Бездапаможны геній?
Аднойчы ў артыкуле расійскага крытыка Дзмітрыя Быкава, які пісаў пра драматурга Яўгена Шварца, трапіліся радкі: «Геній абсалютна бездапаможны. Нават шкада бачыць генія ў якой заўгодна іншай якасці, акрамя той адзінай, у якой ён геніяльны… Бездапаможныя ў жыцці сапраўдныя прафесіяналы ў літаратуры, і наадварот» (часопіс «Story», 2018, № 6). Мо і нясціпла лічыць свайго бацьку геніем. Мо ён і не геній, але выдатны вучоны, які меў выключныя навуковыя здольнасці.
Аднойчы ўжо ў новым стагоддзі загаварылі з татам на тэму натоўпу і лідара. Выказала думку: мне нецікава быць часткай масоўкі, утвараць фон. Калі ведаю, што не магу быць на чале, быць аўтарытэтам для пэўнай групоўкі, — мне там не надта цікава. Бацька нечакана засмяяўся і сказаў: «Мая дачушка!» Маўляў, такія ж адчуванні ўласцівыя і яму.
Падарожжы
Але пакінем тэрыторыю побыту і пагаворым пра больш цікавае.
У савецкія часы ў бок Усходняй ці Заходняй Еўропы ніхто нават не паглядаў. Трапіць туды — усё роўна, што на Марс ці на Венеру злётаць. Нерэальна! Выбіраліся за «жалезную заслону» дыпламаты, артысты на фестывалі, спартсмены на спаборніцтвы. Простым смяротным вандроўкі на Захад былі забароненыя. Таму радаваліся даступным маршрутам.
У 1972-м ці 1973-м бацькі разам выправіліся ў аўтобуснае падарожжа, якое ладзілі раённы ці гарадскі аддзел адукацыі, па літаратурных мясцінах рускіх класікаў. Ехалі спачатку да Масквы. Там экскурсіі, каб пабачыць Дом-музей Талстога, Горкага. Далей на аўтобусе — да Тулы і Яснай Паляны, а потым яшчэ да чэхаўскага Меліхава. Памятаю, бацькі вярнуліся адтуль перапоўненыя ўражаннямі.
Пасля заканчэння дзявятага класа маці арганізавала мне падарожжа, якое таксама пакінула шмат дзівосных згадак. Выправіліся па маршруце Пскоў — Пушкінскія горы — Ноўгарад — Ленінград. Асабліва ўразілі мясціны, звязаныя з жыццём Аляксандра Сяргеевіча, — Міхайлаўскае, Трыгорскае і Святагорскі манастыр, дзе паэт пахаваны. У маёнтках здзівіла прастата і дэмакратычнасць абстаноўкі. І нейкая неверагодная, дзівосная паэзія, здавалася, ёю прасякнутае нават паветра.
Сярэдзіна 70-х запомнілася дзвюма незвычайнымі вандроўкамі ў Літву, сумеснымі з бацькамі. Падарожжы ў Быхаў пачыналі сябе вычэрпваць. І таму, што мы ўсё ведалі ў райцэнтры і ягоным наваколлі. І таму, што маці хацелася хоць на два тыдні адпачыць ад хатніх клопатаў і кухні. Пуцёўкі хутчэй за ўсё браў бацька. У розныя гады трапілі ў Літве на дзве турбазы. Адна знаходзілася ў Бірштанасе, дзе пазней узнік знакаміты джазавы фэст. Другая ў Ігналіне, дзе праз дзесяць гадоў, у 1983 пабудуюць атамную АЭС.
«Застой» ці адкрыцці?
У 70-я і 80-я гады мінулага стагоддзя кнігі займалі велізарнае месца ў свядомасці інтэлігенцыі і прагрэсіўнай часткі грамадства. Бо літаратура аказвалася цікавей, чым навакольнае жыццё. Тэатр і кіно здаваліся больш яркімі і захапляльнымі, чым рэчаіснасць. Яны з рэчаіснасцю нейкім чынам мірылі.
І адначасова бясконца пашыралі мастацкія далягляды.
Мінулі 70-я, і калі ў другой палове 80-х ці не ў кожным публіцыстычным артыкуле пачало мільгаць слова «застой», у пэўны момант задумалася: а ці адчула яго асабіста? Асабіста для мяне ён быў? Не спрачаюся, у эканоміцы быў. Але чаму яго не заўважыла? Чаму той час не падаваўся суцэльна дэпрэсіўным? Відаць, таму, што ўвесь час ішоў працэс адкрыцця свету літаратуры, тэатра, музыкі. А лепшыя творы — раманы і аповесці, кінастужкі, спектаклі — захоўвалі велізарны зарад стваральнай жыццёвай і мастацкай энергіі і шчодра дзяліліся ёю.
Размовы пра літаратуру
Не так даўно даслалі мне пытанні для інтэрв’ю, прычым, звязанае з асобай бацькі. Адно вельмі цікавае. Ці ўзнікала жаданне прачытаць усе кнігі з бацькоўскай бібліятэкі? Відаць, такога жадання і мэты ніколі не было. Гэта здавалася немагчымым і нерэальным.
Заўважу: мама і тата ніколі не шкадавалі грошай на кнігі. Як і на пласцінкі, альбомы, квіткі ў тэатр. Згадаю больш канкрэтныя сітуацыі і штрыхі. Памятаю, едзем мы ў аўтобусе ў Быхаў, і бацькі абмяркоўваюць уражанні пасля прачытання аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў», якая толькі што выйшла ў адным з часопісаў. Гэта быў арыгінал ці пераклад на рускую, змешчаны ў часопісе «Новый мир».
Калі дома на паліцы бачыш кнігу «Ритм прозы», раней ці пазней задумваешся пра сутнасць назвы. Потым кнігу разгорнеш. Памятаю, бацька чытаў уголас першыя раздзелы рамана «Людзі на балоце». Не таму, што іншыя не чыталі. Але ён дзяліўся сваімі думкамі пра тое, які важны першы сказ.