Усё дараваць
Мае стасункі з бацькам у розны час, вядома, былі рознымі.
Малая, я часта адчувала яго клопат і душэўную цеплыню. У мяне высокая тэмпература, і ноччу маці з бацькам па чарзе дзяжураць. Дрэмлюць, імкнуцца не заснуць. Мяняюць мокры ручнік на маім ілбе. Другая карцінка з глыбінь памяці. Мне трохі лепей, але яшчэ ляжу ў ложку пад коўдрай, і бацька чытае мне казкі Андэрсена.
У школьныя гады дамінавала захапленне татам. Ягонай абаяльнасцю, інтэлектуальным бляскам, шырынёй кругагляду. Шмат у чым гэтае захапленне перадавалася ад мамы, было працягам яе рэакцыі на бацькавы ідэі і творчыя здабыткі.
У студэнцкі час пачала ўсведамляць: далёка не ўсё, чым захапляюцца бацькі, выклікае маё захапленне і падыходзіць мне. Не ва ўсім стыль іх жыцця абавязковы для пераймання. Самастойнае існаванне пераконвала: бліскучыя і магутныя бацькавы ідэі прыдатныя для тэрыторыі літаратуры і пэўнага твора. Яны — інтэлектуальныя практыкаванні і гульня розуму. Калі пачынаеш іх увасабляць у рэальнасць, атрымліваецца швах. Часам дробны, часам татальны. Прыгожыя і захапляльныя ідэі чамусьці аказваліся далёкімі ад рэальнасці.
У пэўны момант зразумела: па практычныя парады, з пытаннямі здароўя, свайго і дзяцей, кухні, побыту — трэба да мамы. Да яе — і тады, калі апаноўвае кепскі настрой, прыгнечанасць, калі штосьці татальна не атрымліваецца. Псіхатэрапеўт з бацькі быў слабаваты, ён не надта ведаў, як і чым дапамагчы. Тут субяседніка трэба добра адчуваць, а яму не было калі. Дый псіхалагічнай тонкасці, уласцівай маці, яму не хапала. Таму не пра ўсё хацелася распавядаць.
Паколькі мой выдатны татка з радасцю «ссоўваў» увесь цяжкі і няўдзячны побыт на сваю самаахвярную жонку, часам я ўспрымала падобны працэс як… скажам так, ціхую і непрыкметную «эксплуатацыю». Праўда, маці так не лічыла, яна бачыла ў тым неабходную дапамогу. Таму ў пэўны момант я вырашыла: ай, разбірайцеся вы самі!
Аднойчы трапіўся артыкул, дзе быў абмаляваны псіхалагічны партрэт жанчыны пасля 40 гадоў. А ў ім цытата, якую запомніла надоўга: «У 40 гадоў жанчына ўсё даравала свайму бацьку!» «О-о, — падумала, — не ў мяне адной узнікалі аналагічныя пытанні».
У сталым узросце, калі жывеш асобна, а таму часта прыязджаць да бацькоў не выпадае, размовы ідуць пераважна па тэлефоне, калі разумееш, што ніхто не вечны пад сонцам, — стасункі паміж бацькамі і дарослымі дзецьмі заўжды цяплеюць. Не надта істотнае забываецца, яго развейвае час. Ну, калісьці хтосьці сказаў нешта не тое. Не заўважыў, не так паглядзеў, не падтрымаў. І што?.. Усе мы — не анёлы, і ўсе нашы недахопы — толькі працяг нашых вартасцяў.
Раздзел другі. Грушаўка
Даўнія згадкі
Дзяцінства помніцца асобнымі эпізодамі. Рухомымі і размытымі, як выявы на карцінах мастакоў-імпрэсіяністаў. Перабіраючы іх, здзіўлена ўсведамляю: яны дзівосна-радасныя, лёгкія, паэтычна-светлыя. Малюнкі, што захоўваюцца ў глыбіні свядомасці, нібы ў глыбокім калодзежы, — магчыма, самае дарагое і кранальнае, што мае чалавек у сваёй душы. Што застаецца ім назаўжды, на працягу дзесяцігоддзяў далейшага жыцця.
Тыя ўспаміны як бясцэнныя дыяменты. Ззяюць, пераліваюцца, зіхацяць ад промняў святла. Жывяць чарадзейнай сілай. Яны — крыніца веры ў справядлівасць і ў тое, што дабро раней ці пазней, але пераможа, а зло будзе пакарана. Апірышча ў складаныя, цяжкія моманты. Бо бязмежная радасць адкрыцця свету, безумоўнасць бацькоўскай любові да цябе, іх жаданне зберагчы і абараніць — магутныя і гаючыя.
Ты малая, а памяць, свядомасць — быццам чысты ліст, на якім рэчаіснасць назаўжды пакідае трывалыя адбіткі.
Упершыню ўбачаныя твары маці і бацькі.
Упершыню заўважаныя снег і дождж.
Паветраны шарык блакітнага колеру.
Пышныя і духмяныя півоні ў бабуліным агародзе.
Вецер гайдае кроны дрэў у садзе.
Галіны яблынь і сліў, густа абсыпаныя пладамі.