хацелася занатаваць, перадаць сабе і іншым.

Некалькі гадоў таму мяне запрасілі на сустрэчу з чытачамі-школьнікамі ў Цэнтральную кнігарню Мінска. Напрыканцы сустрэчы настаўніца, якая прыйшла разам з дзяўчатамі, з радасцю распавяла: апавяданне «Свята печанай бульбы» яна звычайна чытае вучням уголас на пачатку навучальнага года, калі абмяркоўваюць, хто і дзе адпачываў, што новае пабачыў. Чытае для настрою — уласнага і дзяцей.