У Мележа — «Хаты стаялі на востраве». А «Ціхі Дон» пачынаецца так: «Мелеховский двор — на самом краю хутора». Пачатак задае тон. У ім прысутнічае не толькі вобраз, але і рытм.
Бацькі, іх любоў да літаратуры, іх захопленасць кнігамі моцна ўплывалі на мае літаратурныя густы. Заўжды я любіла Талстога, Тургенева, Дастаеўскага, Ганчарова. Яны блізкія і зразумелыя па манеры аповеду і светаадчуванні. А вось «Мёртвыя душы» зусім не ўспрымала. Памятаю, бацька імкнуўся пераканаць у тым, які дасціпны гогалеўскі стыль, якая віртуознасць прысутнічае ў абмалёўцы характараў. Ацаніла праз пэўны час. І Гогаль зрабіўся маім любімым аўтарам на многія гады.
Салтыкова-Шчадрына прачытала, але чаму ніякага задавальнення?
І чаму ў мамы ён — любімы пісьменнік? Калі пэўны класічны твор не можаш ацаніць і не можаш увайсці ў яго прастору, на тое ёсць глыбокія прычыны.
У юнацтве ва ўспрыманні рэчаіснасці пануе рамантызм. Ты пакуль не расчараваўся ў людзях. І не хочаш верыць, што яны такія, як у «Панах Галаўлёвых» ці «Горадзе Глупаве». У сталым узросце ўсведамляеш і глыбокі рэалізм, і пазачасавы характар падобнай прозы.
Нароўні з універсітэцкімі
Сваёй грунтоўнай літаратурнай адукацыяй, вядома, я абавязана маці.
Яна не толькі выкладала ў нас літаратуру, але і вяла факультатыў. Заняткі адбываліся адзін-два разы на тыдзень, пасля ўрокаў. Але працэс абмеркавання твораў так захапляў, што ніхто не глядзеў на гадзіннік. Здавалася, што тых дыскусій заўжды мала.
Разбіраючы ўласны архіў, часам знаходзіш прывітанне з далёкіх часоў. Нядаўна трапіла ў рукі паперына, пра якую я забыла. «Спіс кніг, прачытаных за лета і навучальны 1974 год». Значыць, пасля 9 класа. Не буду згадваць вершы і артыкулы. Пералічу аб’ёмныя творы, раманы і аповесці, а таксама п’есы.
Такім чынам, руская класіка ХІХ стагоддзя: «Абломаў» Ганчарова, «Крэйцарава саната» Талстога, «Міціна каханне» Буніна.
Руская літаратура першай паловы ХХ стагоддзя: «Пётр І» і «Блуканне па пакутах» Аляксея Талстога, аповесці «Фама Гардзееў» і «Справа Артамонавых», п’есы «Мяшчане» і «На дне» Горкага, у дадатак доўгі спіс яго апавяданняў. «Разлом» Лаўранёва, «Узнятая цаліна» Шалохава, «Нашэсце» і «Рускі лес» Ляонава, «Жорсткасць» Ніліна.
Беларуская літаратура: «Людзі на балоце» Мележа, «На ростанях» Коласа, «Брама неўміручасці» Крапівы, «Трывожнае шчасце» Шамякіна.
Сучасная руская проза: апавяданні Паустоўскага і Казакова, аповесці Бялова, «Птушкі нашай маладосці» Друцэ, «Дзве зімы і тры лета» Абрамава, раманы «Бітва ў дарозе» Нікалаевай і «Гонар» Медынскага, «Не да двара» Цендракова, «Мёртвыя сораму не маюць» Бакланава.
Спіс агромністы. У ім тое, што прачытана. Класіка і лепшае з сучасных твораў. Шырокі літаратурны кругагляд дапамагаў мне потым неаднойчы.
У час вучобы на журфаку, калі студэнтамі мы прападалі ў тэатрах. Бо спектаклі высокага ўзроўню грунтуюцца на лепшай драматургіі і інсцэніроўках прозы. Дый пазней, калі даводзілася рэцэнзаваць музычныя спектаклі, дык сюжэтнай асновай іх з’яўляліся творы Пушкіна, Купалы, Талстога.
Толькі студэнткай я змагла ў поўнай меры ацаніць узровень выкладання літаратуры, уласцівы Тамары Фёдараўне і які ўспрымаўся як належны. Бо яе ўрокі былі дэталёва прадуманыя і разнастайныя — па падыходах, манеры, стылі. Узровень і глыбіню асэнсавання літаратурнага твора можна было параўнаць з тым, які меўся ў лепшых выкладчыкаў БДУ і факультэта журналістыкі. Гэта былі Ларыса Гусева, Аляксандр Станюта, Таццяна Арлова.
Літаратурныя вечарыны
Дзвюма незвычайнымі падзеямі засталіся ў памяці літаратурныя вечарыны. Пушкінскі вечар ладзіўся, калі наш клас вучыўся ў 8-м, англійскі — у 9-м. Ідэя вечарыны, дзе акрамя чытання вершаў, старшакласнікі выканаюць паланэз з 7-й карціны оперы «Яўгеній Анегін», а галоўнае, пакажуць урыўкі з твораў Пушкіна — сцэну ля фантана з «Барыса Гадунова» і фрагменты з «Паненкі-сялянкі» — выклікала шалёны інтарэс і ажыятаж. Прычым, не толькі ў тых, хто быў захоплены літаратурай, але і ў двоечнікаў, абыякавых да ўсяго. Многія нечакана ўсвядомілі: літаратура — гэта штосьці неверагоднае! Не трэба тлумачыць: галоўным арганізатарам вечарыны з’яўлялася Тамара Фёдараўна.