Выбрать главу

«У чорным-чорным горадзе…»

Але вярнуся ў 1965 год. У выдавецтве «Навука і тэхніка» выйшла першая манаграфія бацькі: «Ад задумы да здзяйснення. Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Кніга напісана на аснове кандыдацкай дысертацыі. І навуковая праца, і кніга зрабіліся пачаткам бацькавага шматгадовага вывучэння творчасці Якуба Коласа, якое будзе доўжыцца наступнае жыццё.

Што адбывалася ў той год у сям’і? Я пайшла ў першы клас. Мама перайшла працаваць у школу № 93, якая знаходзілася блізка ад дома, таму цяпер яна была менш звязаная з транспартам і неабходнасцю вельмі рана падымацца. Калі ў раскладзе ўрокаў з’яўлялася «фортка» (вольныя ад урокаў 45 хвілін), магла і зазірнуць дамоў, каб паабедаць, крыху адпачыць ці прасачыць, чым займаюцца ўласныя дзеці.

Увесь другі пад’езд дома аддалі сем’ям супрацоўнікаў Акадэміі навук. Маладыя фізікі, біёлагі, філолагі сябравалі, часам хадзілі адзін да аднаго ў госці, пазычалі, калі было трэба соль, запалкі ці шклянку круп.

У двары ў мяне з’явілася некалькі сябровак, сярод іх — Жэня Чабярук, рухавая бландзіначка невялікага росту, з гарэзнай і хітрай усмешкай. Яна жыла ў суседняй кватэры. Маці Жэні, Алена Іванаўна, працавала ў Інстытуце мовазнаўства. Потым, калі Жэня вучылася ў 7 ці 8 класе, іхняя сям’я атрымала большую кватэру і з’ехала з Зялёнага Лугу. Далей нашы сцежкі разышліся, сляды Жэні згубіліся. Праз шмат гадоў я даведалася: Алена Іванаўна вывучала дыялекталогію, была сааўтарам многіх слоўнікаў, якімі мы карыстаемся, у 2000-м зрабілася лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у пяці тамах.

Яшчэ адна сяброўка, лірычная і задуменная Воля Абросава, таксама жыла праз сценку ад нас, але ў суседнім пад’ездзе. Некалькі гадоў таму я нечакана сустрэла яе ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе Вольга працуе. А ў той іхняй кватэры зараз жыве яе дачка, толькі ўжо са сваёй сям’ёй. Пазней, у школьныя гады ў мяне з’явіліся новыя сяброўкі. Часцей гэта былі аднакласніцы — Люда Падчасава, Іра Царкова, Лена Саржэўская, Іра Кароль. А самай лепшай сяброўкай надоўга засталася Ніна Старкова, з якой мы шмат гадоў сядзелі за адной партай.

Любімыя гульні ў двары — хованкі і «выбівалы». Нястрымны смех выклікала гульня ў сапсаваны тэлефон: ад супастаўлення слова, сказанага шэптам суседу, і таго, у што тое слова ператваралася пры канцы «ланцужка». Наіўная дзіцячая забава, а па сутнасці, — мадэль дарослых адносін, схема абсурду, па законах якога ў грамадстве распаўсюджваюцца чуткі і плёткі.

Яшчэ адным любімым заняткам нашай кампаніі было распавядаць страшныя гісторыі пра чорныя рукі і ногі. Лепей вечарам або ў прыцемках. Звычайна яны пачыналіся так: «У чорным-чорным горадзе…» Выслухаўшы шмат такіх гісторый, я доўга потым не магла заснуць. Як толькі заплюшчыш вочы, адразу паўстаюць жахлівыя чорныя рукі і ногі, якія чапляюцца да цябе. Калі фантазія так буяе, супакоіцца немагчыма. Пакруціўшыся з боку на бок, іду ў бацькоўскую спальню. Шэптам:

— Мама, мне страшна! Можна я паміж вамі лягу?

Мама, магчыма, і не супраць. Але бацьку, які хацеў выспацца, гэта не падабалася. У выніку я ўладкоўвалася побач з мамай, на яе ложку. І нарэшце спакойна засынала.

Любоў да канцтавараў

У дзяцінстве заўжды цікавей знаходзіцца побач з дарослымі: з бацькамі, бабуляй і дзядулем, чым з аднагодкамі. Дарослых сяброў я знаходзіла ўсюды. Адной з маіх прыяцелек была жанчына, якая прадавала канцтавары. Кіёск з неверагодным начыннем працаваў ва ўнутраным двары школы. Каб убачыць, што там, трэба падняцца па прыступках. Па драўляных паліцах было акуратна расстаўлена шмат прывабных рэчаў: атласы, контурныя карты, падручнікі наступных гадоў навучання. А таксама — сшыткі ў клетку ці лінейку. Звычайныя каштавалі 2 капейкі, больш гладкія і бліскучы, якія лічыліся дэфіцытам, — 3. Меліся алоўкі, гумкі. Я прыходзіла да той жанчыны, мы размаўлялі. Яна — у сваім кіёску, я — з боку вуліцы. Вельмі імпанавала, што яна мае дачыненне да ўсіх гэтых незвычайных рэчаў.

Як ні дзіўна, але любоў да чыстай паперы, нататнікаў, добра завостраных алоўкаў захавалася ў мяне і па сёння. Ёсць у гэтых простых рэчах таямніца і прыхаваны сакральны сэнс. З’явілася арыгінальная думка, мабільнік выключаны, дык чаму не запісаць яе на паперы? Не запішаш, лічы — згубіла, думка як прыляцела, так і паляціць далей, як птушка. Да кагосьці іншага.