Выбрать главу

Сем гадоў заняткаў музыкай далі мне шмат. У пэўны момант зразумела: піяністкай не стану, таму далей няма сэнсу займацца музыкай штодня. Але той час выклікаў у мяне велізарную цікавасць да музычнай сферы. Так, не хапала выканаўчай тэхнікі або здольнасці імправізаваць, але сам працэс ігры моцна мяняе ўнутраны стан чалавека. Ён выхоўвае, фарміруе пачуцці, змяняе ягонае ўспрыманне мастацтва і іншых людзей.

Нават перастаўшы займацца музыкай, я час ад часу купляла новыя ноты. У мінскай краме, якая так і называлася — «Ноты» і знаходзілася на вуліцы Леніна. У Маскве, калі туды трапляла. У часопісе «Музыкальная жизнь» друкаваліся нотныя старонкі з папулярнымі песнямі, рамансамі, опернымі арыямі. Стосы нот захоўваюцца ў маёй кватэры і цяпер.

Памятаю, мне споўнілася 12—13 гадоў, калі бацька прынёс з Акадэмічнай бібліятэкі манаграфію музыказнаўцы Арнольда Альшванга пра Чайкоўскага. У тоўстай кнізе, што мела 500 старонак, хапала нотных прыкладаў, якія можна прайграць на фартэпіяна. Прычым, мелодыі асноўных арый, дуэты, уверцюры, хары. Колькі разоў я згадвала тую манаграфію праз шмат гадоў, калі на пачатку 2000-х працавала над п’есай, прысвечанай Чайкоўскаму!..

Дзеці свае і чужыя

У пачатковай школе вучыліся чатыры гады. Мая першая настаўніца Алена Мікалаеўна выкладала ўсе прадметы. Весці ўрокі фізкультуры, спеваў, выяўленчага мастацтва прыходзілі іншыя. Пасля чацвёртага класа пачатковая школа заканчвалася, у пятым настаўнікі па ўсіх прадметах аказваліся розныя.

Маці, Тамара Фёдараўна, спецыяльна ўзяла сабе наш, 5 «А», клас. Бо хацелася, каб дачка атрымала грунтоўную адукацыю па мове і літаратуры.

Вядома, між мамай і мной узнікала няпростая псіхалагічная сітуацыя. Але маці абрала такую разумную і бездакорную лінію паводзін, што ні ў кога старонняга не ўзнікала ніякіх пытанняў. Ніякіх асабістых, сямейных размоў у школе мы не вялі. Ва ўсім — строгасць, пэўная афіцыйнасць. Для ўсіх размоў ёсць дом і вольны час.

Чалавек, выключна добры і чулы, маці ўмела быць строгай і падчас урокаў моцна трымала ў руках лейцы ўлады. Папярэдні вопыт яе пераканаў: калі вучні «сядуць» слабавольнаму настаўніку на галаву (пачнуць у час заняткаў займацца староннімі справамі, галёкаць і размаўляць), добрага выніку ў вучобе не чакай. Самыя прагрэсіўныя методыкі і парады не дапамогуць, вучоба зробіцца бессэнсоўнай. Бо ў кожным класе хапала тых, хто вучыцца не хацеў. Няхай іх усяго 3—4 чалавекі, але хуліганістыя падлеткі звычайна досыць агрэсіўныя, маюць шмат разбуральнай энергіі і жадання парушаць парадак, якога патрабаваў настаўнік.

Тамару Фёдараўну пабойваліся вучні тых класаў, дзе яна працавала. Калі яна ўваходзіла і абводзіла клас строгім, нават суровым паглядам, то вучні ўсведамлялі: лепш паводзіць сябе як належыць. Не забуду інтанацыі, з якой яна прамаўляла, калі пачыналі пісаць дыктоўку або пераказ тэксту:

— Так. Закрылі ўсе падручнікі... Не наеўся — не наліжашся!

Тое афарыстычнае «не наеўся — не наліжашся» згадвалі неаднойчы. І ў класе, і ў сям’і. Але самае галоўнае: на яе ўроках было неверагодна цікава!

Тыповая карцінка з натуры. Вечар. Засынаю, а мама, накрыўшы лямпу газетай, правярае за сталом стосы вучнёўскіх сшыткаў. Пад канец чвэрці ці года тых стосаў збіралася вельмі многа, таму правярала яна іх да паўночы. Маці грунтоўна рыхтавалася да кожнага ўрока. У сярэдзіне і напрыканцы лета пачынала перачытваць творы, якія потым будзе з класам разбіраць і аналізаваць. Часам я цікавілася:

— Мама, а навошта? Ты ўжо гэтыя тэксты не адзін раз чытала...

— Не, сёе-тое забыла. Трэба аднавіць уражанні.

Сваё захапленне літаратурай, творчасцю класікаў і сучасных пісьменнікаў Тамара Фёдараўна імкнулася перадаць вучням. Яе пытанні падчас абмеркавання тэксту былі ў такой ступені глыбокія і сутнасныя, што вучні не заўсёды маглі адразу адшукаць адказ. Яе ўрокі літаратуры, асабліва ў старэйшых класах, пачыналіся з вершаў. Кожны чытаў на памяць тое, што выбраў сам і што асабліва яму падабалася. Гэта стварала адпаведны настрой. Таму вучні ўрокі літаратуры ўспрымалі як творы мастацтва, і атмасферу гэтых урокаў не проста перадаць словамі.

Настаўнікі мовы і літаратуры часта аддаюць перавагу нейкай адной з дысцыплін. Ці мове, ці літаратуры. Веданне мовы, арфаграфіі і пунктуацыі прадугледжвае наяўнасць у характары педагога пэўнага педантызму, паслядоўнасці, здольнасці памятаць правілы і строга іх прытрымлівацца. А захопленасць літаратурай не існуе без пэўнага рамантызму, наяўнасці фантазіі, чуласці да мастацкага слова. У асобе Тамары Фёдараўны любоў да прадметаў, якія яна выкладала, натуральна спалучалася. Удзячнасць строгаму і патрабавальнаму настаўніку літаратуры адчуваеш усё наступнае жыццё. Асабліва, калі абраная прафесія палягае ў гуманітарнай сферы.