Выбрать главу

Вечарам у суботу ці нядзелю дома мы досыць часта ігралі ў шашкі ці шахматы. Спачатку — маці з бацькам. Потым і мяне з Андрэем яны навучылі.

У доме з’явіліся тоўстыя кніжкі з шашачнымі і шахматнымі эцюдамі. У нас калі штосьці рабілася, дык абавязкова грунтоўна. Расстаўляючы на дошцы фігуры, тата з усмешкай казаў: «Давненько не брал я в руки шашек…» (пазней, калі пачалі вывучаць «Мёртвыя душы» Гогаля, высветлілася, што гэта рэпліка Манілава). Паралельна з заняткамі ў школе я хадзіла ў гурток, дзе гулялі ў шашкі і шахматы. І нават займела па іх разрад.

Захаплялася і мастацтвам. Дома мы з братам ладзілі для гасцей лялечны тэатр: для гэтага самі прыладзілі шырму, мелі белыя пальчаткі і галовы розных звяроў. Паспрабавала я займацца ў студыі выяўленчага мастацтва. Не пайшло, затое малявала акварэллю, алоўкам, спрабавала тэхніку «туш — пяро». З ахвотай ляпіла з гліны. Думаю, у дзяцінстве спрабаваць сябе ў розных відах спорту і жанрах мастацтва — натуральная патрэба. Калі ж бацькі не забараняюць, а толькі падахвочваюць, у тым выяўляцца іхняя мудрасць. Толькі такім чынам можна зразумець, якія ў дзіцяці захапленні часовыя, а якія здольнасці потым паўплываюць на выбар прафесіі.

«Вайна і мір» — у школьнай сталоўцы

Чым запомніліся пачатковыя класы школы?

Як ні дзіўна, паказам фільмаў у школьнай сталоўцы, якая ператваралася ў актавую залу. Ніякіх кінатэатраў паблізу не існавала. Да таго часу, калі ў кожнай кватэры з’явіцца тэлевізар, было яшчэ далёка. Таму па вечарах у суботу, у школу прывозілі кіно. Так я і мае аднакласнікі паглядзелі фільм «Яна абараняе Радзіму» з Верай Марэцкай у галоўнай ролі. Потым нам зрабілі шыкоўны падарунак — па суботах круцілі па адной серыі фільма Сяргея Бандарчука «Вайна і мір». Таму па славутай экранізацыі мы пазнаёміліся з творам, а таксама з Вячаславам Ціханавым у ролі Андрэя Балконскага і Людмілай Савельевай у ролі Наташы Растовай раней, чым прачыталі раман.

Кнігі, кнігі, кнігі…

Пра хатнюю бібліятэку, кнігі, падшыўкі газет і часопісаў, якія меліся ў кватэры, варта сказаць асобна. Кнігі займалі агромністае, ці не галоўнае месца ў жыцці тагачаснай інтэлігенцыі. Калі сям’я пераязджала з Грушаўкі ў Зялёны Луг, дык усе кнігі змяшчаліся толькі ў адзін стэлаж. Велізарная бацькоўская бібліятэка збіралася паступова. Тата і мама заўжды выпісвалі шмат перыёдыкі. Падшыўкі часопісаў «Вопросы литературы», «Новый мир», «Полымя», «Маладосць» займалі цэлыя паліцы ў кніжнай шафе.

Былі ў нашай бібліятэцы кнігі, якія купляў сам бацька. Гэта выданні класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў, што патрэбныя для працы. А таксама манаграфіі і калектыўныя зборнікі, якія бацьку ўручылі калегі, крытыкі і літаратуразнаўцы, з дарчымі надпісамі. Уласная калекцыя паступова збіралася і ў мамы. Паколькі яна выкладала ў школе рускую літаратуру і мову, дык ёй нельга было абысціся без рускай і замежнай класікі, метадычных выданняў. Хапала на паліцах і альбомаў мастакоў. Таксама, як і розных слоўнікаў, даведнікаў, энцыклапедый. У брата Андрэя, які ў сярэдніх класах захапіўся фізікай, былі свае стосы кніг.

Яшчэ ў 5—6 класе я пачала збіраць выданні і кнігі, звязаныя з музыкай, танцам, тэатрам. Многія каштоўныя кнігі ў 70-я і 80-я гады былі ў дэфіцыце. Але ў бацькоў не было звычкі мець дома абсалютна ўсё. Таму ў школьныя гады я адразу запісалася ў дзве бібліятэкі. Шмат каштоўных кніг бацька прыносіў з абанементаў бібліятэк Акадэміі навук і Дома ўрада.

«Ленін заўжды жывы!»

Колькі слоў пра тое, як ставіліся бацькі да савецкай ідэалогіі.

Цяпер, калі чытаеш чые-небудзь успаміны пра той час, узнікае ўражанне, што ў савецкі час нязгоднымі з лозунгамі і ідэямі, якія панавалі тады, былі ледзь не ўсе. А дысідэнтам, відавочным ці прыхаваным, з’яўляўся ці не кожны другі. Але на самай справе было не так. Сістэма трушчыла, нявечыла і выкідвала нязгодных з ёю. Таму на ўласнай кухні ты можаш распавядаць якія заўгодна анекдоты пра «дарагога Леаніда Ільіча» і членаў Палітбюро, але прылюдна, уголас — ні ў якім разе! Гэта дорага каштавала б чалавеку і яго блізкім. Бацька з усмешкай згадваў: калі навуковы артыкул ці раздзел у кнізе скончаны, пасля трэба абавязкова дадаць некалькі цытат з работ Леніна ці Маркса. Такімі былі правілы гульні.