Падрыхтоўка ішла некалькі месяцаў. Ролі і кожны сказ у іх дэталёва разбіраліся на рэпетыцыях. У класе, потым на сцэне. Што да гістарычнай вопраткі (без яе не абыдзешся, калі дзеянне разгортваецца ў мінулыя стагоддзі), яе адшукалі так. У 20-й мінскай школе (яна і цяпер знаходзіцца на вуліцы Коласа, недалёка ад Сурганава), у той час існавала вядомая тэатральная студыя. Яна мела немалы запас касцюмаў розных эпох. Туды выправіліся будучыя выканаўцы «Гадунова» і «паненкі-сялянкі», прымяралі, выбіралі. У рэшце рэшт прывезлі патрэбную вопратку. Самыя шыкоўныя строі аказаліся для Марыны Мнішак і Самазванца. Для знатнай польскай паненкі — чорная аксамітная сукенка з карункамі, якія імітавалі залатое шыццё.
Выканаўцаў ролі Марыны было дзве, аднакласніца Таццяна Осіпава, прыгожая і задуменная паненка, і я. Яна павінна іграць у першы вечар, я — у другі. Тамара Фёдараўна як чалавек дальнабачны не хацела, каб за спінай пляткарылі: маўляў, арганізатарка аддала дачцэ самую эфектную ролю. Але здарылася непрадбачанае. Таццяна жыла ў Бараўлянах, дзе ў адной з клінік працавала медсястрой яе маці. За гадзіну да пачатку спектакля артыстка павінна з’явіцца, каб апрануцца, загрыміравацца і быць гатовай. Але час ідзе, а яе няма. Мабільныя тады яшчэ не вынайшлі. Калі патэлефанаваць, дык куды? Хто ведае, што здарылася? Давялося мне апранаць шыкоўную сукенку Мнішак, што я і зрабіла з велізарнай тайнай радасцю.
Таццяна з’явілася тады, калі вечарына пачыналася. Высветлілася: у іх доме адключылі гарачую ваду. Таму памыць галаву і зрабіць прычоску яна не паспела. Чакала: а раптам вада з’явіцца? Так міжволі лаўры першай выканаўцы дасталіся мне. Цікава, што вечар праходзіў двойчы, у драматычных урыўках былі занятыя розныя артысты. І ўсё роўна актавая зала школы не змагла змясціць усіх жадаючых.
Рэзананс, які займела пушкінская вечарына, нарадзіў яшчэ адну ідэю. Дзіна Міхайлаўна, танклявая зграбная брунетка, яна выкладала замежную мову, вырашыла правесці аналагічную англійскую імпрэзу, дзе ўсё будзе гучаць на мове Шэкспіра і Шоу. Зразумела, праграма склалася з розных жанраў: хтосьці па-англійску спяваў, хтосьці чытаў вершы.
Але каронным нумарам успрымаліся дзве сцэны з «Пігмаліёна» Бернарда Шоу. Зноў-такі, на мове арыгінала. Выканаўцай ролі Элізы аказалася я. Двое сімпатычных дзесяцікласнікаў ігралі Хігінса і Пікерынга. Для паказу настаўніца абрала сцэну, дзе Эліза, дзіўна апранутая, прыходзіць да прафесара, каб дамовіцца пра ўрокі фанетыкі. І па кантрасце — вяртанне з балю, калі гераіня выйграла пары, але цяпер адчувае сябе адзінокай і нікому непатрэбнай. Памятаю неверагодны, гамерычны смех залы, калі кветачніца ў вопратцы бамжыхі з’яўляецца на сцэне. І незвычайную цішыню, калі гледачы ўслухоўваліся ў інтанацыі і імкнуліся зразумець, якія пачуцці хаваюцца за словамі герояў. Бо яны гавораць на прыгожай, але часам не надта зразумелай англійскай. Ад тых вечароў засталося доўгае рэха і памяць як пра незвычайную падзею. Альбомы фатаграфій, якія вучні зрабілі для любімай настаўніцы. А яшчэ кінастужка, што захоўваецца ў татавым архіве.
Вайна. Ноч. Партызаны
Прадоўжу літаратурныя згадкі. Бацька любіў чытаць уголас. Часцей жонцы. Часам маме і мне. Чаму? Думаю, у яго было зусім натуральнае памкненне падзяліцца эстэтычнай асалодай, якую адчуваў, паглыбляючыся ў вершаваныя ці празаічныя старонкі. Здараецца, чытаў фрагменты з артыкулаў, якія прываблівалі арыгінальнасцю думкі. У адзіноце прагаворваў тэксты будучых дакладаў, каб адшукаць патрэбныя акцэнты, вызначыць час, які займае прамова.
Памятаю, аднойчы вечарам бацька пачаў чытаць нам з мамай празаічны ўрывак. Прычым, не з кнігі, а трымаючы ў руках аркушы паперы. Не згадаю падрабязнасці сюжэта, але памятаю адчуванне ўнутранай напружанасці, трывогі і небяспекі. Падзеі разгортваліся ў час вайны. Вёска, хата, партызаны. За акном ноч і цемра…
Цяперашні чытач і глядач ваеннай тэматыкай у нечым «перакормлены». Але ва ўсё новых творах не-не дый прысутнічае адчуванне тэматычнай кан’юнктуры, другаснасці, перапеваў таго, пра што напісана ці што знята. Але ў 70-я падзеі вайны ў літаратуры, тэатры, кіно адлюстроўвалі тыя, хто прайшоў праз яе. Сітуацыі і героі ваеннага часу ўспрымаліся грамадствам як блізкія. Падчас 9 Мая ветэраны ішлі шырокай калонай, калі спускаліся ад Цэнтральнай плошчы да плошчы Перамогі.
Калі бацька дачытаў празаічны фрагмент, я спакойна спытала:
— Татка, а гэта чыя проза?
Была ўпэўненая: ён адкрыў новага пісьменніка і хоча падзяліцца з намі тым адкрыццём. Таму калі бацька сказаў: «Мая…» — усталявалася доўгая паўза.