Выбрать главу

Разбураная ідылія

Доўгі час была перакананая: адносіны маіх бацькоў ідэальныя. І наша сям’я ідэальная. А калі пэўныя праблемы ёсць, дык у тым, што здароўе ва ўсіх не надта трывалае. Нават не здагадвалася, што хтосьці не задаволены. Відаць, бацькі ўдала хавалі супярэчнасці. Аднойчы выпадкова, заканчвала ў той час 8 клас, аказалася міжвольнай сведкай эмацыйнай начной размовы.

Разбураная ідылія аказалася шокам, таму палову ночы праплакала. Потым, зарумзаная і з падпухлымі вачыма, пайшла на экзамен. Прэтэнзіі меліся ў мамы. Бо якія прэтэнзіі маглі з’явіцца ў бацькі? Ніякіх! Сутнасць была ў тым, што ў маці не хапала сіл і цярпення цягнуць на сабе ўвесь побыт. Усіх абслугоўваць, пра ўсіх клапаціцца. Дзеці ў сям’і хутка пераймаюць больш выйгрышную і выгадную пазіцыю. Маўляў, я заклапочаная, столькі спраў, мне трэба бегчы, я спяшаюся! Самая цяжкая, нязручная і нябачная хатняя справа даставалася маці. Яна мыла, прасавала, кожны дзень купляла і гатавала. Селі і з’елі — усё, пачынай спачатку!

— А ў цябе былі абавязкі? — спытае чытач. Так, я з задавальннем купляла прадукты, прыбірала (таму дакладна ведала, дзе стаяць якія кніжкі). Дзе магла, там дапамагала. Праўда, гатаваць не любіла, давялося вучыцца пазней. Але ўсё роўна маці заставалася шмат побытавых клопатаў. Бацька не надта імкнуўся ёй дапамагаць. Усё, што датычыла кухні, пакупак, рамонту лічыў жаночым заняткам. Ён глядзіць па тэлевізары футбол ці хакей, а маці гатуе. Ён — на прагулку, а жонка мые кашулі. Нераўнамернасць іхніх абавязкаў мяне часам бянтэжыла і засмучала. Але паколькі маці завяла правіла — бацьку не крытыкаваць, дык ніхто рот з такой нагоды і не адкрываў.

Фарба

Маці ўспамінае: «Трэба пафарбаваць акно. Бацька пачынае... І шэсць разоў — пэнзлем па адным месцы. Ну, так марудна! Я сама зрабіла б утрая хутчэй». Заўважу, тата заўжды быў перфекцыяністам, хоць тое слова мы не ведалі і не ўжывалі. І нават у малярных работах імкнуўся да ідэальнага.

Згадваю, як ён фарбаваў уваходныя дзверы. Колер быў абраны прыгожы — слановая косць. Перад тым дзверы трэба зняць з петляў. Пакласці на дзве табурэткі, якія стаялі ў зале. Працаваў нітрафарбай, якая дае рэзкі пах, але хутка сохне. Бо кватэру без дзвярэй надоўга не пакінеш. Вынікам застаўся задаволены. Дзверы высахлі, павесіў іх на месца.

Але прыгожы і пяшчотны колер нядоўга вабіў вока. Прыйшло два ці тры тыдні, калі ЖЭС вырашыў рабіць у пад’ездзе рамонт. А загадзя папярэдзіць нельга? З’явіліся дзве мажныя жанчыны-рамонтніцы і ўсе ўваходныя дзверы пафарбавалі, каб былі аднолькавыя. Яны сталіся брудна-рыжымі, колеру чырвонай цагліны. Так бацькава стараннасць за паўгадзіны зніклі пад слоем новай фарбы.

Нелюбоў да побыту

У пэўны момант я паспрабавала адказаць сабе на пытанне: чаму бацька так моцна, татальна не любіў побыт? Заўважу, побыт таксама не любіў яго. Падобна, антыпатыя ў іх была моцная і ўзаемная.

Магчыма, уплывала традыцыя, якую бацька пераняў з уласнай сям’і, звычкі, якія назіраў у дзяцінстве. У Быхаве, дзе панаваў патрыярхальны лад жыцця, чыгуначнік Іосіф Кірылавіч (мой дзед па бацькавай лініі) прыязджаў дадому час ад часу. Раз на тыдзень, мо і радзей. Бо працаваў у Магілёве, а не ў Быхаве. Таму яго ўспрымалі амаль як госця. Героя, вакол якога ўсе круціліся. Акрамя таго, пра гаспадарку рупіліся дзве жанчыны — Марфа Іванаўна і яе маці, Аксіння Раманаўна. Удзвюх лягчэй займацца агародам і даглядаць дзяцей. Але ж Марфе Іванаўне не трэба было штодня выпраўляцца на працу ў школу, як маёй маці.

На адсутнасць інтарэсу да побыту ўплывала прафесія бацькі і схільнасць да абстрактнага мыслення. Паўсядзённы спрыт, назіральнасць, здольнасць памятаць цэны, ведаць, дзе і што лепей купіць, — тыя якасці, якія аб’ядноўвае слова «практычнасць», не заўжды спалучаюцца з веданнем гісторыі і тэорыі літаратуры. Ты ці там, ці там. Або паглыбіўся ў паўсядзённасць, або ўзвысіўся над ёю.

Тамара Фёдараўна часам імкнулася штосьці перайначыць, каб цяжар побыту не валіўся на яе, але ў рэшце рэшт змірылася. Сёе-тое бацька, пэўна, мог зрабіць, але не вельмі хацеў. А калі браўся, дык атрымлівалася марудна і не надта ўмела. Часам складвалася ўражанне, што крамы тата проста ненавідзеў. Яму рабілася фізічна млосна ад мільгацення людзей, натоўпу, які ішоў насустрач або хаатычна варушыўся вакол. Доўгі час не магла таго зразумець, бо для жанчын крамы — гэта заўжды азарт, новыя ўражанні і эмоцыі. Бацька, які любіў адзіноту, цішыню і прыроду, думаю, найбольш камфотна адчуваў сябе не ўнутры натоўпу, а ўмоўна кажучы, над ім. У прасторах духу.