Нечаканы факт трэба неяк асэнсаваць. Я заўжды лічыла: мой бацька — літаратурны крытык, ён аналізуе чужыя творы. Але пра тое, што ён піша і сваё, што яму цікавыя іншыя жанры, нават думкі не ўзнікала! У тагачаснай і цяперашняй іерархіі празаік з яго мастацкім успрыманнем рэчаіснасці і ўменнем узнавіць свет у вобразах, заўжды стаяў і стаіць вышэй за крытыка.
— Так цікава было слухаць! А чаму ты прозай не займаешся?
— А хто сям’ю карміць будзе? — бацька адказаў з доляй пэўнай іроніі.
А можа, і нават сярдзіта.
Яго рэакцыя зразумелая: праца над апавяданнем ці аповесцю наўрад ці можа ісці паралельна з напісаннем раздзела ў гісторыю літаратуры. Гэта розныя пункты гледжання. У празаічную прастору трэба паглыбіцца і доўгі час з яе не выходзіць. Калі той сюжэт пра вайну і партызан я згадала на вечарыне, прысвечанай памяці Міхася Мушынскага ў ліпені 2018-га, дык пасля яе Іван Аляксеевіч Чарота, даўні бацькаў сябра, заўважыў: на выбар, чым займацца — крытыкай ці прозай, паўплываў не толькі клопат пра сям’ю, а і тое, што навукоўцу па складзе мыслення ўсё-такі бліжэй аналітыка. Тым не менш, разбіраючы бацькаў архіў, маці знайшла некалькі вершаў, прысвечаных ёй. А я захоўваю сярод уласных запісных кніжак верш, які бацька напісаў, калі мне споўніўся год. Верш кранальны і шчыры.