Выбрать главу

Думаю, бацька не заўжды ўсведамляў, якія эмоцыі чытаюцца ў ягоным паглядзе. Калі ў мяне была ўжо свая сям’я, падрасталі дзеці, тата зрабіўся больш чулым, душэўным. Верагодна, уплывала жыццёвая мудрасць, ступень грамадскага прызнання. А мо і тое, што на адлегласці стасункі звычайна лепшыя, ніхто нікому не надакучвае з дробязных ці побытавых прычын.

Тургенеўская паненка

Вядома, бацькоў фарміравала атмасфера «адлігі». Яны належалі да пакалення «шасцідзясятнікаў», з іх гуманізмам, неверагоднай верай у чалавека і ў тое, што ідэалы, увасобленыя ў лепшых творах літаратуры і мастацтва, можна і трэба ўвасобіць у рэальнасць.

У характарах жанчын мне асабіста больш за ўсё імпануюць дзве якасці. Па-першае, унутраная грацыя, далікатнасць і вытанчанасць унутранага свету. Па-другое, энергічнасць, здатнасць да рашучых учынкаў. Але колькі разоў назірала: энергічнасць часам мяжуе з наступальнасцю і агрэсіяй, якая амаль што пужае. А празмерная вытанчанасць робіць чалавека ахвярай абставін.

У характары Тамары Фёдараўны гэтыя лепшыя якасці ўдала спалучаюцца. Яе далікатнасць — спадчына, узятая ад бацькоў, у большай ступені ад майго дзеда Фёдара Фёдаравіча. Але ўсё жыццё мяне не пакідала ўражанне: літаратура, у якую маці была паглыблена, уплывала на яе характар, і яго ўдасканальвала.

Сваёй шчырасцю і душэўнай чысцінёй мама часта нагадвала гераінь раманаў ХІХ стагоддзя. Тургенеўскіх паненак, Таццяну Ларыну ці Наташу Растову. Яе погляд на свет рамантычны і моцна ідэалізуе рэчаіснасць. Здаецца, у кожным яна бачыць не столькі чалавека, які цяпер перад ёй, колькі яго будучы, ідэальны варыянт. Таго, якім будзе, калі здолее працаваць над сабой і свядома ўдасканальвацца. А гэта найвышэйшы пілатаж у сямейных стасунках і педагогіцы.

Хто смялейшы?

Не так даўно брат Андрэй, віншуючы маці з днём нараджэння, згадаў сітуацыю са свайго дзяцінства. Калі здаралася штосьці нечаканае ці непрыемнае, бацька разгублена казаў: «Ну, я не ведаю…» А маці вырашала, хто і што будзе рабіць. Так што паводзіны Тамары Фёдараўны заўжды прымушалі згадаць не толькі гераінь раманаў ХІХ стагоддзя. У складаныя моманты ў ёй выяўлялася такая сіла характару і такая нязломнасць натуры, што міжволі згадаеш Жанну д’Арк, якую збіраюцца весці на вогнішча, ці баярыню Марозаву з карціны Васіля Сурыкава, якую вязуць у выгнанне. Але яны не адступяцца ад перакананняў. Тады разумееш: у самых тупіковых сітуацыях заўжды ёсць выйсце. Толькі ад страху і разгубленасці яго не бачыш. А вынік і поспех залежаць не ад абставін, а толькі ад сілы характару і тваёй веры.

Не змагаючыся за першынство

Характары бацькоў на дзіва ўдала адпавядалі адно аднаму. Як мудрая жанчына, маці ўнутры сям’і ніколі не змагалася за ўладу і магчымасць кіраваць. Яна заўжды захаплялася сваім Міхасём. Ягонай абаяльнасцю, маштабам, размахам мыслення. І нейкім чынам так арганізавала жыццё, што ў маленькім каралеўстве, якім уяўляецца сапраўдная сям’я, бацька аказваўся галоўным. Ён — гуру і вышэйшы аўтарытэт.

Бацька займаўся стратэгіяй, маці — тактыкай. Яго меркаванні ніколі не аспрэчваліся (пазней я зразумела, што гэта не зусім слушна). У сям’і ніхто не прад’яўляў бацьку прэтэнзій. Усе прэтэнзіі маме, яна ўмела лёгка «разруліць» складаныя сітуацыі і незадаволенасць. Тамара Фёдараўна прывучыла нас па дробязях і побытавых пытаннях бацьку не тузаць. Побытам займалася сама, вызваляючы яму час, патрэбны для навуковай творчасці. Некалькі гадоў таму брат прапанаваў — напаўжартам, напаўсур’ёзна: «Давай разам напішам кнігу пра нашу маму. Пад назвай “Ідэальная жонка”».

Імідж і поспех

Бацька заўжды імкнуўся апранацца акуратна і элегантна.

Любіў насіць касцюмы. Для халаднейшага надвор’я меліся «двойкі» і тройкі» больш цёмнага колеру, для лета — святлейшыя, бэжавыя ці шэрыя. Касцюмы яму пасавалі, надавалі афіцыйны, у нечым строгі выгляд.

Увага да знешняга выгляду, думаю, мела шмат прычын. Па-першае, вымагалі пасады і грамадскі статус навукоўца, доктара навук, прафесара. Немалая колькасць літаратурных, навуковых, грамадскіх мерапрыемстваў, у якіх трэба актыўна ўдзельнічаць. Абароны дысертацый у Інстытуце літаратуры, на філфаку БДУ, у педуніверсітэце. Літаратурныя вечарыны і навуковыя канферэнцыі. Пасяджэнні вучонага савета Інстытута літаратуры і пасяджэнні прэзі-дыума Акадэміі навук пазней, калі бацьку абралі членам-карэспандэнтам.