Беларускую мову ў нашым класе наогул не вывучалі. Бо ў ім сабралася шмат дзяцей ваенных, якія часта пераязджалі з гарнізона ў гарнізон. Яны маглі пісаць заяву, і мовы ў раскладзе ў нас не мелася. Таму засваенне правіл мовы для мяне расцягнулася на доўгія гады. Чыталі тое, што было па праграме. Патрабаванні на экзаменах за 8-ы клас былі такія: трэба ведаць, як называліся першы (другі, трэці) зборнікі, выдадзеныя Купалам ці Коласам. І ў якім годзе здарылася падзея. Чыста фармальныя звесткі пра пісьменнікаў на маё ўспрыманне літаратуры ніяк не ўплывалі. У дадатак усе аўтары здаваліся падобнымі. Усе пісалі пра «пана сахі і касы», абураліся цяжкай доляй селяніна, а пасля 1917 года ўслаўлялі рэвалюцыю, Леніна і савецкі лад жыцця. Разуменне адметнасці вобразаў, мовы і стылю айчынных класікаў прыходзіла пазней, праз самастойнае чытанне.
Але вярнуся да абмалёўкі мамінага характару. Аўтарытэту педагога заўжды дадае справядлівасць. У ацэнках ведаў і паводзін вучняў. У маці ніколі не было любімчыкаў і суб’ектыўных адзнак. Ніхто і ніколі не сказаў мне ў школьным калідоры: «Ну, табе маці па блату пяцёрку паставіла!»
Тады існавала пяцібальная сістэма адзнак. Калі ўсе пісалі сачыненне на 5—6 старонак, дык я — на 15. Асабліва пасля вывучэння «Вайны і міру» Талстога. Я павінна была чытаць і ведаць больш за ўсіх, каб маці не чырванела за мае адзнакі.
Геній стасункаў
Разам з мамай ідзём па мікрараёне. У прадуктовы або на пошту. Часам паход расцягваўся на гадзіну ці дзве. Бо праз кожныя 10 хвілін яе спынялі знаёмыя. У мікрараёне Тамару Фёдараўну ведаў, здаецца, кожны. І бацькі тых дзяцей, якія вучацца ў школе № 93, і бацькі тых, хто вучыўся ў ёй у мінулыя гады і даўно школу скончыў. Нейкім неверагодным чынам маці памятала не толькі прозвішчы, але імёны і імёны па бацьку мам, тат і бабуль сваіх вучняў. Ведала безліч гісторый пра тое, што робіцца ў пэўнай сям’і.
Праўда, ніколі той «закрытай» інфармацыяй не злоўжывала, нікому старонняму не пераказвала.
Ёй давяралі сямейныя сакрэты. Раіліся, як лепей знайсці падыход да яршыстага, непаслухмянага падлетка. Думаю, тут уплываў яе аўтарытэт настаўніцы, класнага кіраўніка, педагога. Чалавека, здольнага не толькі выслухаць іншага і паспачуваць яму, але і актыўна паўплываць на паводзіны, характар, у рэшце рэшт, на лёс сваіх вучняў. Чалавека, які заўжды адгукаўся на чужую бяду, мог маральна падтрымаць. Ёсць людзі, якія прыніжаюць цябе да свайго ўзроўню. Ёсць тыя, якія ўздымаюць да ўласнага ўзроўню. Маці заўжды належыла да другой катэгорыі. Думаю, многія бацькі адчувалі тое лёгкае і светлае біяполе, якое вакол яе заўжды існавала. Такое «счытваецца» падсвядома. У студэнцкія часы мне трапіўся артыкул вядомага псіхатэрапеўта Уладзіміра Леві, які меў красамоўную назву: «Геній стасункаў як чалавек просты». Такая фармулёўка ідэальна адлюстроўвае характар Тамары Фёдараўны.
«Як замежны карэспандэнт»
Бацькі заўжды ўспрымаліся мной як людзі не банальных учынкаў і арыгінальнага, творчага погляду на свет. Прычым, сутнасць таго, што яны рабілі, аказвалася відавочнай не адразу, а праз нейкі час.
Мы з братам былі малыя, калі тата купіў кінакамеру (аматарскую, 8-міліметровую), праектар і экран. Ён перыядычна набываў плёнкі, спачатку чорна-белыя, потым каляровыя. Здымаў сям’ю, жонку, дзяцей. Вечарыны ў школе, дзе працавала маці. Урачыстыя лінейкі ў класах, дзе вучыліся я і брат. Калегу Інстытуце літаратуры, абароны дысертацый, урачыстасці, дні нараджэння. Праяўляў чорна-белую плёнку сам, у ванным пакоі. Каляровую, складаную для апрацоўкі, заносіў у майстэрню.
Прагляды фільмаў заўжды ператвараліся ў свята, і не толькі сямейнае. Аднойчы бацькі зрабілі невялікі фільм пра юбілей адной з настаўніц мамінай школы. Агучылі музыкай, мама чытала закадравы тэкст. Потым «на прэм’еру» дадому запрасілі калег-настаўніц. У рэшце рэшт атрымалася так нязмушана, весела і захапляльна! Праз шмат гадоў аднакласнікі цікавіліся: «А помніш, твой бацька прыходзіў да нас у клас і здымаў? А плёнкі захаваліся? А іх можна паглядзець?»
Колькі гадоў таму ў інтэрнэце прачытала меркаванне даўняй знаёмай бацькі: маўляў, малады Мушынскі з кінакамерай заўжды нагадваў ёй карэспандэнта замежнага выдання. Трапна! Відаць, нагадваў таму, што ў ім заўжды былі нейкія нетутэйшыя элегантнасць, выхаванасць і неверагодная харызма.