Па-другое, калі ў 1986-м Мушынскі стаў загадчыкам сектара тэксталогіі і выданняў, высветлілася: пераважная большасць яго супрацоўнікаў — жанчыны. Міхасю Іосіфавічу апрыёры хацелася выглядаць прадстаўніча. Бо вопытнае жаночае вока звычайна ў момант вызначае, добра клапоціцца пра мужа ягоная жонка ці не надта.
Бацька заўжды выглядаў дагледжаным. Маці за ягоным і выглядам, і гардэробам сачыла. Імкнулася, каб ён быў апрануты модна і па-сучаснаму. Разумела: знешні выгляд і імідж шмат значаць. У апошняе дзесяцігоддзе ці два новае часцей купляла мужу, а не сабе. Шчыра кажучы, я дзівілася з такой сітуацыі, бо лічыла, што можна і сябе не забываць, але ніяк не каментавала. Зрэшты, гэта іх справа, а не мая.
Наконт свежых кашуль, асабліва белых, якія бацька любіў, у іх былі прынцыповыя разыходжанні. Тата імкнуўся кашулі мяняць ледзь не штодня, але маці проста не паспявала спачатку іх мыць, потым прасаваць. Яна была занятая вышэй галавы — урокамі, сшыткамі, планамі ўрокаў, побытавымі клопатамі, якія сямейнікі, занятыя творчасцю і самарэалізацыяй, дружна і радасна на яе «ссунулі» і згрузілі.
Той нудны клопат маці спрабавала часткова перакласці на бацьку, вялікага аматара элегантнасці. Але ў яе нічога не атрымалася: калі тата нечага не хацеў ці не лічыў патрэбным, ніхто не мог яго пераканаць. Пэўны час выручаў прыёмны пункт, куды здавалі бялізну, але туды можна было здаць і колькі кашуль. Іх вярталі чыстымі, адпрасаванымі, у дадатак накрухмаленымі. Пазней, у 90-я ў крамах з’явіліся замежныя кашулі не белыя, а больш разнастайнай колеравай гамы (бэжавыя, блакітныя). Праз нейкі час узнікла мода на «пакамечаныя» тканіны, адзенне з іх не трэба прасаваць. Зноў жаночым рукам палёгка!
Ведаю: гальштукі любяць далёка не ўсе. Хтосьці здзекліва называе іх «удаўкамі» і доўга ў іх не трывае. Але калі стыль адзення дэмакратычны, дык гальштук сапраўды і не патрэбен. У бацькі мелася не вялікая, але разнастайная калекцыя гальштукаў. Самыя прыгожыя падараваў Міхасю Іосіфавічу ягоны сын Андрэй, калі бацькі ездзілі да яго ў замежжа.
Даклад і сукенка
Тыповая карцінка з паўсядзённага жыцця ў 70-я гады.
Вечар ці выхадны дзень. Бацька працуе ў дальнім пакоі. Там нібы і спальня, але і кабінет. Таму часова перанеслі туды стол-«кнігу». Зручную мэблю, якая займае мала месца. Дзве «вокладкі» кнігі апускаюцца ці ўздымаюцца, як крылцы. Скіроўваю туды, бо там шафа і адзенне. Некуды збіраюся, таму трэба ўзяць сукенку. Маці ціха, амаль шэптам:
— Не хадзі, не перашкаджай бацьку працаваць! Ён даклад дапісвае.
І спяшаецца…
— А як мне ўзяць сукенку?
— Вазьмі іншую!
— Якую іншую, калі ўсе там?!
Зразумела, гэта дробязі, але характэрныя. Бацькі — цудоўныя людзі, але ў старэйшых класах школы такі «манастыр» часам раздражняў. Выклікаў унутраны пратэст. Як і неабходнасць жыць у адпаведнасці з дзіўнымі, невядома кім прыдуманымі правіламі. Хто і калі вырашыў, што як толькі пачынаецца навука, дык жыццё адразу заканчваецца?
Пурытанскі стыль
Вучуся ў 7-м класе, мне гадоў 14. Па тэлевізары, яшчэ чорна-белым, паказваюць італьянскі фільм пра славутага кампазітара Джакама Пучыні. Дзе музыка, мелодыі, спевы, там, вядома, і паўднёвыя страсці. Кампазітара натхняе спявачка, яна ж і каханка. У іншых сцэнах з’яўляецца жонка, якая пакутуе. Мама выпадкова трапляе на сцэну рэўнасці і камандуе:
— Таня, выключай! Няма чаго глядзець такія стужкі! І позна ўжо…
— Мама, так цікава… Гэта ж пра кампазітара, оперу! «Тоска» і «Багема» Пучыні ва ўсіх тэатрах ідуць…
І тут голас чуецца бацькі:
— Томачка, ну няхай паглядзіць!
Паколькі бацькава слова аказвалася апошнім, яго ніхто не аспрэчваў, дык тую стужку я ўсё ж даглядзела. Але ўвогуле выхаванне было строгім, як на цяперашні погляд, дык празмерным. Здавалася: сваякі, знаёмыя, суседзі жывуць неяк прасцей і весялей, больш раскавана. Мо таму, што наш дом быў «закрытым», а не расхінутым для шматлікіх гасцей і сваякоў. Вось на Грушаўцы, у бабулі Марыі Іванаўны стыль жыцця падаваўся больш маляўнічым, квяцістым, блізкім да раблезіянскага. Магчыма таму, што туды я трапляла летам і на канікулах. А ў Зялёным Лузе строгасць часам выклікала маю ўнутраную нязгоду.
Строгасць выхавання неабходная, калі бурны халерычны тэмперамент трэба вярнуць у пэўнае рэчышча. А сарамлівую паненку, наадварот, трэба разнявольваць. У студэнцкія гады і нават падчас працы ў «ЛіМе» мне было прасцей і лягчэй тры разы схадзіць на спектакль і напісаць рэцэнзію, чым пагутарыць з артыстам у грымёрнай ці за кулісамі.