Выбрать главу

Свядомасць, мысленне, сістэма каштоўнасцей грамадства знаходзіліся пад моцным прэсінгам. Прывяду некалькі прыкладаў. Напярэдадні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 і 8 лістапада (абодва дні лічыліся выхаднымі) па тэлевізары абавязкова «круцілі» фільмы, дзе галоўны герой — правадыр. Карціны «Ленін у 1917 годзе», «Ленін у 1918 годзе», «Ленін у Польшчы», «Шостага ліпеня». Хапала стужак пра Дзяржынскага, Свярдлова, герояў Грамадзянскай вайны. Часта іх здымалі знакамітыя рэжысёры, у галоўных ролях былі занятыя вядомыя артысты. Партрэты Леніна віселі ў кожным класе і школьных калідорах. Песень пра Ільіча — не злічыць. Памятаю, падчас заняткаў школьнага хору, куды я хадзіла ў 3—4 класе, з вялікім энтузіязмам развучвалі песню:

Ленин всегда живой,

Ленин всегда со мной —

В горе, надежде и радости.

Ленин в твоей весне,

В каждом счастливом сне,

Ленин — в тебе и во мне.

Аўтарамі той песні, якая ў савецкія часы часта гучала па радыё, на партыйных сходах, былі паэт Леў Ашанін і кампазітар Серафім Тулікаў. Не апошнія асобы ў тагачаснай мастацкай іерархіі.

У школьных і гарадскіх бібліятэках мелася шмат ілюстраваных кніг і зборнікаў пра Ільіча, адрасаваных дзецям. Яны былі напісаныя добрай мовай, папулярна і зразумела. Думаю, літаратурная Ленініяна з’яўлялася адным з галоўных складнікаў тагачаснай ідэалогіі. Нават у старэйшых класах, у праграме на літаратуры хапала твораў, прысвечаных Леніну. Сярод аўтараў былі паважаныя пісьменнікі. Напрыклад, аповесць Валянціна Катаева «Маленькія жалезныя дзверы ў сцяне» прысвячалася эмігранцкаму жыццю Леніна ў Парыжы на пачатку ХХ стагоддзя. Аповесць Эмануіла Казакевіча «Сіні сшытак» мела першапачатковую назву «Ленін у Разліве» (пазней рэжысёр Леў Куліджанаў зняў паводле аповесці фільм). Папулярнымі з’яўляліся і творы пра Леніна Марыэты Шагінян, яе тэтралогія «Сям’я Ульнавых».

Грамадскае прызнанне аўтара і велізарныя тыражы яго кніг у той час былі паяднаныя. Каб месяцамі працаваць у архівах, шукаючы патрэбныя падрабязнасці ў біяграфіях герояў, аддаваць творам гады жыцця, мабыць, трэба было хоць бы часткова верыць у тое, што пішаш. Ці ўсведамлялі аўтары кан’юнктурнасць сваіх намаганняў, а калі ўсведамлялі, дык у якой ступені? — сёння на такое пытанне ніхто не адкажа. Але хто мог тады падумаць, што гэтыя кнігі і скульптуры, як і фільмы, карціны, кантаты і песні, — гісторыя неўзабаве бязлітасна спіша ў архіў.

Піяніна «Беларусь»

Чорнае элегантнае піяніна «Беларусь» бацькі купілі мне неўзабаве пасля таго, як мы пераехалі ў новую кватэру. Выплачвалі ягоны кошт у растэрміноўку, імаверна, год. Заўважу, кватэра была напаўпустая, у ёй не хапала неабходнай мэблі. Хто мог тады прадбачыць, што з музыкай будзе звязана ўсё маё наступнае журналісцкае жыццё? Бо добра размаўляць з кампазітарамі, спевакамі ці інструменталістамі, ведаючы, што такое ноты цэлыя і «восьмыя», лігі, дыезы, бемолі і бекары.

Настаўніца музыкі, Людміла Міхайлаўна была жанчынай усмешлівай, добразычлівай і на дзіва цярплівай. Бо часам у мяне хапала настойлівасці, каб паступова засвоіць складаныя музычныя творы, а часам і не. Каб авалодаць фартэпіяннай тэхнікай неабходна было прыкласці шмат высілкаў. Не абысціся тут і без захопленасці музыкай, а мо і фанатызму. Заўвага настаўніцы гучала так:

— Таня, чаму ты кожны раз іграеш няправільнымі пальцамі? Не тымі, што пазначаны ў нотах? Паспрабуй тымі! Атрымаецца нашмат прасцей…

Заняткі музыкай прыносілі велізарную асалоду. Жывы гук, асабліва, калі гэта творы класікі, багатыя на запамінальныя і пранікнёныя мелодыі, напаўняе прастору кватэры асаблівай энергетыкай. Адухоўленасцю і лёгкасцю. Разбіраючы па нотах чарговы твор, які трэба развучыць дома, я з радасцю знаходзіла галоўную музычную тэму, і, іграючы, казала маме, якая штосьці гатавала на кухні:

— Ты чуеш мелодыю?

— Не, пакуль не чую, — не вялася маці на мае эмоцыі.

Ці сапраўды не пазнавала тое, што немагчыма не пазнаць, ці я пакуль слабавата іграла — цяпер цяжка сказаць.

Надзвычай імпанавалі мне заняткі па музычнай літаратуры і ўсё, звязанае з біяграфіямі кампазітараў, гісторыяй стварэння опер і балетаў. Але я вельмі не любіла музычныя дыктоўкі і сальфеджыа. Не разумела, на што яны патрэбныя. Зразумела толькі праз шмат гадоў, калі ў свядомасці пачалі ўзнікаць уласныя мелодыі. А як іх запісаць? Без сальфеджыа і ведаў тэорыі музыкі ты бездапаможны.