Выбрать главу

Па грошы — і па марозе

Велізарны інтарэс да канцтавараў, а ў дадатак няўважлівасць аднойчы добра падвялі мяне. Вучылася ў класе трэцім. Мне трэба было купіць нейкую драбязу для школы. Але не ў кіёску, а ў краме, што на першым паверсе аднаго з гмахаў на вуліцы Коласа (назва «Лагойскі тракт» з’явіцца пазней).

Мама дала мне 25 рублёў, купюру бледна-фіялетавага колеру з партрэтам Леніна, калі паглядзець на святло. Купюра чырвонага колеру з партрэтам правадыра, мела намінал у 10 рублёў і называлася «чырвонцам». Драбнейшых грошай, відаць, дома не было. Удакладню: за 25 рублёў у той час можна тыдзень карміць сям’ю. Зарплаты некваліфікаваных работнікаў маглі складаць 40—50 рублёў, спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй — 80—90. Калі маеш 140—150 і болей, гэта лічылася багаццем. Улічым, кілаграм буракоў каштаваў 6—8 капеек, хлеб і батон 13—14, а пірожнае — 22.

Разглядаючы за вітрынай неверагодныя канцтавары, я згубіла кашалёк з агромністай на той час сумай. Страта выявілася, калі трэба было плаціць у касе. Але свет не без добрых людзей. Жанчына, якая знайшла кашалёк, пакінула ў краме адрас. Усё было б проста, калі б на вуліцы не стаяў моцны мароз градусаў 20, ды жанчына не жыла вельмі далёка ад крамы.

Мама мяне захутала, і я пайшла. Мінула цяперашні Лагойскі тракт. Потым рушыла наўскасяк па полі, праз вялікі ўзгорак (яго зрэзалі, калі будавалі Зялёны Луг-6). Далей трэба было ісці амаль да лесу. Не магу сказаць, што было страшна, бо ў той час з бацькамі мы хадзілі шмат. І вось я ў вёсцы, адшукала па згаданым адрасе жанчыну. У выніку да мяне вярнуліся запаветныя грошы. А крочыць назад аказалася нашмат весялей.

Савецкі побыт

Распавяду пра рэаліі тагачаснага паўсядзённага жыцця. У побыце нават гарадскіх сем’яў хапала прыкмет натуральнай гаспадаркі. Некалькі маляўнічых штрыхоў. Напрыклад, селядцы прадаваліся ў краме з бочкі, ніякіх вам філе. Прынеслі дадому — трэба адрэзаць галаву, плаўнікі, хвост. Той расол, з якога ў краме вымалі селядзец, у вёсцы называлі «лёк». Мая маці часам успамінала жарт, які чула на Грушаўцы: «Лёк, у якім сабака мок». Смешна, але і каларытна.

Калі набылі курыцу, дык на ёй можна было заўважыць рэшткі белага пер’я. Таму перш чым варыць яе ці смажыць, трэба абсмаліць над газавай гарэлкай, а перад тым зняць жалезную рашотку, якая перашкаджала смаліць. Напярэдадні 7 лістапада ў магазінах «выкідвалі» ў продаж вялікія партыі карпа, звычайнага ці «люстранога». Відаць, каб савецкія людзі, затарыўшыся танным і дэфіцытным прадуктам, годна адзначылі чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ніхто тады нават уявіць не мог, што бананы ці мандарыны могуць прадавацца круглы год і за імі не трэба стаяць на марозе ў чарзе. Калі я ўпершыню пакаштавала бананы, яны мне не вельмі спадабаліся. Зялёныя звонку, незразумелы мыльны смак. Ніхто не патлумачыў, што яны могуць быць жоўтыя і спелыя.

Кожная гаспадыня, якая імкнулася мець разнастайнае меню, спадзявалася на ўласныя кулінарныя здольнасці, а таксама на тоўстую кнігу «О простой и здоровой пище». У будзённыя дні елі тое, што хутка гатавалася: супы і кашы, бліны, аладкі, амлеты. Але на святы і ў выхадныя дні маці імкнулася прыгатаваць штосьці адметнае: заліўную ці фаршыраваную рыбу, курыныя адбіўныя, селядзец «пад шубай».

Тая невымерная, бясконцая галеча, якой былі афарбаваныя 60-я і 70-я гады, цяпер успрымаецца беднасцю, а тады выглядала нормай. Іншага ніхто не бачыў. Бо ўсе так жылі, і мы такія, як усе. вымушаная, няхай і неўсвядомленая беднасць пры ўсіх мінусах мела некалькі плюсаў.

Маленькія зарплаты прывучалі не купляць нічога лішняга. Неверагодная, фантастычная вынаходлівасць выпрацоўвалася якраз у адпаведнасці з прымаўкай «голь на выдумки хитра»... Кожны кавалачак тканіны, якая ёсць у доме, ператваралі ў штосьці патрэбнае з дапамогай фантазіі. Зазіралі ў крамы кшталту «Мерны лоскут», дзе прадаваліся абрэзкі тканін, ці крамы «Зрабі сам», дзе танна можна было купіць амаль усё патрэбнае для рамонту. Ніхто не турбаваўся наконт модных марак і шопінгу (апошняга не існавала). У дадатак жыццё ў беднасці прывучала да думкі, што горш не будзе, а калі будзе лепей, дык заўсёды справімся. Мы ж беднасць адолелі!

Як назбіраць на марожанае?

Дзіўлюся, што маці з бацькам ніколі не канфліктавалі, не спрачаліся і тым больш не сварыліся з-за грошай або з-за таго, што іх не было. Яны ёсць — купляем тое, што трэба. Няма — чакаем зарплату ці эканомім. З таго часу помніцца шмат смешных сітуацый.