Прыхаваныя драмы
Калі робішся дарослым, цікава распытаць блізкіх: што адбывалася ў сям’і да твайго нараджэння? Тыя таямніцы адкрываюцца не адразу, але паступова ўзнікае ланцужок падзей, трывала звязаных паміж сабой.
Міхаілу Іосіфавічу споўнілася толькі 25 гадоў, калі памёр яго бацька, а мой дзед чыгуначнік Іосіф Кірылавіч. Як сведчаць фотаздымкі, гэта быў прыгожы і статны мужчына. Дзеда па бацькоўскай лініі я не заспела ў жывых. Думаю цяпер пра тагачасны настрой бацькі. Адна справа быць сталым, мець уласную сям’ю, ды адначасова ведаць: твае бацькі жывыя і здаровыя. Гэта нараджае адчуванне надзейнага тылу і абароненасці перад жыццёвымі нягодамі. Сведчыць пра трываласць роду і сямейных сувязяў. Калі бацька памёр, гэта вядзе за сабой іншае ўспрыманне свету. Ты адчуваеш уласную сіратлівасць і ведаеш: цяпер трэба разлічваць толькі на сябе.
Іосіфа Кірылавіча пахавалі зімой, на пачатку 1956-га. Мае бацькі пажаніліся ў той жа год, але пры канцы лета. У Быхаве, 29 жніўня, якраз на мамін дзень нараджэння. Пазней, згадваючы далейшыя падзеі, маці неаднойчы пыталася ў сябе і сумнявалася: мо, трэба было пачакаць, мо нельга так хутка? Бо чарада непрыемнасцяў на тым не скончылася.
Зруйнаваная мара
Пасля заканчэння БДУ бацька марыў паступіць у аспірантуру. Бо яшчэ ў студэнцкія часы хацеў займацца толькі навукай. Нават паспеў польскую мову хутка, практычна ад нуля вывучыць. І менавіта яе здаваў у якасці ўступнага іспыту ў аспірантуру. Але далей здарылася сітуацыя, якую ніхто прадказаць не мог. Месца ў аспірантуры мелася адно. І яго нечакана аддалі Паўлу Ткачову, на той час зяцю прафесара Гутарава, які выкладаў на філфаку. Зразумела, ад яго залежала, каго прымаць у аспірантуру.
Такім чынам мара зруйнаваная. Навука для бацькі «закрылася». Чалавек іншага складу ўспрыняў бы сітуацыю прасцей. Махнуў рукой, вырашыў паступаць наступным раз, праз год. Маўляў, што паробіш, калі так атрымалася? Але тата быў, з аднаго боку, рамантык і летуценнік, якому не хапала здаровага цынізму і які не заўсёды бачыў рэальнасць такой, якая яна насамрэч. З другога, чалавек з тонкай скурай, самалюбівы, арыентаваны на будучы поспех. Поўны ідэй і задум. Інтэлектуал, у жыцці якога кнігі і літаратура з’яўляліся цэнтрам, вакол якога круцілася ўсё астатняе.
Думаю, на яго моцна ціснула ўсведамленне: на кар’еры навукоўцы пастаўлены тлусты крыж. Уплывала напружаная праца папярэдніх гадоў. Верагодна, нагадвалі пра сябе жахі ваеннага часу, калі ў вёсцы Мокрае, дзе жыла сям’я, згарэла хата. Калі штодня чацвёра дзяцей адчувалі голад. Калі штодня ў душы панаваў страх — быць забітым, трапіць у нямецкі лагер і знікнуць там. Далося ў знакі і тое, што ў Быхаве на працягу лета самастойна адолеў праграму за 8 клас і здаў экстэрнам. Бо на працягу трох гадоў, пражытых пад акупацыяй, школы не працавалі. Бацька імкнуўся такім чынам страчаныя гады нагнаць і навярстаць.
Змрочны прагноз
У выніку Міхась Іосіфавіч сур’ёзна захварэў. І гэта была не прастуда, а штосьці больш грознае і незразумелае. Якая аспірантура, праца ў бібліятэках, калі працаздольнасці няма? Ні чытаць, ні пісаць бацька не мог. Магчыма, такім чынам выяўляліся нервовае знясіленне і дэпрэсія. У падобных сітуацыях адно ўзмацняе другое. Стварае зачараванае кола. Страх узмацняе хваробу, яна ўзмацняе страх.
Дыягназ і прысуд дактароў аказаліся страшнымі: «рассеянный склероз». Сёння, калі ў інтэрнэце набраць гэтае словазлучэнне, па скуры пойдзе мароз. А ў той час, калі медыцынскіх даведнікаў няма пад рукамі? Прагнозы абмалёўваліся жудасныя: паступовае фізічнае згасанне. Вылечыць немагчыма.
У такой трывожнай сітуацыі бабуля Марыя Іванаўна дадала, як кажуць, паленца ў вогнішча. Вядома, з лепшымі намерамі. Незвычайная жанчына, яна была на дзіва працавітай і мела трывалы характар. Але суровая рэальнасць, у якой трэба ацалець, не заўжды спрыяе душэўнай тонкасці. Калі зрабілася зразумелым, што зяць моцна захварэў, а перспектывы выздараўлення туманныя, яна спытала ў дачкі (маёй маці): «А нашто было за хворага замуж выходзіць?»
Зразумела, бабуля турбавалася за дачку і здароўе будучых унукаў. Калі ў сям’і хтосьці хранічна хварэе, такія абставіны ўплываюць на ўсіх. Адбіваюцца на агульнай атмасферы і ладзе жыцця. Але той сказ маці доўга забыць не магла. Прадчуванне яшчэ большай бяды робіць кожнага ўражлівым і безабаронным. Можна ўявіць, што перажывалі бацькі.