Выбрать главу

Мы з братам дома. Лета, цёпла. Таму хочацца купіць марожанае, ды на дзве порцыі, відаць, не хопіць. Дзе ж узяць грошы? Шкада, што пустыя малочныя бутэлькі нядаўна здалі. Здагадваюся: у кішэнях зімовых паліто і куртак, якія вісяць у шафе, магчыма, засталіся манеткі. Так і ёсць. Ура — назбіралі! Калі пахвалілася бацьку сваёй вынаходлівасцю, ён засмяяўся: «Вось гэта і ёсць сапраўднае жыццё! Калі грошай няма…»

Што мы толькі не прыдумвалі, каб крыху пабагацець і зрабіць жыццё больш радасным! Аднойчы ў бліжняй аптэцы я ўважліва вывучыла, па якой цане прымаюць высушаныя лекавыя расліны. Самы высокі кошт мелі пялёсткі валошак. Таму падчас бліжэйшага паходу ў лес угаварыла ўсю сям’ю пазбіраць кветкі ля краю прасёлкавай дарогі, там, дзе пачыналася жытнёвае поле. Бацька паставіўся да такой ідэі з лёгкай іроніяй, але валошак назбіралі.

Я насушыла, у аптэку здала. Праўда, яны аказаліся надзвычай лёгкія, амаль бязважкія, як матылі, таму вялікую суму не атрымала. Ды радасці — зарабіла сама! — аказалася болей.

Бабуля — краўчыха

Калі брат і я былі малыя, а бацькі маладыя, звесці канцы з канцамі дапамагала і прафесія бабулі Марыі Іванаўны. Яна шыла з задавальненнем — маме, мне, брату. Нават зяцю. Фёдар Фёдаравіч і Марыя Іванаўна час ад часу прыязджалі да нас у Зялёны Луг у госці. Ездзілі ў госці і мы да іх, прычым, з ахвотай. «Госці» былі магчымасцю пабачыца і даведацца пра ўсе сямейныя навіны. Гарадскі тэлефон у бацькоў з’явіўся не адразу. Але нават калі ў іх ёсць, а на Грушаўцы няма, дык куды тэлефанаваць?

Перад пачаткам навучальнага года мама ці я зазіралі на Грушаўку. Не толькі, каб узяць з сабой смачных яблык ці груш. Бабуля з задавальннем зразала некалькі букетаў свежых кветак, каб брат ці я занеслі настаўнікам 31 жніўня ці 1 верасня. Букеты прыгожыя і эканомія бясспрэчная.

Прыязджалі бабуля і дзядуля на Новы год ці на дзень нараджэння мамы, таты, братаў і мой. З падарункамі і смакатой з уласнага саду і агароду. Першай часткай гасцявання былі размовы і святочны стол. Другой — прымеркі, якіх я заўжды чакала з радасцю. Бабуля была так захоплена сваёй прафесіяй і мела такое цярпенне, што была згодная ўдасканальваць чарговую сукенку да таго, пакуль тая не сядала ідэальна па фігуры. Прычым, гэта датычылася не толькі адзення для хатняга ўжытку, — кшталту халатаў, сукенак дзіцячых ці дарослых, але і святочнага. Элегантна і годна выглядалі пашытыя бабуляй касцюмы, у якіх мама выпраўлялася ў школу на ўрокі і на святочныя мера-прыемствы. Хутка шыць у бабулі пачалі і маміны калегі.

Куртачка для зяця

Школьніцай і студэнткай я доўгі час не магла зразумець сутнасць анекдотаў, у якіх адлюстроўваліся адносіны зяця і цешчы. Мо таму, што не бачыла на ўласныя вочы такіх стасункаў між імі, дзе панавалі б непрыязнасць адно да аднаго, непрымірымасць, раздражненне, кпіны і папрокі.

Адносіны Міхася Іосіфавіча да бацькоў жонкі выглядалі ідэальнымі. Не столькі спакойна-карэктнымі, колькі цёплымі і добразычлівымі. Ніводнага кепскага слова, у вочы ці за вочы. Бацька заўжды адчуваў удзячнасць за тое, што некалі на Грушаўцы цесць і цешча аддалі маладой сям’і асобны дом, няхай і без гарадскіх зручнасцяў. (Да таго часу, пакуль мае бацькі не пажаніліся, у той будыніне жылі кватаранты.)

Міхасю Іосіфавічу заўжды былі цікавыя ўспаміны Фёдара Фёдаравіча пра вёску ў 30-я гады, пра вайну і пасляваенны побыт. Яму імпанавалі выключныя цяслярскія таленты цесця, разнастайная мэбля, якую ён рабіў і якая ўпрыгожвала дом на Грушаўцы, а потым і нашу кватэру ў Зялёным Лузе. Тата захапляўся невычэрпным запасам каларытных прымавак і прыказак, якія ведала яго жонка. Яна пераняла іх ад сваіх бацькоў, і ў першую чаргу ад маці, Марыі Іванаўны. Бо жарцікі мінскія і магілёўскія, якія ведаў бацька, адрозніваліся.

Ведаючы такія стасункі, адносіны між імі, не дзіўлюся, што яна з задавальненнем шыла зяцю куртачкі. І летнія, і разлічаныя на больш халоднае, восеньскае надвор’е. Той любіў зручныя і «дэмакратычныя» рэчы, з ахвотай іх насіў. Гэтаксама, як і звязаныя Марыяй Іванаўнай цёплыя і надзейныя кепкі.

Захапленні

Дзяцінства — час усведамлення ўласнай свабоды. Неабсяжнай і бязмежнай. Ніхто не сядзеў дома. Заўжды некуды збіраліся, беглі, імчалі.

Тое, што ў студэнцкія гады бацька любіў спорт, захапляўся лёгкай атлетыкай, з задавальненнем бегаў кросы (у архіве нават фота засталося — у спартыўнай майцы з прышытым на ёй нумарам), вядома, паўплывала і на нас з братам. Да атлетыкі ў мяне справа мо і не дайшла, але я хадзіла ў секцыю, дзе ігралі ў гандбол. Ляўшуны там, такія, як я, былі асабліва запатрабаваныя, бо яны забіваюць галы нечакана, з левай рукі. Займалася я і гімнастыкай, праўда, нядоўга. Былі і гульні ў валейбол, бадмінтон на школьным двары. Брат доўгі час захапляўся фехтаваннем і з азартам хадзіў на трэніроўкі.