Танцы масавыя і сольныя
Імкненне бацькі зафіксаваць на кінакамеру тое, што адбываецца вакол, выклікала цікавасць і ягоных калег. Гуртавала тых, хто ў вольны час займаўся кіна- ці фотасправай.
1974 год. Я вучуся ў 9-м класе і па-ранейшаму хаджу на заняткі ў студыю класічнага танца. Май ці пачатак чэрвеня. Канец вясны, пачатак лета, бо цёпла. Нечаканы званок ад кіраўніцы, балерыны Аляксандры Нікалаевай. Студыя павінна прадставіць нумары для канцэрта ў парку Чалюскінцаў. «Венгерскі» будуць выконваць салісты Тамара Нікіфарава і Юрый Аляксеенка. «Іспанскі» з «Раймонды» танцую я. Канцэрт заўтра, трэба прыехаць у Палац прафсаюзаў, забраць у касцюмернай шыкоўную сукенку ружова-персікавага колеру і белыя туфлі. А потым разам з акампаніятарам — у бок парку Чалюскінцаў.
Вядома, саліраваць прыемна. Праўда, да таго часу «Панадэрас» з «Раймонды» я танцавала толькі разам з іншымі каляжанкамі. На сцэне Палаца прафсаюзаў. Там адказнасць была калектыўная, а калі саліруеш, — індывідуальная. Цяпер тое выступленне памятаю як праз смугу. Вядома, хвалявалася, але малюнак танца засвоены. Галоўнае — уважліва слухаць піяніста, каб трапіць у такт і супасці з музыкай.
Напярэдадні канцэрта бацька патэлефанаваў калегу і сябру Міхасю Кеньку. У вызначаны час яны ўдвух прыйшлі ў парк Чалюскінцаў да той эстрады. Міхась Паўлавіч у выніку зрабіў класныя чорна-белыя здымкі. Яны захоўваюцца ў маім архіве як сапраўдная каштоўнасць. І ўспрымаюцца неабвержным дакументам: так было ў рэальнасці. А калегі ў часопісе «Мастацтва», калі праз шмат гадоў паказвала фота, заўважалі: «О, як цікава! А які інтэр’ер авангардны…»
Дарэчы, час ад часу бацька з’яўляўся ў нашай студыі менавіта з кінакамерай. На рэпетыцыях, якія ішлі ў балетнай зале Палаца прафсаюзаў, на канцэртах, што адбываліся на розных пляцоўках Мінска — Дом афіцэраў, Палац спорту, Палацы культуры трактарнага, аўтазавода, чыгуначнікаў, камвольнага камбіната.
Думаю, бацьку было цікава шмат па якіх прычынах. Найперш таму, што танец — мастацтва відовішчнае. Эфектнае, каб глядзець і здымаць. Студыя мела рэпертуар багаты і разнастайны: урыўкі з класікі, балетаў «Дон Кіхот», «Лебядзінае возера», «Раймонда», «Шчаўкунок», мініяцюры, танцы характарныя і народныя. Для кожнага нумара існавалі яркія і маляўнічыя сцэнічныя строі. Прафсаюзы ў той час лічыліся заможнай арганізацыяй, і грошай, каб годным чынам апрануць калектывы, ніхто не шкадаваў. Тым больш студыя развівалася, увесь час удзельнічала ў канцэртах, фестывалях, аглядах.
Памятаю, аднойчы бацька прыйшоў на рэпетыцыю ў Палац прафсаюзаў. Перад тым пагутарыў з Аляксандрай Васільеўнай. Трэба было пазнаёміцца, папрасіць дазволу, патлумачыць, для чаго здымаеш. Думаю, эксцэнтрычнай Нікалаевай, а настрой яе на працягу рэпетыцыі мог мяняцца імгненна і кардынальна, ад радаснага і лагодна-памяркоўнага да раздражнёнага і спапяляльна-абуранага, імпанаваў выхаваны і спакойны інтэлігент.
Праз некаторы час, калі сюжэтаў сабралася шмат, плёнка была праяўленая і зманціраваная, дзяўчаты са студыі нават прыязджалі да нас у Зялёны Луг. Хацелі ўбачыць, што атрымалася, ці годна яны выглядаюць — у жыцці і на сцэне.
Закрыты і няўлоўны
У дзяцінстве помню бацьку як чалавека лірычнага і цёплага. Калі заканчвала школу, потым была студэнткай, тут уражанні атрымліваліся больш разнастайныя. Часам характар і яго сутнасць здаваліся няўлоўнымі.
Рысы бацькі і маці ўспрымаліся па кантрасце. Калі Тамара Фёдараўна заўжды была эмацыйнай і расхінутай свету, дык Міхась Іосіфавіч больш стрыманы, закрыты, засяроджаны. Маці прыйшла з урокаў ці прыехала з цэнтра горада, разам з бацькам схадзілі ў тэатр, — і яна заўжды імкнулася падзяліцца ўражаннямі. Узнавіць сітуацыі, якія ўзнікалі на ўроках, распавесці пра агульных знаёмых. Слухалі мы заўжды з захапленнем.
У бацькі такой патрэбы не было. Часам ён распавядаў пра ўласныя ўражанні, часам маўчаў, паглыблены ў навуковыя клопаты. Тады ўсе ведалі: лепей яго не чапаць. Студэнткай пра некага захоплена распавядаю. Бацька нечакана кажа: «А я добра яго ведаю!» Хацелася сказаць: «А чаму мне не расказаў?»
У будзённым жыцці ён выглядаў чалавекам засяроджаным. Закрытым, у нечым суровым. Маці заўжды імкнулася вострую сітуацыю змякчыць — словам, гумарам, цярпеннем. Бацька мог зірнуць так, што яго погляд дзейнічаў мацней, чым любыя ўшчуванні, калі яму нечыя словы ці паводзіны рашуча не падабаліся. Калі паспрабаваць акрэсліць эмоцыі, якія адлюстроўваў у той момант ягоны позірк, атрымаецца шмат чаго. Прыхаваны моцны гнеў. Раздражненне. Незадаволенасць і расчараванне. Часам адценне пагарды, яго перажыць цяжэй за ўсё.